5 падзей тыдня вачамі члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Эльвіры Сарока

1. 17 верасня Беларусь другі раз адзначыла адно з галоўных свят нашай краіны — Дзень народнага адзінства.

У гэты дзень у Мінску прайшоў патрыятычны форум «Гэта НАША гісторыя», у ліку ўдзельнікаў якога была і я. Эмоцыі і ўражанні ад форуму самыя яркія і пазітыўныя. У першую чаргу — вялікі гонар за Беларусь і такое ж вялікае пачуццё яднання са сваім народам, са сваёй краінай. Упэўнена, у гэтыя хвіліны кожны з прысутных у зале задаваў сабе пытанне: што я зрабіў і што магу зрабіць для сваёй любімай Радзімы? Адзінства — такім жа быў і асноўны пасыл выступлення на форуме Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. «Толькі разам мы зможам зберагчы і прымножыць багацце нашай краіны, забяспечыць яе развіццё і працвітанне, захаваць мір і дабрабыт на беларускай зямлі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

2. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Аляксандрам Вальфовічам.

У цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы — падрыхтоўка абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі краіны. Гэта звязана не толькі з новаўвядзеннямі, замацаванымі ў прынятай на рэспубліканскім рэферэндуме ў лютым гэтага года Канстытуцыі, але і з няпростым становішчам у свеце. Сумежныя дзяржавы, якія вядуць недружалюбную палітыку ў адносінах да нашай краіны, канцэнтруюць свае войскі паблізу ад беларускай дзяржаўнай мяжы. І нам неабходна паказаць высокай працоўнай дысцыплінай на сваіх працоўных месцах, адказнасцю, што мы гатовыя абараняць галоўныя каштоўнасці Беларусі — мір і стабільнасць у краіне.

3. 20 верасня адбылося першае пасяджэнне дзясятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Парламентарыі разгледзелі шэраг законапраектаў у галіне міжнародных адносін, якія адыгрываюць важную ролю ў развіцці інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Сярод іх — праекты законаў «Аб ратыфікацыі Пратакола аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 года», «Аб ратыфікацыі Пагаднення аб ажыццяўленні аўдытарскай дзейнасці ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза» і іншыя.

4. Гродзенскай вобласці споўнілася 78 гадоў.

Дата не юбілейная, але вельмі значная. 20 верасня 1944 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Гродзенская вобласць была створана з часцей Беластоцкай, Брэсцкай і Баранавіцкай абласцей. Падзея была звязана з прызнаннем горада Гродна важным транспартным вузлом і прамысловым цэнтрам паблізу ад дзяржаўнай мяжы СССР і з заключэннем дамоўленасці паміж Савецкім Саюзам і Польшчай аб пераходзе Беластока ў склад Польскай Рэспублікі.

Прыемна ўсведамляць, што сённяшняя Гродзеншчына — гэта сучасны рэгіён з шырокай сацыяльнай інфраструктурай, моцнымі прамысловымі і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, развітой культурай, сістэмай адукацыі і аховы здароўя. Шматлікія гістарычныя помнікі, дагледжаныя гарады і вёскі, прыгожая прырода і гасціннасць мясцовых жыхароў прыцягваюць сюды турыстаў з замежных краін. Я ганаруся тым, што мой лёс і лёс маёй сям’і звязаны з выдатным Гродзенскім краем.

5. З 19 па 23 верасня ва ўсіх навучальных установах праходзіць Тыдзень беларускай мовы.

У гэты перыяд навучальныя ўстановы арганізуюць самыя разнастайныя мерапрыемствы на беларускай мове: выставы, маладзёжныя акцыі, сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі, дыктанты, чытанне вершаў, квэсты. На мой погляд, усё гэта дапамагае прывіць цікавасць моладзі да роднай мовы і павялічыць колькасць тых, хто выкарыстоўвае беларускую мову ў сваім паўсядзённым жыцці. Пераканана, што ведаць родную мову гэтак жа важна, як і быць патрыётам сваёй краіны і годным яе грамадзянінам.

Запісала Іна ЛЕЙКА