На планерке у председателя: железная дисциплина, выполнение технологий, живые деньги для сельхозпредприятий

Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў патрабуе ўзмацніць тэхналагічную і кадравую дысцыпліну падчас уборачнай кампаніі ў раёне. Адпаведныя даручэнні кіраўнік раёна даў падчас працоўнай нарады.

— Без тэхналагічнай дысцыпліны няма чаго выязджаць у поле. Калі няма тэхналогій, навошта араць і сеяць са стратамі? Нельга закопваць грошы ў зямлю! Але самае галоўнае — гэта працоўная дысцыпліна, жалезная дысцыпліна, — падкрэсліў кіраўнік раёна і прывёў прыклад: — З раніцы ў полі — нецвярозыя камбайнер і спецыяліст. Такія факты проста недапушчальныя! Спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і праваахоўнікі павінны кожную гадзіну кантраляваць ход жніва і іншых палявых работ. П’янства прыводзіць не толькі да тармажэння вытворчага працэсу, але і да няшчасных выпадкаў. Фіксуюцца факты крадзяжу паліва. Яшчэ раз падкрэсліваю: такога быць не павінна!

Па словах  першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандра Манько,   штодзень аграрыі ўбіраюць 5% плошчаў зерневых і зернебабовых культур. Тэмпы павялічаны амаль удвая пасля завяршэння ўборкі азімага рапсу. Калі надвор’е будзе спрыяльным, да 25 жніўня ў раёне завершыцца ўборка хлеба.

— Не забывайце і аб дапамозе насельніцтву, — нагадаў кіраўнік раёна. — Людзям таксама трэба сабраць вырашчанае.

Пацікавіўся Генадзій Шатуеў і дзяржаўным заказам на піваварны ячмень. Па словах начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ільі Самуйліка, даведзены раёну план складае 1250 тон, на дадзены момант ён перавыкананы і складае 1427 тон. Акрамя таго, здадзена дзяржаве 6200 тон пшаніцы пры плане 13250 тон.

— Дзяржзаказ — гэта жывыя грошы, выручка сельгаспрадпрыемстваў. У той час як цана на рапс знізілася, на зерне яна высокая. Таму трэба старанна кантраляваць працэс уборкі і берагчы кожнае зярнятка, — падкрэсліў старшыня райвыканкама.

У час аператыўнай нарады надалі ўвагу і рэвакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі. Сусветная арганізацыя аховы здароўя прагназуе новую хвалю COVID-19 увосень-узімку бягучага года. Беларускія медыкі чакаюць уздыму захворваемасці ў канцы жніўня-пачатку верасня. Тым, хто прайшоў вакцынацыю раней, ужо зараз трэба прайсці рэвакцынацыю. У Карэліцкай ЦРБ ёсць 100 доз вакцыны «Спадарожнік лайт» і 1500 доз вакцыны «Спадарожнік V». Кожны жадаючы можа атрымаць абарону ад небяспечнага віруса.

Іна ЛЕЙКА