Баявы шлях педагогаў Жухавіцкага сельскага Савета, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны

ФЁДАР МІХАЙЛАВІЧ БАТУРЭВІЧ

Фёдар Міхайлавіч Батурэвіч нарадзіўся 23 снежня 1916 года на Магілёўшчыне, у вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна, у сям’і патомнага земляроба. Бацька быў чалавекам строгім, часам нават жорсткім у выхаванні дзяцей. Старэйшыя браты і сёстры так і засталіся працаваць на зямлі, падпарадкаваўшыся волі бацькі. Але самы малодшы паламаў традыцыю і пайшоў вучыцца. Фёдар закончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага  інстытута. У верасні 1939 года ён прыйшоў працаваць у школу недалёка ад роднай вёскі. Але нядоўга займаўся з дзецьмі малады педагог.

У 1940 годзе прызвалі Фёдара Міхайлавіча ў рады Чырвонай Арміі, а ў хуткім часе чырвонаармеец Батурэвіч удзельнічаў у баявых дзеяннях супраць фінскай арміі. Цяжкай была горыч страты баявых таварышаў, але яна здалася пазней мізэрнай у параўнанні з тымі ахвярамі, якія Фёдар Міхайлавіч перажыў у блакадным Ленінградзе і на подступах да горада.

У саставе 162-га артылерыйскага палка 42-й арміі малодшы лейтэнант Ф. М. Батурэвіч змагаўся з фашыстамі ў раёне гарадоў Пушкіна, Колпіна, на Сіняўскіх вышынях.

Болем шчымела сэрца ў маладых байцоў, калі яны ў рэдкія хвіліны бывалі ў блакадным Ленінградзе і сваімі вачамі бачылі неймаверныя пакуты яго жыхароў, дзівіліся самаахвярнасці, сіле духу і мужнасці ленінградцаў. Іх прыклад натхняў байцоў і камандзіраў на гераізм і подзвігі.

У канцы 1943 года Фёдар Міхайлавіч быў паранены варожай мінай, лячыўся ў шпіталі горада Горкага. Пасля лячэння камісія прызнала яго нягодным да страявой службы ў арміі, і ён быў дэмабілізаваны.

У 1944 годзе Фёдар Міхайлавіч вярнуўся ў родную Беларусь, пачаў працаваць. Першая пасляваенная пасада – загадчык раённага аддзела адукацыі ў Клецку. У 1947 годзе Фёдар Міхайлавіч прыехаў у Нясвіжскі раён, вёску Лань, дзе працаваў у школе дырэктарам да 1949 года. Затым быў пераезд у тагачасны Мірскі раён, пасада дырэктара школы ў вёсцы Турэц і пасада сакратара мясцовай партыйнай арганізацыі. Адсюль накіравалі яго арганізоўваць сярэднюю школу ў вёсцы Жухавічы, дзе Фёдар Міхайлавіч працаваў дырэктарам з 1954 да 1977 года.

Фёдар Міхайлавіч меў шмат узнагарод:

1942 г. – медаль “За абарону Ленінграда”;

1943 г – медаль “За адвагу”;

1946 г. – медаль “За перамогу над Германіяй”;

1985 г. – ордэн Айчыннай вайны І ступені.

За плённую педагагічную дзейнасць:

1949 г. – Грамата Вярхоўнага Савета БССР;

1958 г. – Выдатнік народнай асветы;

1960 г. – Ганаровая грамата заслужанага настаўніка школы БССР;

1975 г. – Ганаровая грамата Міністэрства асветы СССР, ЦК прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навучальных устаноў;

1976 г. – Падзяка за актыўны ўдзел у рабоце камітэта  ветэранаў;

1977 г. – медаль “Ветэран працы”.

З 1985 года Фёдар Міхайлавіч з’яўляўся персанальным пенсіянерам рэспубліканскага значэння. Жыццёвы шлях ветэрана скончыўся 24 лютага 1995 года.

ЛЕЎ ЯЎГЕНАВІЧ ГРУШЭЎСКІ

Леў Яўгенавіч Грушэўскі нарадзіўся 5 верасня 1924 года ў вёсцы Вялікія Жухавічы. Бацька, Грушэўскі Яўген Уладзіміравіч, працаваў настаўнікам пачатковых класаў мясцовай школы. Маці, Грушэўская Вера Сямёнаўна, усё жыццё была хатняй гаспадыняй.

Леў Яўгенавіч, скончыўшы школу, стаў працаваць настаўнікам фізічнай культуры. У 1944 годзе ён разам з іншымі вяскоўцамі быў прызваны ў Чырвоную Армію. Леў Яўгенавіч ваяваў на тэрыторыі Балгарыі. У адным з баёў быў кантужаны. Вярнуўшыся дадому, з 1946 года працаваў настаўнікам Мядзвядскай пачатковай школы. Малады настаўнік вучыўся на завочным аддзяленні Баранавіцкага настаўніцкага інстытута, пасля заканчэння якога стаў студэнтам гістарычнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута. З канца 1950-х гадоў Леў Яўгенавіч працаваў настаўнікам гісторыі Жухавіцкай школы, на працягу многіх гадоў выконваў абавязкі дырэктара вячэрняй школы.

Леў Яўгенавіч з задавальненнем займаўся грамадскай работай. Яго марай было стварэнне школьнага музея. Таму ён пачаў збіраць матэрыялы, і ў хуткім часе музей быў арганізаваны.

Адной з галоўных спраў свайго жыцця ён лічыў краязнаўчую работу. Леў Яўгенавіч наладзіў і вёў актыўную перапіску са сваякамі тых салдат і афіцэраў, якія загінулі ў час баёў за вёску Жухавічы і былі пахаваны ў брацкай магіле. Маці, жонкі, дзеці, родныя і блізкія загінулых воінаў кожны год прыязджалі ў нашу вёску на магілу дарагіх людзей. На той час у вёсцы не існавала гасцініц, і Леў Яўгенавіч прымаў гэтых людзей дома, даваў ім начлег.

А яшчэ Леў Яўгенавіч вельмі любіў падарожнічаць. Ён вазіў сваіх вучняў на экскурсіі, знаходзіўся ў дарозе некалькі дзён, паказваў усё тое, што лічыў вартым увагі. Настаўнік лічыў важнай справай вывучэнне спадчыны свайго роднага краю.

У апошнія гады жыцця Леў Яўгенавіч цяжка хварэў. 14 лістапада 1988 года ён пайшоў з жыцця ў шпіталі для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў Бараўлянах.

 

Паўліна ЛЕБЯДЗЕВІЧ,

выпускніца Жухавіцкай СШ