Жыхар вёскі Горная Рута Іван Фалейчык: «Зямля — карміцелька і аддушына»

Карэліччына славіцца сваёй гісторыяй, ураджаямі, людзьмі. На заслужаным адпачынку яны прадаўжаюць жыць поўным жыццём, аддаючыся любімаму занятку.

Наш сённяшні субяседнік — жыхар вёскі Горная Рута Красненскага сельсавета Іван Іванавіч ФАЛЕЙЧЫК.

— Іван Іванавіч, калі ласка, раскажыце пра сябе.

— Я нарадзіўся ў вёсцы Дорагава Цырынскага сельсавета ў сям’і сялян. Бацька працаваў у калгасе на будоўлі, мама — звеннявой, гадавалі  чатырох сыноў. Трымалі асабістую гаспадарку.

Скончыў Дорагаўскую пачатковую і Варанчанскую сярэднюю школы. Пасля дзесяцігодкі служыў у арміі. Затым скончыў Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум і Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «агранамія». Працаваў у калгасах «Зара», «Ленінскі шлях»,  затым — у «Маяку» на пасадзе галоўнага агранома.

— Чым займаецеся на пенсіі: працуеце ці адпачываеце? Актыўны лад жыцця  — гэта для Вас?

— Вяду актыўны лад жыцця. Працую на зямлі, і гэта для мяне задавальненне. Паралельна займаюся прышчэпкай пладовых дрэў. Сёлета прышчапіў трыццаць, на адной з груш чатыры сарты. Шмат дрэў перадаў людзям для карыстання.

— Аграном — прафесія, якая патрабуе не толькі ведаў, навыкаў, вопыту, але і служэння зямлі. Што яна азначае ў Вашым жыцці?

— Аграном — творчы працаўнік поля. У пошуках насення розных сельскагаспадарчых культур давялося пабываць у свой час на Украіне, у Малдавіі, розных кутках Беларусі, каб затым правесці іспыты на сваёй зямлі. Аграном — і настаўнік для маладых спецыялістаў, яны  затым становяцца гаспадарамі зямлі. Галоўнае — згуртаваны калектыў спецыялістаў і механізатараў, дасведчаны кіраўнік гаспадаркі, які дапамагае ў вырашэнні пытанняў, і ўсе разам рабілі адну агульную справу.

— Дом і сям’я — два крыла, без якіх чалавек не можа адчуваць сябе шчаслівым. Вам з гэтым пашанцавала?

— Моцна пашанцавала. Мая абранніца Алёна Уладзіміраўна з Навагрудскага раёна, з вёскі Галковічы. Пазнаёміліся падчас вучобы ў Навагрудскім сельгастэхнікуме і адразу пажаніліся. Гэта найцудоўнейшы чалавек, мае вялікае сэрца і добрую душу. З ёй спакойна і надзейна, у радасці і бядзе заўсёды разам. Яна, быццам сонца, якое сагравае ўсіх і заўсёды, сапраўдная ахоўніца сямейнага ачага. Амаль 50 гадоў разам, выхавалі цудоўных дзяцей, маем пяцёра ўнукаў. Сын Васіль працуе на Баранавіцкай мэблевай фабрыцы, дачка Наталля — у Беларусбанку г.п. Карэлічы, зяць Аляксандр — у Карэліцкім РАНС, і ён за другога сына.

— Вы пражылі багатае і змястоўнае жыццё. Як  расцэньваеце словы з народнай прымаўкі: «Чалавек — каваль свайго шчасця»?

— Згодны з прымаўкай, сам з шаснаццаці гадоў кую сваё шчасце. Дзякуючы людзям вялікай душы, якія працавалі ў тыя гады разам і падтрымлівалі ў складаных жыццёвых сітуацыях, як гаворыцца, мог стаяць на нагах і ўпэўнена глядзець у будучае.

— Жніво хутка падыдзе да экватара. Што Вы адчуваеце ў перыяд уборкі?

— Перад пачаткам жніва я ўжо паглядзеў становішча збожжавых культур, і душа радуецца. Калі надвор’е дазволіць, не спяшаючыся і з розумам працаваць, то ўраджайнасць павінна быць вышэй за мінулагоднія паказчыкі. Хлебаробам зычу здароўя і міру, будзе гэта — будзе хлеб на стале.

— Актыўнае даўгалецце на пенсіі з абранніцай жыцця — узнагарода лёсу?

— Трэба самому ўкладваць у сваё жыццё, нічога без працы не будзе. «Пад ляжачы камень вада не цячэ», — гавораць у народзе, і гэта сапраўды так. Шкада, што часу не хапае ўсё зрабіць. Ні ў якім разе і ніколі не скардзіўся на лёс, стараўся шмат працаваць.

— Скажыце, у Вашым жыцці, акрамя спадарожніцы жыцця, ёсць людзі, якім удзячны бязмерна?

— Я ўдзячны суседзям, якіх ужо няма побач, дзякуючы ім застаўся жыць і працаваць на гэтай зямлі. Цёплымі словамі ўспамінаю Уладзіміра Максімавіча Сатыгу — Чалавека з Вялікай Літары. Гэта пра ўчарашні дзень, хаця ёсць і сённяшні. Словы прызнання адрасую старшыні Красненскага сельвыканкама Тамары Мікалаеўне Лейка і работнікам  сельсавета. Яны заўсёды падтрымліваюць людзей састарэлага ўзросту і дапамагаюць вырашаць пытанні. Ну, вядома, добрыя словы хочацца сказаць і пра нашых дзяцей, якія наведваюцца ў бацькоўскую хату, і гэта сагравае нашы сэрцы.

— Акрамя працы на зямлі,  ёсць яшчэ захапленні?

— Люблю майстраваць прылады земляробства для палёгкі працы на зямлі. Так ці інакш, мяне цягне да яе, зямля — наша карміцелька і аддушына. Калі атрымліваеш ураджай, душа радуецца. Не сакрэт, што і дзецям дапамога.

— Аб чым марыце?

— Мару дачакацца, каб унук Максім пайшоў у школу і вызначыўся ў жыцці. Жыццё ж прадаўжаецца…

Галіна СМАЛЯНКА

Фота з архіва героя публікацыі