Лялькі з сакрэтам, пасагавая хатка, страказа-велікан. Чым здзівіў горад майстроў на «Мір-фэсце»? (+відэа)

Горад майстроў «Жывуць рамёствы продкаў» размясціўся ўздоўж вуліцы Чырвонаармейскай і здзівіў сваё арыгінальнасцю і багаццем вырабаў.

Таццяна Верамчук, начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю і рэкламе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, адзначае:

— Такія святы патрэбныя. Асабліва важна для невялікіх рэгіянальных музеяў, каб заявіць пра сябе, пра сваю дзейнасць. Гэта магчымасць для турыстаў, якія прыязджаюць у Беларусь з-за мяжы, пазнаёміцца з нашай культурай, адчуць смак беларускай гісторыі, яе непаўторнасць і самабытнасць і стаць непасрэднымі ўдзельнікамі гэтага свята.

“МІР-ФЭСТ” дазволіў бліжэй пазнаёміцца з калегамі, абмяняцца навінамі культурнага жыцця, думкамі і ўражаннямі. Дарэчы, свята не толькі ў суседзяў, у Міры, а таксама ў Нясвіжы. Тры дні, з 26 па 28 жніўня, праходзіць фестываль класічнай музыкі: “Нясвіж: даўніна і сучаснасць”. У наступныя выхадныя ў нас таксама будзе свята: ”Гранд-кірмаш у палацы Радзівілаў”. Гэта традыцыйнае свята — закрыццё летняга сезону, дзе гасцей таксама будзе чакаць шмат уражанняў. Запрашаем карэліччан да нас у госці. Дзякуй за запрашэнне на “МІР-ФЭСТ”. Спадзяюся, што ўсе госці, як і мы, паедзем адсюль у добрым настроі, з пачастункамі і сувенірамі, якія набудуць сёння на свяце.

Аляксандр Заблоцкі, майстар-рамеснік аддзела рамесніцкай дзейнасці “Карэліцкі Дом рамёстваў” Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, гаворыць:

— У правядзенні абласных і раённых фестывалях прымаю пастаянны ўдзел. У Міры прысутнічаў амаль на ўсіх масавых мерапрыемствах. Сёння на “МІР-ФЭСТ” прывёз дэкаратыўныя вырабы з дрэва сувенірнага характару. Лыжка ўраджаю ў форме коласа — адна з арыгінальных і апошніх прац, на выраб якой пайшло тры дні. Тасама сувенір “Дамавік”, ён абярэг у хаце. Дапаўняюць выставу-продаж дэкаратыўнае пано “Шчупак на паляванні”, сувеніры-лыжкі.

Сувеніры вырабляю даўно, гэта стала маім захапленнем у жыцці. Я атрымліваю задавальненне ад сваёй працы. На кірмашах і святах маю зносіны з людзьмі свайго накірунку,  магу пазнаёміцца з іх творчасцю. На фэсце яго ўдзельнікі праяўляюць цікавасць да маіх вырабаў. Відавочна, людзей цікавяць старадаўнія народныя промыслы. Гэта радуе, што ў іх сэрцах жыве адданасць і павага да Бацькаўшчыны. Хочацца, каб да гэтага праяўлялі цікавасць маладыя, каб народныя промыслы развіваліся.

Сяргей Упіравец, рамеснік, жыхар вёскі Лядкі Ярэміцкага сельсавета, дзеліцца:

— Я — майстар-самавучка. Сваёй справе, мастацкай разьбе па дрэве, навучаўся самастойна па спецыяльнай літаратуры. Пачынаў са шкатулак, пано, сувенірных вырабаў. Спецыяльна купіў такарны станок, каб выразаць па дрэве, і так захапіўся, што ўжо пяць гадоў займаюся любімай справай. Прымаю ўдзел у правядзенні фестываляў і выстаў. Мая сувенірная прадукцыя карыстаецца попытам. У асартыменце — салатніцы, місачкі, вазачкі і іншая прадукцыя з дрэва. Рэчы каштуюць нядорага — ад 5 да 20 рублёў. Захапленне прыносіць вялікае задавальненне, бо колькі сябе памятаю, мяне цягнула да гэтага. Вось і вырашыў на пенсіі займацца любімым рамяством. Я зарэгістраваўся рамеснікам, плачу падаткі і займаюся карыснай справай. Да таго ж, яшчэ аддаю перавагу і садоўніцтву. Я — член Саюза мастакоў-майстроў установы папулярызацыі народнай творчасці “Цэнтр БелКультуры”. Мне давялося пабываць на фестывалях рознага накірунку ў Карэлічах, Міры, Навагрудку, Свіслачы, Смаргоні, Гродне, Аўгустоўскім канале. Найчасцей  у абласным цэнтры, дзе праводзяцца розныя святы.

