В Кореличском районе санстанция сняла с реализации 300 кг арбузов и 970 кг мяса

Лета не збіраецца здаваць сваіх пазіцый. Людзі імкнуцца выкарыстаць кожны цёплы дзянёк з карысцю. Для харчавання выбіраюць любімыя прадукты: хтосьці паласавацца кавуном, спасылаючыся на яго карысныя рэчывы, а аматары адпачыць на прыродзе — купляюць мяса для прыгатавання шашлыкоў.

Два вострыя факты, пра якія паведамілі ў Карэліцкім райЦГЭ, прымусілі задумацца: ці ўсё і заўсёды так небяспечна?

Сакавіты, але небяспечны

На рынку ў г.п. Мір індывідуальныя прадпрымальнікі прадавалі кавуны. Як высветлілася падчас праверкі супрацоўнікамі райЦГЭ, прадукцыя рэалізоўвалася з перавышэннем нітратаў у тры разы. У выніку 300 кг кавуноў былі  зняты з рэалізацыі, а іх прадаўцы атрымалі штраф у памеры 10 базавых велічынь.

Як патлумачылі ў Карэліцкім райЦГЭ, нітраты — гэта солі азотнай кіслаты. Прымяняюцца для паскоранага росту. У працэсе росту кавуны назапашваюць нітраты, утвараючы і акумулюючы іх з гэтых угнаенняў. Таму лепш не купляць маладыя кавуны, бо існуе высокая верагоднасць атручвання.

Зразумець наяўнасць нітратаў можна: мякаць яркага колеру з бэзавым адценнем, валокны не белыя, а жоўтыя, пры зрэзе ўтвараецца глянцавая паверхня.  Санітарныя правілы дапускаюць утрыманне ў кавуне нітратаў не больш за 60 мг на 1 кг (у дынях — 90 мг). Акрамя таго, высокае ўтрыманне нітратаў можа быць у ранніх паліўных кавунах, якія вязуць у асноўным з Сярэдняй Азіі ці паўднёвых абласцей Расіі, пачынаючы з канца ліпеня. У паліўных кавуноў, у адрозненні ад сухадольных, дрэнна развіты карані, яны не могуць харчавацца самастойна, таму іх трэба шмат угнаяць. Сухадольныя кавуны шукаюць ваду і пажыўныя рэчывы самі, але і выспяваюць пазней. Спецыялісты раяць купляць кавуны толькі ў сезон. Па іх словах, бяспечныя бахчавыя з’явяцца толькі ў канцы жніўня-верасні.

Смак шашлыку — неверагодны?

Другі прыклад: у адным з магазінаў г.п. Мір знялі з продажу 970 кг мяса без дакументаў, якія пацвярджаюць якасць і бяспечнасць прадукцыі.

У Карэліцкім райЦГЭ расказалі, што прадукцыя жывёльнага паходжання павінна адпавядаць устаноўленым патрабаванням бяспекі для здароўя насельніцтва, што пацвярджае ветэрынарна-санітарная экспертыза.

Без правядзення ветэрынарна-санітарнай экспертызы забаронена рэалізацыя мяса, мясных і іншых прадуктаў забою (промыслу) жывёлы; малака, малочных прадуктаў; яек і іншых прадуктаў жывёльнага паходжання; кармоў і кармавых дабавак расліннага паходжання і прадукцыі расліннага паходжання непрамысловага вырабу.

За 7 месяцаў 2022 года Карэліцкім раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі праведзена 113 абследаванняў гандлёвых аб’ектаў. У 95 выпадках выяўлены парушэнні санітарна-эпідэміялагічных патрабанняў.

Па выніках маніторынгаў у адрас суб’ектаў гаспадарання накіраваны 84 рэкамендацыі па ўхіленні выяўленых парушэнняў (недахопаў).

Вынесены 25 прадпісанняў аб зняцці з абароту пратэрмінаванай прадукцыі агульнай вагой 93,716 кг і 24,02 л.

Прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці 4 юрыдычныя і 15 фізічных асоб.

Галіна СМАЛЯНКА