На свяце вёскі Горныя Руткавічы спявалі і танчылі

На Карэліччыне даўно існуе добрая традыцыя – адзначаць летам святы вёсак. На мінулых выхадных жыхары вёскі Горныя Руткавічы Малюшыцкага сельсавета і шматлікія госці, многія з якіх раней тут пражывалі, спявалі песні і танцавалі, спаборнічалі ў конкурсах на лепшы дом, двор і кветнік. Шмат удзельнікаў сабраў конкурс гасціннасці, дзе вяскоўцы прадэманстравалі свае кулінарныя таленты.

— У 2019 годзе мы ладзілі свята ў Новых Руткавічах, і вяскоўцы з Горных Руткавіч таксама захацелі, маўляў, чым мы горшыя, — расказвае старшыня Малюшыцкага сельвыканкама Віктар Дзірвук. — Але потым планы зблытала пандэмія каранавіруса. І вось нарэшце ўсё ўдалося.

У святочны дзень па вёсцы з музыкай хадзіла баяністка Вікторыя Лустач, да яе далучыўся з барабанам мясцовы жыхар Уладзімір Федарака. Ганаровыя госці свята: старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў, старшыня ДП “Малюшычы” Міхаіл Валчэцкі і благачынны цэркваў Карэліцкай акругі Мікалай Орса віталіся з вяскоўцамі і ацэньвалі канкурсантаў. Насамрэч, выбраць пераможцаў было вельмі цяжка, бо вяскоўцы заўсёды славіліся сваёй працавітасцю і гасціннасцю.

Домам ўзорнага парадку прызнана сядзіба Веры Уладзіміраўны Лазар. Яе дом не толькі прыгожы звонку і ўнутры, але экалагічны і бяспечны. Жанчына адна з першых у раёне перайшла на электрычнае ацяпленне, трымае электраправодку і аўтаномны пажарны апавяшчальнік у парадку.

Прыз за самы прыгожы двор дастаўся Ганне Аляксееўне Кавалько, якая паклапацілася пра дыхтоўную жалезабетонную агароджу, лаўкі і газон. На яе падворку цвіце шмат розных кветак, растуць туі.

Уладальнікамі лепшага кветніка прызнаны сужэнцы Алена Канстанцінаўна і Сямён Іванавіч Кузьмічы, двор якіх не толькі поўны кветак, але і радуе малымі архітэктурнымі формамі ручной работы: тут совы, буслы і нават пітон з аўтамабільных пакрышак.

Па традыцыі падарункі атрымала самая старэйшая жыхарка вёскі  — 88-гадовая Ганна Антонаўна Кузьміч, самы малады жыхар Андрэй Крывапуст, самая старэйшая сямейная пара – Міхаіл Міхайлавіч і Вольга Мікалаеўна Яўсей, якія адзначылі залатое вяселле, а таксама сужэнцы Сямён Іванавіч і Алена Канстанцінаўна Кузьміч, якія разам крочаць па жыцці 34 гады.

Шмат добрых слоў было сказана ў адрас старасты вёскі Наталлі Міхайлаўны Крывапуст, якая 25 гадоў займае гэтую грамадскую пасаду. Яна стала ініцыятарам устаноўкі паклоннага крыжа ў вёсцы, які цяпер трымае ва ўзорным парадку.

На свяце ўшанавалі семярых ветэранаў працы, якія пайшлі на заслужаны адпачынак з мясцовага калгаса, а таксама пецярых чалавек, якія раней працавалі ў арганізацыях г.п. Карэлічы: сельгастэхніцы, дзяржстраху, быткамбінаце, сельсавеце, прыватнай гандлёвай кропцы.

Самае ж галоўнае, што на святочнай пляцоўцы людзі адчулі еднасць, блізкасць душ, пасядзелі па-суседску і ў чарговы раз спазналі чароўнасць роднага краю.

Іна ЛЕЙКА

Фота Святланы КАЗАК