Трактарыста Карэліцкага гарпалівазбыту Васіля Богуша ведаюць як руплівага і шчырага працаўніка

У паслугах гарпалівазбыту маюць патрэбу як жыхары раёна і гарадскіх пасёлкаў, так і многія арганізацыі раёна. Таму што ад зладжанасці ў яго працы залежаць цеплыня і ўтульнасць у дамах і службовых памяшканнях. Аб мэтах і відах дзейнасці, поспехах і праблемах Карэліцкага філіяла гарпалівазбыту перад прафесійным святам расказвае яго дырэктар Іван Будзейка.

– Асноўнымі мэтамі дзейнасці філіяла з’яўляецца забеспячэнне цвёрдым палівам насельніцтва, камунальна-бытавых прадпрыемстваў, арганізацый, аказанне платных паслуг насельніцтву і арганізацыям, пагрузка і дастаўка паліва, распілоўка і колка дроў, вытворчасць і рэалізацыя тратуарнай пліткі, піламатэрыялаў. За 7 месяцаў бягучага года насельніцтву і прадпрыемствам раёна было пастаўлена 1215 тон паліўнага брыкету і 1850 метраў кубічных дроў. Агульны тавараабарот склаў 111,2 тысячы рублёў, выручка склала 466 тысяч рублёў, у тым ліку аказана паслуг на 93,8 тысячы рублёў. У філіяле працуе ўсяго 18 чалавек, і кожны з іх мае свой вопыт дзейнасці, пераадолення цяжкасцей і канфліктаў на працоўным месцы.

Ёсць у калектыве і свае “маякі”. Адзін з іх – Васіль Вячаслававіч Богуш, трактарыст па нарыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу. Ён працуе ў філіяле з 2013 года. Кіраўніцтва і калегі паважаюць Васіля Вячаслававіча і ведаюць яго як руплівага і шчырага працаўніка.

Вось што расказвае пра сябе сам Васіль Вячаслававіч: “Я нарадзіўся ў вёсцы Кожава. Бацька працаваў трактарыстам, але ён памёр, калі мне было 6 гадоў. У сям’і нас было трое дзяцей і маці. Пасля школы пайшоў вучыцца ў Навагрудскае вучылішча. Потым – у армію. Пасля службы ў войску працаваў фрэзіроўшчыкам у Мінску на мотавелазаводзе тры гады.

У 2013 годзе Валерый Казіміравіч Чыжык, які тады быў дырэктарам, запрасіў мяне працаваць у гарпалівазбыт. Цяпер, акрамя асноўнай дзейнасці, дапамагаю калгасу. Працую так, як і шчыруюць калгаснікі: прачынаюся рана, а дадому прыязджаю позна. Хапае і дамашняй работы. У нас уласны дом, брыдка было б, каб там не было чым заняцца. Прывык працаваць, ды і жонка дапамагае, таму спраўляемся.

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара