17 маладых спецыялістаў папоўнілі рады калектыву Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы

17 маладых спецыялістаў папоўнілі рады калектыву Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Два ўрача акушэра-гінеколага, стаматолаг-тэрапеўт, два ўрача-інтэрна па агульнай урачэбнай практыцы, тры медыцынскія сястры і адзін медбрат, чатыры памочнікі ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе, тры фельчара аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі, тэхнік-масажыст аддзялення рэабілітацыі будуць захоўваць і прымнажаць здароўе карэліччан.

Выпускнікі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ўрачы-гінеколагі Раман Калодка і Анжаліка Лыскоўская — і ў нядаўнім мінулым аднакурснікі, і сёння працуюць у суседніх кабінетах.

— Я родам з Ліды, інтэрнатуру праходзіла па месцы жыхарства, — гаворыць Анжаліка. —  На першым працоўным месцы нас сустрэлі вельмі цёпла. У Карэлічах доўгі час не было пастаяннага доктара, таму адчуваю важнасць сваёй працы тут. Сёння мы з Раманам — адзіныя гінеколагі на ўсю бальніцу, таму адчуваем вялікую адказнасць і перад пацыентамі, і перад адміністрацыяй бальніцы. Аднак не панікуем, калі трэба, раімся адзін з адным, у складанай сітуацыі тэлефануем за парадай дасведчаным спецыялістам. У Карэліцкай бальніцы дастойная база для працы, спадзяюся стаць тут добрым дыягностам. Цяпер я жыву на здымнай кватэры, частку аплаты за якую кампенсуе бальніца: штомесяц буду атрымліваць выплату ў памеры трох базавых велічынь.

— Я кожны дзень езджу на працу з роднага Навагрудка, — расказвае Раман. — Прапаноўвалі месца ў інтэрнаце ў Карэлічах, але мне так камфортней. Інтэрнатуру я праходзіў у Гродне, а па размеркаванні прыехаў у Карэлічы. Чаму абраў акушэрства і гінекалогію? Жанчыны — катэгорыя, з якой прыемна мець зносіны, заўсёды атрымліваеш станоўчыя эмоцыі, асабліва ў той момант, калі на свет з’яўляецца дзіця. На прымхі аб мужчынах-гінеколагах я ніколі не звяртаў увагі — прызнаю толькі разумны сэнс.

— Калі б прыйшлося прымаць экстраныя роды, справіліся б? — цікаўлюся ў рабят.

— Вядома, вопыт у нас ёсць. Акрамя таго, у гінекалагічным аддзяленні працуе вопытны персанал, з якім можна і ў агонь, і ў ваду, — упэўнены маладыя ўрачы.

Фельчары хуткай дапамогі Наталля Харошка і Святлана Місюк — выпускніцы Слонімскага медыцынскага каледжа. Наталля — ураджэнка Карэліччыны, з вёскі Скрышава. Дзяўчына была  ў Карэліцкай ЦРБ на практыцы і вельмі хацела трапіць на працу менавіта сюды:

— Да работы я прыступіла 1 жніўня. За гэты час у мяне было каля 20 выездаў. Пакуль што я набіраюся вопыту, таму са мной ездзіць першы фельчар, які кіруе працэсам, а я выконваю ўказанні. Аднак разам мы вырашаем, які дыягназ паставіць. Мы працуем на новых аўтамабілях хуткай дапамогі, якія вельмі камфортныя як для нас, так і для пацыентаў.

Святлана Місюк нарадзілася і вырасла ў Шчучыне:

— Мне прапаноўвалі застацца працаваць па месцы жыхарства, аднак я папрасілася ў Карэлічы. Яшчэ на практыцы адчула сябе членам вялікай і дружнай сям’і. Маральная атмасфера вельмі важная. Акрамя таго, у Карэлічах нас не абмяжоўвалі толькі тэорыяй, а дазвалялі практыкавацца, ставіліся з даверам.

Словы маладых спецыялістаў пацвярджае і галоўная медсястра бальніцы Наталля Сакалова:

— Дзяўчынкі вельмі актыўныя, працавітыя. Самі папрасіліся дзяжурыць на 9 Мая, хаця была не іх змена. Удзельнічалі ў пасадцы саджанцаў. Прыемна, што ў калектыў прыходзіць неабыякавая моладзь.

Працэдурная медсястра тэрапеўтычнага аддзялення бальніцы Лізавета Міцко — карэнная гродзенка. Дзяўчына без боязі змяніла гарадскую прапіску на сельскую.

— Трэба спрабаваць у жыцці нешта новае, вучыцца адказнасці, — пераканана дзяўчына. — Я вучылася па мэтавым накіраванні, буду працаваць у Карэлічах мінімум тры гады. Мой працоўны дзень пачынаецца з забору крыві, затым стаўлю кропельніцы. Аддзяленне разлічана на 60 ложкаў, так што працы шмат, але мяне гэта не палохае: я люблю размаўляць з людзьмі, быць у руху. Жыллёвае пытанне для мяне вырашана: ёсць добры пакой у інтэрнаце мясцовага ліцэя. Ён абсталяваны неабходнай мэбляй, трэба толькі халадзільнік узяць напракат.

