Прараб СВК “Маяк-Заполле” Сяргей Шчэмер: «На вёсцы без будаўнічай брыгады як без рук»

— У кожным сельгаспрадпрыемстве павінна быць свая будаўнічая брыгада, бо без нас як без рук, — упэўнены прараб СВК “Маяк-Заполле” з 42-гадовым стажам работы ў галіне Сяргей Шчэмер. — У нашай брыгадзе працуюць 18 чалавек. Гэта дзве брыгады будаўнікоў па комплексным абслугоўванні будынкаў, два зваршчыкі, два столяры, дзейнічае піларама. Нашы хлопцы — майстры на ўсе рукі: дыпламаваныя муляры, бетоншчыкі, столяры.

Прараб Сяргей Шчэмер

Кожную зіму будаўнічая брыгада нарыхтоўвае каля 400 кубаметраў дроў для патрэб сельгаспрадпрыемства. Робіць і важную справу па навядзенні парадку на зямлі: разбірае старое і пустуючае жыллё, спілоўвае аварыйныя дрэвы ў вёсках. Але асноўны фронт работ — гэта рамонт збудаванняў. Сёння брыгада працуе недалёка ад свінаводчага комплексу “Камаровічы”, рамантуе складскія дзверы. Закончаць гэты аб’ект — пойдуць рыхтаваць малочнатаварныя фермы да пачатку асенне-зімовага перыяду: рамантаваць падлогі, стойлы, бяліць столі і сцены. Адным словам, спраў хапае, не засумуеш.

— Рукамі нашых будаўнікоў у гаспадарцы не толькі шмат адрамантавана, але і пабудавана нямала, — падкрэслівае Сяргей Шчэмер. — Напрыклад, гаспадарчым спосабам зрабілі тры цялятнікі на ферме “Паланая”, сховішча для арганічных угнаенняў, добраўпарадкавалі тэрыторыю. У гэтым годзе гаспадарчым спосабам выканалі работ на суму 290 тысяч рублёў, выкарысталі матэрыялаў на 150 тысяч рублёў.

Сяргей Іванавіч называе сябе дамаседам: тут нарадзіўся, пасля заканчэння політэхнічнага ўніверсітэта з дыпломам інжынера-будаўніка прыехаў на малую радзіму, пачынаў працаваць яшчэ са старшынёй гаспадаркі Станіславам Лычкоўскім.

— Наша прафесія самая мірная і стваральная, калектыў вопытны, згуртаваны. Што яшчэ трэба, каб зранку хацелася ісці на работу? Вось узяць хаця б нашага старэйшага працаўніка піларамшчыка Мікалая Араб’я. Ён у нас майстар на ўсе рукі, — запэўнівае прараб.

піларамшчык Мікалай Арабей сустракае прафесійнае свята ў выдатным настроі

— На будоўлі я 19 гадоў, — гаворыць Мікалай Мікалаевіч. — Да гэтага 17 гадоў працаваў загадчыкам фермы, маю дыплом заатэхніка. Але так склаліся абставіны, што змяніў галіну. Мае асноўныя абавязкі — нарыхтоўка дроў. За дзень нарыхтоўваем каля 10 кубаметраў паліва. Спілоўваем аварыйныя дрэвы ў вёсках, уздоўж дарог. Зразумела, што гэтым заняты не кожны дзень, прыходзіцца і бетон замяшаць, і кірпіч пакласці, і штосьці адрамантаваць. Але я не самавучка, прайшоў спецыяльныя курсы, маю кваліфікацыю. Напярэдадні свята жадаю ўсім будаўнікам поспехаў і новых дасягненняў.

Будаўнічая брыгада СВК «Маяк-Заполле»

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара