Эльвіра САРОКА, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання: “Бязвізавы рэжым — гэта канкрэтны крок да ўмацавання добрасуседскіх адносін”

Эльвіра САРОКА, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання

З 15 красавіка бягучага года грамадзяне Літвы і Латвіі атрымалі права бязвізавага ўезду ў нашу краіну. Інфармацыя аб гэтым прыйшла ў тыя дні, калі ў мяне гасцявалі сваякі з Латвіі. “Як выдатна, — узрадаваліся яны. — Цяпер можна будзе прыязджаць у Беларусь часцей!”. А пажылая цёця дадала: «У мае гады вельмі важна паспець убачыць усіх сваіх блізкіх, дзе б яны ні жылі, і пабываць на магілах сваіх родных…”

З Латвіяй мяне звязваюць асаблівыя адносіны. Я нарадзілася ў г. Рыга, там жа прайшлі мае дзяцінства і юнацкасць, былі зроблены першыя крокі ў прафесію. У Беларусі, адкуль родам мае бацькі, жылі нашыя шматлікія сваякі. У тыя гады нас усіх аб’ядноўвала адна краіна, падзел па нацыянальным прынцыпе быў вельмі ўмоўным, а межаў паміж рэспублікамі не існавала зусім. На Навагрудчыну да родных я ездзіла вельмі часта: на святы, па выхадных і проста, каб убачыць блізкіх мне людзей. А потым засталася жыць і працаваць у Беларусі.

Ішоў час, шмат што змянілася ў свеце, у краіне і ў жыцці. Нашу вялікую і дружную сям’ю падзялілі межы. У Латвіі засталіся цёця, стрыечныя браты і сёстры, школьныя сябры, калегі, з якімі працавала. Сустрэцца ўсім разам стала няпроста: межы, візы… Так, мы знаходзім час і магчымасці, каб наведаць родных, але афармленне неабходных дакументаў займае шмат часу. З задавальненнем прыязджаюць у Беларусь і сваякі з Латвіі, штораз адзначаючы высокі ўзровень жыцця ў нашай краіне, прыгажосць, дагледжанасць і чысціню нашых гарадоў і вёсак.

Купляюць нашы тавары, прадукты, задаволены іх высокай якасцю. Але сустрэчы адбываюцца не так часта, як хацелася б. А нехта не прыязджае, таму што не можа аформіць візу: клопатна, ды і нятанна.
Такіх сем’яў, як наша, сотні і нават тысячы. Простыя людзі — беларусы, латышы, літоўцы, палякі — сябравалі заўсёды, жаніліся, стваралі інтэрнацыянальныя сем’і, нараджалі дзяцей. Па абодва бакі мяжы жывуць людзі, аб’яднаныя агульнымі каранямі і шматгадовым сяброўствам. Увядзенне бязвізавага рэжыму — гэта выдатная магчымасць сустрэцца тым, хто даўно не бачыў адзін аднаго, наведаць магілкі родных і блізкіх. І не толькі. Бязвізавы рэжым — гэта канкрэтны крок да ўмацавання добрасуседскіх адносін, развіцця турызму, а для беларусаў — яшчэ і магчымасць сумленна і адкрыта паказаць грамадзянам замежных краін, як на самой справе жыве наша краіна. Не сакрэт, што апошнім часам замежнымі палітыкамі, сродкамі масавай інфармацыі вядзецца адкрытая інфармацыйная вайна супраць нашай краіны, сітуацыя вакол Беларусі нагнятаецца ўсімі спосабамі. У плыні інфармацыйнай хлусні складана разабрацца чалавеку, які не ведае сітуацыю знутры. Таму іншаземцы, якія прыедуць у Беларусь, змогуць на свае вочы пераканацца, якая насамрэч наша краіна — чыстая, спакойная і бяспечная для жыцця. Наш народ — адкрыты і гасцінны. І чым больш замежнікаў пабываюць у Беларусі, тым больш праўды яны даведаюцца і змогуць выказаць незалежны пункт гледжання ў сябе ў краіне. А гэта ў сваю чаргу абавязкова дапаможа палепшыць адносіны паміж нашымі краінамі.