Карэліччанін Раман Дзедуль працуе медбратам у хірургічным аддзяленні. Гаворыць, што ў сям’і медработнікаў няма, у гэтым сэнсе ён першапраходзец.

— Мая малодшая сястра, наслухаўшыся маіх расказаў, таксама пайшла ў медыцынскі каледж, — з гонарам адзначае Раман. — Мае абавязкі заключаюцца ў перавязцы пацыентаў і дапамозе ўрачам падчас малых хірургічных аперацый: ад ускрыцця гнайнікоў да зняцця швоў. Зразумела, што я гляджу і вучуся, як правільна праводзіць гэтыя маніпуляцыі. Тут вельмі кампетэнтныя спецыялісты, якія з задавальненнем бяруць шэфства над моладдзю, дзеляцца вопытам.

— Ці даводзілася Вам аказваць дапамогу прама на вуліцы? — цікаўлюся ў юнака.

— Так, быў выпадак. У мяне ўвесь час з сабой нашатырны спірт на ўсялякі пажарны. Гэта ўжо прафесійная звычка.

Ураджэнка горада Бяроза Брэсцкай вобласці Юлія Туз скончыла Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі каледж па спецыяльнасці тэхнік-масажыст.

— Існуе меркаванне, што масажысты — гэта ў асноўным мужчыны. Напрыклад, у маёй групе з 15 чалавек вучылася толькі 5 дзяўчат. Сапраўды, гэта няпростая прафесія, аднак вельмі патрэбная. У сярэднім за дзень у мяне каля 10 пацыентаў. Прыемна бачыць, як пасля лячэбнага сеансу чалавек адчувае палёгку і дзякуе. Ужо падчас практыкі я атрымлівала падзякі, якія накіроўваліся кіраўніцтву каледжа. У такія моманты адчуваеш, што твая мэта — дапамагчы чалавеку — дасягнута.

Адразу тры памочнікі ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Паліна Рабцава, Ганна Макарэй і Анастасія Ахотская родам з Баранавіч.

Паліна Рабцава прыехала ў Карэлічы з дакладным усведамленнем: я прыйшла сюды працаваць, а не адпрацоўваць.

— Памочнік урача можа весці прыём пацыентаў, выязджаць на выклікі, — уводзіць у курс справы дзяўчына. — Я працую на другім урачэбным участку, дзе прыпісана 2 тысячы чалавек. З верасня пачну самастойна наведваць пацыентаў дома. Пакуль жа аналізую пашпарт участку, у базе якога знаходзяцца пацыенты з высокай рызыкай артэрыяльнай гіпертэнзіі і звязанымі з ёй захворваннямі. Калі такія людзі даўно не праходзілі медагляд, трэба тэлефанаваць ім і запрашаць на прыём. У вольны час чытаю літаратуру па розных захворваннях.

Яе калега Ганна Макарэй была ў Карэлічах на практыцы, пазнаёмілася тут са спецыфікай працы і калектывам.

— Працую акушэркай у гінекалагічным кабінеце паліклінікі, займаюся дакументамі, — кажа малады спецыяліст. — Падчас практыкі не раз прысутнічала на родах. Гэта вельмі хвалююча і адначасова цудоўна. Для таго, каб стаць добрым акушэрам, патрэбен вопыт, з ім прыйдзе і прафесіяналізм.

Анастасія Ахотская два бліжэйшыя гады будзе працаваць памочнікам урача ў паліклініцы:

— Я заўсёды марыла аб хуткай дапамозе, але так склалася, што буду працаваць у якасці памочніка ўрача. Праца ў паліклініцы больш аднатыпная, у “хуткай” больш нестандартных сітуацый. У мяне на практыцы быў выпадак, калі жанчына нарадзіла проста ў карэце хуткай дапамогі. Я не разгубілася, была гатова дзейнічаць. Тады нарадзілася здаровенькая дзяўчынка.

Афіцыйна

— Прадастаўленне жылля адыгрывае вялікую ролю ў прыцягненні маладых спецыялістаў у невялікія раёны, — упэўнены старшыня пярвічнай арганізацыі Карэліцкай ЦРБ Аляксандр Шашко. — Усім прадастаўляецца асобны пакой у добраўпарадкаваным інтэрнаце. Тым жа, хто вырашыў жыць на здымным жыллі, штомесяц выплачваецца ў якасці кампенсацыі па тры базавыя велічыні. Два маладыя спецыялісты, якія працуюць у г.п. Мір, жывуць у арэндных кватэрах. Зараз вырашаецца пытанне аб выдзяленні арэнднага жылля для маладога ўрача з Карэліч. Таксама маладым спецыялістам належыць грашовая дапамога ў памеры апошняй перад выпускам месячнай стыпендыі, аднаразовая дапамога ў памеры месячнай тарыфнай стаўкі,  стымулюючыя надбаўкі да зарплаты, якія вызначае кіраўнік.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара