Карэліцкі раён наведалі паломнікі — удзельнікі Усебеларускага хроснага ходу з нагоды 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях

Нядаўна нашу цырынскую зямлю наведалі паломнікі, якія сталі ўдзельнікамі Усебеларускага хроснага ходу з нагоды знакавай падзеі  — 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях.

Паломнікі пачалі свой шлях 19 жніўня са Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Хросны ход завершыцца 26 жніўня ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, дзе вернікі прыкладуцца да Мінскай іконы Божай Маці. За 8 дзён паломнікі пройдуць 250 кіламетраў, іх маршрут будзе пралягаць праз 4 епархіі і 18 храмаў.

У нашым аграгарадку паломнікаў вельмі цёпла і радушна сустракалі. Настаяцель царквы святога Архангела Міхаіла Алег Сушко, матушка Людміла, прыхаджане святыні арганізавалі сустрэчу. Пэўную падтрымку аказалі мясцовыя гаспадарка і школа, і прыём прайшоў на добрым узроўні. Веруючыя змаглі адпачыць з дарогі і пачаставацца прыгатаванымі стравамі.

Асабіста я адчула радасць ад гэтай падзеі. Сустрэча прымусіла іншымі вачыма паглядзець на навакольны свет і паводзіны людзей. Цырынцы атрымалі святыя абразкі, якія будуць ім абярэгам у жыцці.

Нам трэба быць дабрэйшымі ў адносінах адзін да аднаго. Рабіць толькі добрыя ўчынкі і памятаць аб тым, што дабро заўсёды перамагае зло. Дапаможа ў гэтым святло веры, менавіта яе промнямі нас і зарадзілі ўдзельнікі хроснага ходу. Будзем жыць з Богам і шмат маліцца. Хочацца, каб ніхто і ніколі не парушыў мір і спакой на нашай зямлі.

Ніна ШЭЙМАН,

жыхарка аграгарадка Цырын

Фота Людмілы ШАЙБАК