Пра новаўвядзенні ў сістэме адукацыі расказвае начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч

Лічаныя дні засталіся да Дня ведаў. Школьную тэму абмяркоўваюць на  розных узроўнях — на нарадзе ў Прэзідэнта, ва ўпраўленнях адукацыі, у грамадскіх арганізацыях, працоўных калектывах і сем’ях.

— Штогод напярэдадні новага навучальнага года Кіраўнік дзяржавы сустракаецца з педагагічнай грамадскасцю, — гаворыць начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Асташэвіч. — Раней адбываліся вялікія педагагічныя нарады. 23 жніўня гэтага года Прэзідэнт правёў нараду аб развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі ў больш вузкім фармаце.

Абмяркоўвалі тры асноўныя тэмы: адукацыйны працэс, кадравую работу ва ўстановах адукацыі, сістэму адбору абітурыентаў. Па трэцім пытанні: як будзе выглядаць уступная кампанія — Прэзідэнт даў даручэнні распрацаваць і зацвердзіць Правілы прыёму ў ВНУ да канца 2022 года. Лічу правільным пасыл: «Трэба бачыць кожнага абітурыента. Нельга праводзіць эксперыменты кожную ўступную кампанію».

Што датычыць новаўвядзенняў, то сістэма адукацыі атрымала новы дзяржаўны школьны стандарт. Загадам Міністра адукацыі зацверджаны Правілы педагагічных работнікаў, па якіх вызначаюцца ўзаемаадносіны з вучнямі і калегамі. Вельмі важная фармулёўка: «Педагагічны работнік з’яўляецца ўзорам прафесіяналізму і бездакорнай рэпутацыі. Усе ўдзельнікі агульнаадукацыйнага працэсу абавязаны паважаць гонар і годнасць педагагічных работнікаў». Гэтымі Правіламі павінны кіравацца ўсе работнікі ўстаноў адукацыі.

З 1 верасня ў школах будуць уведзены новыя факультатывы. Сярод іх — «Міжпрадметныя грані матэматыкі» (8-11 класы), «У свеце тэхнікі і тэхналогій выбіраем інжынерную прафесію» (10-11 класы), «Мой псіхалагічны дабрабыт і дапамога равеснікам у крызісных сітуацыях». Праграма апошняга накіравана на тое, каб даць магчымасць падлеткам вывучыць сябе, сваю асобу, у той час зразумець іншых і навучыцца аказваць пасільную дапамогу сябрам. Паколькі з 1 верасня ўступае ў сілу Новая рэдакцыя Кодэксу Беларусі аб адукацыі, факультатыўныя заняткі могуць праводзіцца для 5-11 класаў у шосты школьны дзень.

Да новага навучальнага года з’явіліся новыя падручнікі для першага класа. Сёлета за парты ў раёне сядуць 168 першакласнікаў, што на 30 больш, чым у мінулым навучальным годзе.

Вельмі важнае значэнне ўдзяляецца харчаванню школьнікаў. Гэта галоўны залог здароўя дзяцей. Па лініі ўрада павялічаны грашовыя нормы на харчаванне на 10-15 працэнтаў. За бюджэтныя сродкі праведзены бягучы рамонт усіх харчовых блокаў школ раёна. Найбольш значны зроблены ў ДУА «Красненскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа». Шчырую ўдзячнасць за дапамогу хочацца выказаць старшыні СВК «Маяк-Заполле» Віктару Віктаравічу Маковіку.

Набыта шмат адзінак новага тэхналагічнага абсталявання: 2 шафы для запякання, 4 халадзільнікі, 1 маразільнік, 1 харчовы кацёл, 2 агароднінарэзкі.

Акрамя таго, у Карэліцкім раёне дапамогу з раённага бюджэту атрымала 471 дзіця з 222 шматдзетных сем’яў. Выплата на кожнага школьніка складае 98 рублёў 55 капеек.

Установы адукацыі раёна арганізавана пачнуць новы навучальны год. Урачыстыя лінейкі адбудуцца 1 верасня ў 9 гадзін. Запрашаем прыняць удзел у іх правядзенні грамадскасць і бацькоў. У кожным класе пройдзе першы ўрок на тэму: «У гістарычнай памяці —  сіла адзінства беларускага народа».

3 верасня адбудзецца велапрабег «Дарогамі гістарычнай памяці», у якім прымуць удзел усе школы раёна.

СКАЗАНА

Прэзідэнт Беларусі

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўным прынцыпам яго палітыкі ў адукацыі застаецца справядлівае стаўленне да кожнага чалавека і забеспячэнне аднолькавых магчымасцей для навучання.

«Праўда,  я так падумаў над гэтым тэзісам і зрабіў выснову, што як ніколі раней такія магчымасці ёсць. Асабліва, што датычыцца мэтавага накіравання юнакоў і дзяўчат для навучання ў ВНУ. Мэтавае накіраванне — гэта вялікая льгота. Тыя, хто нядрэнна займаліся ў школе, маюць магчымасць паступіць у ВНУ», — сказаў Прэзідэнт.

«Таму настаўнікі, выпускнікі і іх бацькі павінны добра ведаць усе правілы», — заявіў беларускі лідар.

Нарада аб развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі, 23 жніўня 2022 года

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Ларысы ШУГЛІ