Янка Брыль і Карэліччына

10 жніўня ў Карэліцкай раённай бібліятэцы адбылася літаратурная гадзіна “Непаўторны Янка Брыль”, прысвечаная 105-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, дзе прысутнічалі ветэраны працы Карэліцкага раёна. Удзельнікам імпрэзы нагадалі пра жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, які нарадзіўся ў Адэсе,  але дзяцінства яго прайшло ў вёсцы Загор’е Карэліцкага раёна, адкуль паходзілі бацькі хлопчыка. З цікавасцю ўдзельнікі мерапрыемства паглядзелі дакументальны фільм пра слыннага земляка, пазнаёміліся з кніжнай выставай, на якой сярод іншых кніг пісьменніка знаходзілася некалькі тамоў новага дзесяцітомнага выдання яго твораў.

Вучні і настаўнікі школы ў Турцы. Першы злева ў верхнім радзе — Міхась, другі справа — Янка, 1928 г.

Янка Брыль вельмі любіў родныя мясціны і кожны год праводзіў цёплыя летнія дні на сваім лецішчы на хутары Крынічнае, каля вёскі Беражна. Гэта прыгожае месца знаходзіцца на высокім беразе Нёмана, сярод маляўнічай прыроды, якая натхняла пісьменніка на стварэнне новых цудоўных твораў. Шмат разоў, працуючы ў Беражэнскай школе, я чула пра  адметнага наднёманскага жыхара  ад беражэнскіх настаўнікаў, але тады сустрэцца з пісьменнікам мне не давялося. Пазней творца неаднаразова прысутнічаў на літаратурных і краязнаўчых мерапрыемствах, якія праходзілі ў Карэліцкім раёне. Удзельнікі Карэліцкіх краязнаўчых чытанняў з захапленнем слухалі  цікавыя і змястоўныя выступленні свайго земляка пра яго шлях у літаратуру, пра літаратурныя захапленні, пра гісторыю раёна, пра Карэліччыну ў полымі вайны, пра яго сяброў і землякоў, многія з якіх сталі прататыпамі твораў пісьменніка. Жывое, мілагучнае беларускае слова творцы зачароўвала і абуджала ў слухачоў добрыя і светлыя пачуцці.

Вельмі натхнёна прагучала гэта слова на Пятых Карэліцкіх краязнаўчых чытаннях, прысвечаных Адаму Міцкевічу. Праз усё жыццё пранёс пісьменнік любоў да паэзіі таленавітага земляка, якога таксама натхняла любоў да роднай  Наваградчыны. Ён адчуваў  роднасць паэта з нашым народам, з нашым словам, якое А. Міцкевіч славіў з міжнародных высокіх кафедраў. Янка Брыль лічыў, што паэт “з тых вялікіх, якія нам на ўсё жыццё, якіх мы бясконца перачытваем з непрытворным здзіўленнем ад зноў новай і зноў шчасліва першаснай свежасці слова, думкі, пачуцця, якія цудадзейна ўздымаюць нас над марнотнай мітуснёй ды пошласцю нізкага, недастойнага існавання”. Узнёслае слова прамоўцы не пакінула абыякавымі аматараў паэзіі А. Міцкевіча: “Хай жа свяціцца яго імя – у вяках, на ўсёй зямлі, яднаючы людзей у мірным братэрстве, пра якое ён марыў, для якога працаваў і сёння працуе сваім несмяротным словам, сваёй чалавечнай, высакароднай душой!”

Адно са сваіх выступленняў на Карэліцкіх краязнаўчых чытаннях народны пісьменнік Беларусі закончыў словамі: “Зямля ў нас вельмі прыгожая. І мы ведаем, які ў нас цудоўны народ. На яго можна абаперціся. У Уладзіміра Караткевіча ёсць верш “На Беларусі Бог жыве”. Мне хочацца сказаць, што калі на Беларусі сапраўды жыве Бог, то адна з яго пастаянных кватэр – наш Карэліцкі раён, наша родная Наваградчына. Я не хачу аддзяляцца ад нашай цудоўнай Наваградчыны, нашай старадаўняй Наваградчыны, багатай, разумнай і таленавітай. І хочацца ад душы пажадаць ёй шчасця”.

Некалі аўтару гэтага артыкула пашанцавала знайсці ў адной з выпускніц Турэцкай школы, З. Касцюк, стары даваенны фотаздымак, на якім можна ўбачыць Янку Брыля і яго брата Міхася, вось толькі пажылая жанчына праз шмат гадоў не змагла ўспомніць, “каторы з іх Ясь, а каторы Міхась”. Давялося зрабіць копію фотаздымка і пераслаць Янку Брылю, каб удакладніць гэта, а заадно запытацца пра настаўнікаў і вучняў, якія зняліся разам з братамі.

