Франтавік ураджэнец Карэліччыны Міхаіл Цімафеевіч Забенька прайшоў баявым шляхам ад Беларусі да Балтыйскага мора

Ураджэнец вёскі Лукі Міхаіл Цімафеевіч Забенька  нарадзіўся 18 красавіка 1925 года. Міхаіл Цімафеевіч спачатку вучыўся ў польскай школе, а пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР 5 і 6 класы скончыў у Карэліцкай школе. Давялося Міхаілу павучыцца і ў горадзе Вільня ў беларускай гімназіі. Настаўнікам у хлопца быў Барыс Кіт, якім па праву ганарыцца наш раён.

У 1944 годзе, пасля вызвалення Мірскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, юнака прызвалі на фронт. Міхаіл ваяваў на 2-м Беларускім фронце (18 дывізія 52-ая брыгада 1300-га гаўбічна-артылерыйскага палка) пад камандаваннем генерала Шапіро. Служыў наводчыкам гарматы, затым – камандзірам гарматы. Са сваім палком Міхаіл Цімафеевіч ваяваў пад Варшавай, браў пераправу на рацэ Вісле, ваяваў пад Гдыняй і Гданьскам, дайшоў да Балтыкі. 2 мая 1945 года быў узяты Берлін. У гэты час Міхаіл Цімафеевіч ваяваў ужо на 1-м Беларускім фронце, куды быў пераведзены ў красавіку 1945 года. Пасля Перамогі полк, дзе ён служыў, быў пераведены ў горад Патсдам. Войскі Чырвонай Арміі, якія ваявалі на тэрыторыі Германіі, тэрмінова адпраўляліся па загаду савецкага камандвання на Далёкі Усход. 18 дывізія 1-га Беларускага фронту заставалася на тэрыторыі акупаванай Германіі. Міхаіл Цімафеевіч расказваў адзін з цікавых эпізодаў свайго ваеннага жыцця: “Неабходна было арганізаваць ваенны духавы аркестр. З гэтай мэтай было вызначана 36 байцоў, якія мелі музычны слых і навыкі ігры на музычным інструменце. Для музычнай падрыхтоўкі байцоў быў запрошаны прафесар Берлінскай кансерваторыі. За шасцімесячны тэрмін ён змог стварыць ваенны аркестр, адабраўшы і падрыхтаваўшы 18 музыкантаў, навучыўшы іх іграць на розных духавых інструментах.”

У 1949 годзе Забенька Міхаіл Цімафеевіч вярнуўся дадому. Яму была прапанавана работа капельмейстара ў Мірскім харавым калектыве. Але ён выбраў іншы шлях. Паступіў у педагагічнае вучылішча, дзе вучыўся на працягу чатырох гадоў. Міхаіл Цімафеевіч працаваў настаўнікам у вёсцы Мінакі, выкладаў нямецкую мову і фізічную культуру. Затым ён паступіў у Мінскі інстытут замежных моў, у якім вучыўся чатыры гады. Праз пэўны прамежак часу паступіў на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў завочна. Поспехі ў вучобе студэнта завочнага аддзялення былі такія добрыя, што яго паспяховасць параўноўвалася з паспяховасцю студэнта стацыянарнага аддзялення і не ўступала дзённаму навучанню.

Усё астатняе працоўнае жыццё Міхаіл Цімафеевіч Забенька працаваў настаўнікам геаграфіі Трашчыцкай сярэдняй школы. Разам з жонкай Антанінай Палікарпаўнай, настаўніцай рускай мовы і літаратуры, заслужанай настаўніцай Беларусі, выхавалі трох сыноў.

Міхаіл Цімафеевіч быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 2 ступені, медалямі. Не стала яго ў 2018 годзе.

Паўліна Лебядзевіч,

агр. Вялікія Жухавічы