Яніна Браніславаўна Лецка расказвае, як у 1942 годзе на хутары Чорная фашысты спалілі сям’ю з 11 чалавек

“Ці было сэрца ў нацыстаў, якія забівалі цэлыя сем’і, не шкадуючы нават самых маленькіх?” — такім пытаннем задаецца 86-гадовая Яніна Браніславаўна Лецка, якая жыве на хутары Чорная Ярэміцкага сельсавета. Яна адна з апошніх сведак вайны і тых зверстваў, якія чынілі фашысты і іх прыслужнікі на шматпакутнай беларускай зямлі.

—  Нарадзілася я ў верасні 1935 года на хутары Чорная і была шостым дзіцем у сям’і, — расказвае жанчына. — Зямлі ў нас было мала, але трымалі кароў, каня, з гэтага і жылі. Лепшая зямля была ў паноў, ім належаў і лес, і рака. Хочаш ягад, грыбоў ці рыбы, ідзі да лесніка, купляй білет. Працаваць прыходзілася шмат не толькі дарослым, але і нам, дзецям.

Калі пачалася вайна, родны брат Яніны Іван і хросны Мікалай Лецка пайшлі ў партызаны. Налібоцкая пушча — партызанскі край, у якім дзейнічалі некалькі атрадаў народных мсціўцаў. Яны часта з’яўляліся ў Чорнай. Пэўны час тут стаяў пост з байцоў атрада імя Суворава пад камандаваннем Н. Курбанава.

—  Мы дапамагалі ім чым маглі: мясам, яйкамі, вязалі шкарпэткі, рукавіцы, — успамінае Яніна Браніславаўна. — Вядома, ім было цяжка: гэта на фронт пастаўляўся правіянт, зброя, адзенне, а яны дзейнічалі ў тыле, супраць добра ўзброеных, апранутых, сытых паліцаяў.

6 верасня 1942 года на хутары Чорная адбылася трагедыя, якая скаланула ўсю акругу. У гэты дзень жанчыны з вёскі Дзераўная Стаўбцоўскага раёна прыйшлі ў Чорную па ягады. Праходзячы паўз хату Запольскіх, што жылі ў кіламетры ад хаты Яніны і яе сям’і, убачылі некалькі ўзброеных партызан. Гэтыя жанчыны вярнуліся ў Дзераўную і расказалі пра выпадак з партызанамі. Паліцаі пахапалі зброю і кінуліся да хаты Запольскіх. Ужо здалёк пачалі страляць, каб людзі не маглі выбегчы, а потым падпалілі хату… У пякельным агні згарэлі старэнькая бабуля, бацькі, 4 сястры і 4 брата, самаму малодшаму з якіх было ўсяго 2 гадкі.

Ужо пасля вайны на месцы трагедыі з’явіўся сціплы помнік з імёнамі бязвінна загінулых: Антон, Марыя, Вольга, Марыя, Алена, Зінаіда, Аляксандра, Антон, Анатолій, Аляксандр, Уладзімір, Яніна. За помнікам сочыць не толькі Ярэміцкі сельскі Савет, але і хутаране: косяць траву, убіраюць лісце, фарбуюць.

—  Гэты помнік паставілі сёстры загінулых, якія на момант трагедыі былі замужам і жылі асобна: мая свякроў Марыя Антонаўна, Фоця і Ганна. У той дзень удалося выратавацца яшчэ аднаму члену сям’і — падлетку Ігару, які пасвіў кароў, — змахвае слязу Яніна Браніславаўна і пачынае апавядаць пра лета 1943 года, калі пачалася блакада Налібоцкай пушчы.

Улетку 1943 года падчас правядзення фашыстамі аперацыі «Герман» супраць партызан і мірнага насельніцтва блакаду Налібоцкай пушчы вяла 50-тысячная карная экспедыцыя. Над пушчай павіслі бамбардзіроўшчыкі. Па лясных дарогах пайшлі карнікі, танкі і спецыяльныя каманды салдат з аўчаркамі.

Пра тое, што хутка пачнецца блакада, вяскоўцаў папярэдзілі партызаны. Часу на зборы не было: з прыпасаў амаль нічога ўзяць не паспелі, толькі кароўцы вяроўку на рогі накінулі і павялі з сабой. Яна выратавала сям’ю і ў час блакады, калі сядзелі ў балоце па шыю, і пасля яе, калі вярнуліся на хутар і ўбачылі папялішча. Немцы, у бяссільнай злосці і нянавісці, не толькі разрабавалі ўсю гаспадарку, спалілі хаты, але і здратавалі агароды, ездзілі па іх на браневіках, ніводнай бульбачкі не пакінулі.

—  Непадалёк ад нашай хаты застрэлілі за адну ноч тры сям’і, якія перабягалі з Новага Сяла ў лес, каб стаіцца, — гаворыць жанчына. — Потым іх пахавалі ці партызаны, ці нашы, хутарскія. Ужо пасля вайны родныя прыязджалі, праводзілі перапахаванне. Яшчэ расказвалі, у Антанёве застрэлілі маладую жанчыну Зою Паніхаву, а дзіцятка яе пакінулі. Яно поўзала па ёй, плакала. Потым родныя яго да сябе забралі. Страх што рабілі, нелюдзі… Не дзіва, што мае бацькі так рана памерлі, хоць яшчэ маладыя былі. Як такое перажыць?..

Месца, дзе былі пахаваны расстраляныя сем’і

Праз два тыдні пачалася другая блакада. Вяскоўцы зноў падаліся ў лясы і балоты. Сям’я Яніны таілася ў будцы, якую зладзіў тата. Пачуўшы немцаў, кінуліся ў гушчар. Калі ўсё супакоілася, паехалі пад Шчорсы да сваякоў. Перазімавалі ў лазні, а вясной вярнуліся на хутар, у лесе зрабілі маленькую хатку. Жылі ўпрогаладзь. Мянялі чарніцы на муку, варылі зацірку. Пасля вайны адбудаваліся ў Чорнай.

—  У школу я не хадзіла, умею толькі распісацца. Шмат працавала і дома, і ў калгасе. Не да вучобы было: пасля вайны цяжка жылі, трэба было выжываць. У 1962 годзе выйшла замуж за свайго аднавяскоўца Мікалая. Прычакалі дваіх сыноў. Другі год як аўдавела, сумую без мужа, але ў горад да хлопцаў не хачу. Не спіцца мне там, цяжка. А тут вольна, свабодна. Са мной то адзін сын жыве, то другі. Я яшчэ і па грыбы-ягады схаджу, агарод прапалю, курэй пакармлю, хлопцам што есці згатую. Бывае, застануцца аладкі ці суп малочны, аддаю сабаку, а сама ўспамінаю, як у вайну гаравалі-галадавалі, у мамы некалькі дробак мукі цішком бралі, малаком бялілі. Смачна… Кажу хлопцам сваім: добра, што вы такога не знаеце…

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц