Фестываль дзіцячай кнігі ладзіць Саюз пісьменнікаў 10 верасня

Фестываль дзіцячай кнігі ладзіць Саюз пісьменнікаў 10 верасня

Фестываль пройдзе каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

10 верасня 2022 года, падчас святкавання Дня горада Мінска ў Парку пісьменнікаў, каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Беларусі пройдзе фестываль дзіцячай кнігі пад назвай «У гасцях у Францыска Скарыны». Фестываль распачне сваю работу ў 12 гадзіне ў рамках народнага гуляння, арганізаванага Першамайскім райвыканкамам г. Мінска. Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня секцыі дзіцячай літаратуры СПБ Алена Стэльмах расказала аб праграме фестывалю:

— Сімвалічна, што сёлета, акрамя 955-годдзя Мінска, адзначаецца і 505-годдзе з моманту выдання нашым земляком-першадрукаром першай кнігі ў гісторыі беларускага і ўсходнеславянскага кнігавыдання. А недалёка ад Парку пісьменнікаў знаходзіцца адзін з помнікаў Францыску Скарыну. Мерапрыемства стане своеасаблівым аглядам творчых сіл Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія задзейнічаны ў стварэнні кніг для юнага чытача. Менавіта гэты жанр сучаснай літаратуры развіваецца найбольш дынамічна, з выкарыстаннем навацый у далучэнні шырокай аўдыторыі да чытання.

 Хто возьме ўдзел у свяце?

— Свае кніжныя здабыткі прадставяць пісьменнікі, якія сталі ўжо хрэстаматыйнымі: Міхась Пазнякоў, Мікола Чарняўскі, Уладзімір Мазго, Алесь Бадак, Генадзь Аўласенка, Ніна Галіноўская. Да іх далучацца дзіцячыя аўтары з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія пацвердзяць, што пісаць кнігі для дзяцей — гэта быць свайго роду чараўніком. Пісьменнікі абяцаюць запрасіць на фестываль і сяброў: ілюстратараў, дызайнераў, дзякуючы якім кнігі ажываюць, становяцца прывабнымі.

— Якіх сюрпрызаў чакаць наведвальнікам?

― На галоўнай пляцоўцы свята ў 13:00 разгорнецца дзеянне па матывах кнігі творчага калектыву Ева НЭММ, калі героі з дапамогай чароўнага куфэрка аказаліся ў друкарні ХVI стагоддзя. Першадрукару было надзвычай цікава даведацца, ці прадоўжылася яго справа. Ён непамерна ўзрадаваўся, што праз стагоддзі кнігі сталі светачамі і зараз чалавецтва мае бясцэнны духоўны скарб. Знаёміць Францыска Скарыну (а яго ролю выканае знакаміты сучасны творца Міхась Пазнякоў) з сучаснымі кніжнымі набыткамі будуць юныя ўдзельнікі Тэатра паэзіі Мінскага гарадскога аддзялення СПБ.

 Што яшчэ рыхтуюць арганізатары?

— У фестывалі актыўны ўдзел возьмуць дзіцячыя бібліятэкі Мінска. Бібліятэкары распрацавалі літаратурна-пазнавальны квэст, падчас якога ўдзельнікі будуць праходзіць ад прыпынку да прыпынку, накіроўваючыся да фінішу. На кожным прыпынку — літаратурным, моўным, краязнаўчым, эрудытаў, хуткамовак — яны атрымаюць літару, што дазволіць пазней скласці слова. Кожны з прыпынкаў таксама будзе мець сваю адметнасць. Удзельнікаў чакаюць займальная віктарына «Скрозь шолах старонак», «Рамонкавая палянка пажаданняў», «Палянка малявашак», «Лабірынты ведаў».

Да фестывалю дзіцячай кнігі далучацца выдавецтвы «Мастацкая літаратура», «Беларусь», «Народная асвета», Выдавецкі дом «Звязда», з якімі шчыльна супрацоўнічаюць пісьменнікі СПБ і дзе выходзяць найбольш знакавыя ў нашай краіне выданні для дзяцей. Адметнасць фестывалю і ў тым, што тут можна будзе набыць кнігі з аўтографамі аўтараў. Мы гаворым пра важнасць сямейнага чытання і таму запрашаем да ўдзелу ў фестывалі бацькоў з дзецьмі.

Фестываль дзіцячай кнігі «У гасцях у Францыска Скарыны» павінен паказаць, што наша сталіца чытае. А той, хто сябруе з кнігай, расце сапраўдным грамадзянінам.