12 студзеня 2003 года я атрымала ад пісьменніка ліст, у якім ён пісаў: “Паважаная Святлана Андрэеўна! Здымак зроблены вясной 1928 года, каля царквы, побач з якою стаяла старая драўляная школа, што датрывала, здаецца да 70-х гг. Фатограф Аляксандр Цітавіцкі з Турца, уся апаратура якога, негатывы і шматгадовыя здымкі, на вялікі жаль, згарэлі гадоў некалькі пасля вайны…

На здымку вучні V і IV класаў, але чамусьці не ўсе, не бачу нікога з вучняў з вёсак Лыкавічы і Рап’ёва. За хлопцамі – дырэктар (“кероўнік”) школы Міхал Пранеўскі, паляк, але былы рускі афіцэр, франтавік у Першую ўсясветную вайну; выкладаў матэматыку, фізіку і часам на беларускіх уроках замяняў сваю жонку, Марыю Пранеўскую, якая пасярэдзіне тройкі настаўнікаў. Яна выкладала польскую і беларускую мовы, спевы, кіравала школьным хорам і мастацкай самадзейнасцю. Абое яны ў гады акупацыі загінулі ў Калдычэўскім лагеры смерці. Справа ад Пранеўскай – Марыя Фітэлёва, настаўніца гісторыі і нямецкай мовы. Злева – Людвік Галушка, на якім была гімнастыка, гігіена і розныя замены; ён быў прымак у фальварачку ў Бударкевічаў каля Лыкавічаў, выехаў у Польшчу з сям’ёю пасля вайны. Настаўнікі тут не ўсе, аднак прозвішчы не магу ўспомніць. “Закон Божы” выкладаў стары айцец Іосіф Туміловіч, якога на здымку чамусьці няма”.

Далей пісьменнік з вялікай скрупулёзнасцю пералічвае прозвішчы амаль усіх вучняў на здымку. Адказаў і на маё пытанне – “каторы Ясь, а каторы Міхась?”

“Хлопцы ў апошнім радзе, злева направа: школьныя мастакі і сябры, мой на тры гады старэйшы, брат Міша і Паўлуша Выдрыцкі, за якім трэці пяцікласнік Шура Брылевіч з Браносава, а тады чатырохкласнікі: Міша Ламан з Загор’я, “турчакі” Лейзар Бісінкевіч, Абрам Араноўскі (дарэчы – Зяма ў маёй аповесці “Золак, убачаны здалёк”), Мішка Курчыцкі, тады я (у школе мяне звалі Ясем) і пяцікласнік Аляксандр Курчыцкі…”

“Задума Ваша, “Напамінак старых фотаздымкаў”, цікавая, – піша далей пісьменнік, – Бог мой, як тут прыдаўся б Цітавіцкі з яго фотаархівам! Паспытайцеся ў Турцы, у Паўла Абадзінскага і іншых, магчыма, у сваякоў ды знаёмых Цітавіцкага сёе-тое і захавалася”.

Сапраўды, некаторыя фотаздымкі знайшліся, і я змясціла іх разам з тым, пра які ішла гаворка вышэй, у сваёй кнізе, і вось цяпер з задавальненнем убачыла стары здымак у новым дзесяцітомным выданні твораў пісьменніка.

Яшчэ адзін фотаздымак быў знойдзены ў вёсцы Палужжа, дзе жыла некалі сястра Янкі Брыля. На здымку, як паведаміў пісьменнік, іх сям’я, знятая ў Адэсе ў верасні 1919 года. Пісьменнік назваў усіх, хто трапіў у аб’ектыў, і паведаміў  даты жыцця родных.

Перапіска з пісьменнікам вялася ў 2003 годзе, а напрыканцы 2005 года Янка Брыль, якому я даслала сваю кнігу, прыслаў паштоўку, дзе напісаў: “27.XII.05 Дарагая Святлана Андрэеўна! Дзякую за падарунак. Кніга цікавая і патрэбная. Ад душы віншую Вас з яе выхадам і жадаю далейшых поспехаў у пошуках і знаходках. З Новым годам!»  Трохі раней атрымала я і кнігу лірычных замалёвак пісьменніка “Сцежкі, дарогі, прастор” з аўтографам аўтара, якую захоўваю ў сваёй бібліятэцы як каштоўную рэліквію разам з лістамі Янкі Брыля.

Святлана КОШУР