На планерке у председателя: Кореличская ЦРБ перешла на масочный режим, вакцинация от COVID-19 продолжается, напряженный график полевых работ

Да 15 верасня сельгасарганізацыям раёна трэба вызваліць палі ад саломы для сяўбы лёну і ўнесці гліфасаты. Такую задачу паставіў старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў перад упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання.

Па словах намесніка старшыні райвыканкама Ігара Лазарэвіча, прэсаванне льнотрасты не праводзілася на працягу трох дзён. Пачатак трэцяй дэкады жніўня выдаўся гарачым і сухім, не было рос, вільгаць і бактэрыі не растварылі лубяную абалонку на валокнах культуры. Працэс вылежкі праходзіць з затрымкай. Аднак з 23 жніўня работу пачнуць 9 самаходных прэсаў і 6 абгортвальнікаў.

— Верасень можа стаць больш спрыяльным для вылежкі лёну, які сёлета добры, — падкрэсліў Ігар Лазарэвіч. — На 75% плошчаў стужкі ўжо перавернутыя. Сабрана 455 т ільнонасення пры ўраджайнасці 4,7 ц/га. Усяго будзе сабрана каля 550 т насення пры патрэбнасці 350 т, астатняе будзе накіравана на прамысловую перапрацоўку. ААТ «Карэлічы-Лён» экспартуе сваю прадукцыю ў Расійскую Федэрацыю (кароткае льновалакно) і Германію (буйнагабарытныя кастрабрыкеты). Дзяржаўны заказ на доўгае валакно прадпрыемствам выкананы.

Старшыня райвыканкама пацікавіўся ступенню гатоўнасці буракаўборачнай тэхнікі: у другой дэкадзе верасня пачнецца ўборка салодкага кораня. На днях стартуе ўборка кукурузы. З-за анамальнай спякоты і адсутнасці дажджоў культура пачынае сохнуць.

Значная ўвага на аператыўнай нарадзе была нададзена вакцынацыі ад COVID-19. Адзначалася, што Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца ўжо перайшла на масачны рэжым, аднак колькасць захварэлых у параўнанні з мінулым тыднем не павялічылася і застаецца ранейшай. Жыхары раёна актыўна прывіваюцца ад небяспечнага віруса. На сёння маецца 951 доза вакцыны «Спадарожнік V». Жадаючыя атрымаць прышчэпку могуць звярнуцца ў паліклініку.

Арганізацыі і прадпрыемствы раёна рыхтуюцца да ацяпляльнага сезону. Да пачатку халадоў гатовы 70% спажыўцоў і 48% цеплакрыніц.

Іна ЛЕЙКА