Свята хлеба «Цар-хлеб» сабрала разам жыхароў Малюшыч

Да хлеба беларусы здаўна ставіліся з павагай, шанавалі і ахоўвалі. А чаму хлеб так шанавалі? Таму што вырошчвалі яго самі. А вырасціць хлеб – цяжкая праца. Не было яшчэ у нашых продкаў крам з хлебам ды булкамі. Яны што вырасцілі – тое і елі.

Цану хлеба асабліва добра ведаюць у вёсцы, таму 28 жніўня ў Малюшычах вяскоўцы сабраліся на свята “Цар-хлеб”.

Каб хоць крыху адчуць цяжар хлебаробскай працы, вядучыя свята прапанавалі гасцям спачатку на хуткасць звязаць снапы. Аказалася, што не такая гэта простая справа — звязаць разам некалькі дзясяткаў каласкоў. Моцная палова вёскі павінна была перавезці зерне на цацачных машынках. Спаборнічалі і дашкаляты, і моладзь. У абодвух конкурсах перамог вопыт і дасведчанасць.

Мясцовыя майстрыхі: Аліна Манкевіч, Вольга Дарафей, Алена Фалейчык, Вольга Кузьміч і Людміла Саладуха — прынеслі на свята дамашнюю выпечку і паспаборнічалі ў конкурсе «Хлебныя цуды». Упрыгажэнне стала — святочны каравай ад хлебаробаў ДП «Малюшычы» ў фінале фэста быў раздадзены гасцям.

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДП «Малюшычы» Святлана Казак адзначыла:

— Свята «Цар-хлеб» у нас асацыіруецца з завяршэннем жніва і правядзеннем самай галоўнай урачыстасці хлебаробаў — «Дажынак», якія ў нас учора адбыліся. Хлеб лёгкім не бывае. Нашы працаўнікі шчыравалі ад раніцы да цямна. Вага нашага каравая склала 10 тысяч тон, што на 2 т больш, чым у мінулым годзе.  Пераможцамі ўборачнай кампаніі бягучага года сталі камбайнеры Аляксандр Гіз, намалот якога склаў 2 091 т, Сцяпан Барыскін (2000 т) і Сяргей Альшэўскі (1415 т), сярод вадзіцеляў на адвозцы — Мікалай Масловіч (2823 т), Алег Саладуха (2325 т) і Вячаслаў Шэга (1460 т).

Асобна Святлана Казак назвала прозвішчы жанчын, якія была заняты ва ўборачнай кампаніі, і ўручыла падарункі тым, хто не змог прыйсці на «Дажынкі».

На працягу ўсяго свята госці спявалі і танчылі, частаваліся дамашняй выпечкай.

Жыхарка Малюшыч Вольга Кузьміч не проста прыйшла на свята са сваёй дачкой і ўнукамі, але спякла смачны пірог і прынесла свае вышыванкі і кветкі з ізалону.

— Я родам з Палесся, з Лунінецкага раёна, вёскі Багданаўка, то ў нас там усе вышываюць з маленства, — расказвае жанчына. — Мяне вучылі мая бабуля і мама. Сама ўзор прыдумваю, малюю яго на тканіне і вышываю. Як толькі ўбачыла ў інтэрнэце, як вырабляць кветкі з ізалону, адразу ўзялася за справу. Вельмі шмат вырабіла і на падарункі па просьбе знаёмых, і сваім родным, і сабе. Гэтая справа мне па душы: атрымаецца кветка —  і адразу светла на душы

Жыхарка Малюшыч Ала Кузьміч — часты госць у мясцовым клубе, расказвае, што любіць бываць з людзьмі:

— У нас тут праводзяцца розныя гурткі, мы сустракаемся, гутарым, бавім час, адкрываем у сабе таленты. Свята «Цар-хлеб» штогадовае, яно дае магчымасць землякам сустрэцца. Відаць, што людзі задаволены, і не толькі сталыя, але і маладыя.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара

1