Намеснік дырэктара Мірскага прафесійна-тэхнічнага каледжа Канстанцін Петрыман прадставіў на выставе Мірскую батлейку, керамічныя, драўляныя і саламяныя вырабы майстроў каледжа і іх  вучняў. Асаблівую ўвагу прыцягнула пасагавая хатка.

— Такія хаткі прыпадносілі ў якасці падарунка маладым на вяселле. Гэтая з’ява характэрная для вёсак, што месцяцца паміж Іўем і Бярозаўкай. Яны маюць ад двух да трох паверхаў, на кожны з якіх ставіліся гаршчочкі з зернем. Маладым жадалі багацця і каб у хаце не пераводзіўся хлеб.

Найбольш яскравай асобай свята, якая сабрала каля сябе мноства прыхільнікаў, стаў шарманшчык Сяргей Касіловіч:

— На свята прыехаў з Мінску, выступіў на кірмашы перад гледачамі. Па тварах людзей убачыў, што ім спадабалася. Увогуле я шмат гадоў працую экскурсаводам, а ў вольны час люблю радаваць і здзіўляць людзей.

Арыгінальныя вырабы размясціліся на пляцоўцы Мірскай дзіцячай школы мастацтваў . Кіраўнік аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Аляксандра Шапяленка расказала, што ўсе прадстаўленыя вырабы – гэта работы вучняў школы:

— Вось анёлачак, званочкі, вяночкі, сімвалы нашай музычнай школы — балалайка, гармонік і скрыпічны ключ.

Госці з Іўя прывезлі на свята шмат аўтарскіх лялек.

Марыя Пякша, кіраўнік гуртка “Беларуская лялька”, прыехала з аграгарадка Ліпнішкі:

— У мяне ёсць як аўтарскія, так і абярэгавыя, традыцыйныя, беларускія народныя лялькі, — расказвае майстрыха. – Найбольш захапляюся аўтарскай лялькай, сама іх прыдумваю, надаю ім пэўныя функцыі. Многія мае лялькі з сакрэтам, у якія можна штосьці схаваць ад мужа, жонкі ці начальства. Першая мая работа — гэта Баба Яга. Яна сімвалізуе жанчыну-маці, жанчыну-кіраўніцу, на якой усё трымаецца. Ёсць Алесь і Алеська, якія заўсёды разам. Упрыгажэнне калекцыі – лялька з ільну.

Загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Іўеўскага РЦКіНТ Ірына Смірнова гаворыць:

— Сёння мы прывезлі шмат чароўных вырабаў з саломкі. Вось гэты вялізны капялюш спляла наша майстрыха Вера Чурэйна. Я сама таксама займаюся саломкай. Мой дзядуля Фэлька, пасвячы кароў, плёў капелюшы з саломкі. Напэўна, ад яго мне гэта і перадалося.

Ігар Дубіцкі з Баранавіч шмат гадоў займаецца коўкай па метале:

— Сёння назіраю цікавасць гасцей да маіх вырабаў. Асабліва папулярныя ліхтары, якія могуць стаць сапраўдным упрыгажэннем дома або дачы. Унутр ставіцца свечка і ствараецца вельмі ўтульная атмасфера. Па-свойму цікавыя гіганцкая страказа, камары, рыбы і скарпіёны.

                      Фотагалерэя з Горада майстроў

 

Іна ЛЕЙКА, Галіна СМАЛЯНКА

Фота Ларысы ШУГЛІ

Відэа Іны ЛЕЙКІ