Іван Мухатаеў пераехаў жыць у Жухавічы з шумнай сталіцы: «Дабрыня ва ўсе часы прыносіла чалавецтву сілу»

Сціплая святыня

Альбо трохі пра тое, як важна развіваць дабрыню найперш у сабе

У кожнага рэгіёна свае асаблівасці. Едзеш на Віцебшчыну — патанаеш у жывапісных узгорыста-азёрных ландшафтах, адпраўляешся на Брэстчыну — рыхтуешся да сустрэчы з дзіўнай прыродай Палесся. Гродзеншчына, край палацаў і замкаў, вабіць да сябе подыхам сівой мінуўшчыны. Працягваць можна бяс­конца, бо ўсюды — свой дзіўны спектр адметнасцей. Яднаюць іх усе людзі, сціплыя і працалюбівыя, ціхія і міласэрныя. Рысы характару, што складваліся вякамі, — вялікі скарб нашага народа.

Кореличский район. д. Большие Жуховичи. Местный прихожанин Иван Мухатаев помогает заготавливать дрова на нужды старинной деревянной Петропавловской церкви. Достопримечательности, религиозная архитектура, православные храмы. Фото Алексея Столярова

Задумалася пра гэта, калі днямі, праязджаючы па журналісцкіх справах па звілістых вуліцах аграгарадка Вялікія Жухавічы Карэліцкага раёна, спынілася ля мясцовага храма. Царква святых апосталаў Пятра і Паўла драўляная, сціплая. Пабудавалі яе, па адной з версій, у канцы XVII стагоддзя, прычым без адзінага цвіка, жыхары адразу чатырох вакольных вёсак. Менавіта тут некалі было напісана Жухавіцкае Евангелле (па некаторых крыніцах, іх было два). Пастаіш ля драўляных сцен храма, адчуеш дыханне гісторыі — і у думках перанясешся аж на чатыры стагоддзі назад. Адметна тое, што храм нават у часы ліхалеццяў не закрываўся. І сёння да гэтай сціплай сельскай святыні цягнуцца вернікі з розных куточкаў краіны.

Дакранаешся да драўляных сцен храма, пафарбаванага ў жоўты і зялёны колеры, — адчуваеш утульнасць сялянскай хаты. Калі праходзіш у дворык царквы, што патанае ў зеляніне, узнікае слова-асацыяцыя: дабрыня. А праз імгненне яно пацвярджаецца рэальным чалавекам.

Іван Мухатаеў пераехаў жыць у Жухавічы з шумнай сталіцы, каб хоць пад старасць адчуць супакаенне. Разам з жонкай, ураджэнкай гэтых мясцін, дапамагаюць храму чым могуць. Іван улетку нарыхтоўвае дровы для ацяплення царквы ў зімовы час, косіць траву, глядзіць за парадкам. На пытанне, як паспявае і на сваёй сядзібе «падхадзіцца», і дабрачыннасцю займацца, адказвае так: «Дабрыня ва ўсе часы прыносіла чалавецтву сілу. Здзяйсняючы добрыя ўчынкі, самі напаўняемся радасцю, зараджаем ёю іншых людзей. Так паціху і становімся больш шчаслівымі».

https://www.sb.by/