Кореличский сырцех удостоен наград международного конкурса качества молочной продукции «Молочный успех-2022» в Сочи

У верасні Карэліцкі сырцэх стаў пераможцам міжнароднага конкурсу якасці малочнай прадукцыі “Малочны поспех–2022”, што праходзіў у Сочы,  і  абласнога прафесійнага конкурсу ў Ашмянах. Адразу чатыры перамогі прывезлі дадому карэліцкія сыравары. Сыры “Адыгейскі” і ”Пікантны” ў чарговы раз аказаліся па-за канкурэнцыяй.

Любое прадпрыемства – гэта людзі. Яны аснова любой вытворчасці і нават, не пабаюся гэтага слова, эканомікі раёна, краіны.  Менавіта ад зладжанай работы калектыву залежыць поспех любой справы. У гэтым пераканалася, пабыўшы ў Карэліцкім сырцэху. Калектыў невялікі, але вельмі згуртаваны. Спецыялісты добра ведаюць сваю справу і выконваюць яе якасна, а дапамагаюць ім у гэтым  дабрыня, спагада, узаемадапамога  і, безумоўна, прафесіяналізм.

Візітнай карткай прадпрыемства з’яўляюцца сыры. Тут да іх ставяцца чуйна, як да жывога прадукту і, вядома, строга захоўваючы тэхналогію. Акрамя сыроў,   вырабляюць замяшчальнік цэльнага малака і казеін. Прадукцыя цэха  запатрабавана не толькі на рынку Беларусі, але і за яе межамі. Так, напрыклад, казеін – экспартны прадукт. Яго пастаўляюць у Расію, Польшчу, Казахстан.  Часта прадукцыю цэха прэзентуюць на розных конкурсах. А да Года гістарычнай памяці было вырашана пачаць альбом, стварыць сваю маленькую гісторыю дасягненняў, каб захаваць яе для нашчадкаў. Перадумовай такога рашэння стаў удзел у чарговых выніковых конкурсах. Начальнік сырцэха Ларыса Рапавец  назвала  верасень трыумфальным для  прадпрыемства і падзялілася поспехамі:

–          Наш невялікі цэх – структурная адзінка “Навагрудскія дары” філіял ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат», але поспех  у першую чаргу наш, карэліцкі. Атрымліваеш перамогу – і з вялікім пачуццём гонару гаворыш пра гэта. Так,  6-8 верасня бягучага года ў Сочы адбыўся VIII Міжнародны малочны бізнес-форум ЕАЭС па вытворчасці і перапрацоўцы малака,  у рамках якога праводзіўся конкурс якасці малака і малочных прадуктаў “Малочны поспех–2022”. Арганізатар мерапрыемства – Малочны саюз Расіі пры падтрымцы Камітэта па АПК Расійскай Федэрацыі. Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 33 прадпрыемствы з 22 рэгіёнаў Расіі і  з сямі рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі прадстаўлялі малако, кісламалочныя напоі, сыры, тварог, увогуле ўсё тое, што можна вырабіць з малака. 216 відаў малочнай прадукцыі ацэньвала дэгустацыйная камісія прафесіяналаў-экспертаў з Расійскага саюза прадпрыемстваў малочнай галіны, прадстаўнікоў буйных малочных камбінатаў і холдынгаў. На суд журы былі прадстаўлены тры віды выпускаемай прадукцыі, і   сыр «Адыгейскі», выраблены на нашым прадпрыемстве, стаў лаўрэатам конкурсу.  Але гэта не ўсе  перамогі за апошні час. 16-17 верасня  ў Ашмянах прымалі ўдзел ў малочным фестывалі, які праходзіў пад дэвізам “Малако піць – у адзінстве жыць”. Там, на базе «Ашмянскага сыраробнага завода» філіяла ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат»,  прайшоў прафесійны конкурс якасці малочнай прадукцыі сярод малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці ў 12 намінацыях. На суд кампетэнтнага журы кампанія “Навагрудскія Дары” філіял ААТ  “Лідскі малочна-кансервавы камбінат” прадставіла прадукцыю ў 7 намінацыях. Прафесійнаму журы  прыйшлося нялёгка, таму што ў кожнай намінацыі вызначаўся толькі адзін пераможца. Па выніках конкурсу кампанія «Навагрудскія Дары» філіял ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат» атрымала тры Дыпломы першай ступені,  два з іх – за сыры,  якія выраблены на нашым сырцэху: мяккі “Адыгейскі класічны” і паўцвёрды “Пікантны” з прыправамі.

Самая непрадузятая і аб’ектыўная ацэнка якасці і смаку прадукцыі  – гэта яе «народная дэгустацыя». І тут карэліцкія сыравары аказаліся лепшымі:  гасцям свята прыйшоўся  даспадобы сыр паўцвёрды “Пікантны” з прыправамі. Гэта  быў яшчэ адзін дыплом у нашай скарбонцы. Па словах Ларысы Рапавец, удзельнічаючы ў розных конкурсах, ёсць жаданне заявіць пра сябе,  сваю Карэліччыну і пра людей-працаўнікоў, таму што толькі дзякуючы іх прафесіялізму і добрасумленнай працы можна дасягнуць пэўных вышынь. Поспех бачыцца яшчэ і  ў арыенціры на стварэнне патрэбнага. Натхняцца, памыляцца, вучыцца, не спыняцца – і праз некаторы час у нашых руках абавязкова з’явіцца нешта фантастычнае ў выглядзе поспеху.

Давялося сустрэцца і пагутарыць з сыраробам Аленай Дземянчук, якая сорак гадоў аддала працы на прадпрыемстве, стаіць ля вытокаў  справы:

–          Атрымліваю вялікае задавальненне ад працы, якую выконваю. Тэхналогія прыгатавання “Адыгейскага” сыру беражліва перадаецца з пакалення ў пакаленне. Мы ганарымся тым, што займаем прызавыя месцы на конкурсах. Гэта плён нашай працы, мы ўкладваем у яе сваю душу, робім усё, каб наша прадукцыя была смачная.

Як запэўніла кіраўніцтва цэха, яны не збіраюцца спыняцца на дасягнутым і ў бліжэйшы час плануюць заявіць пра сябе на выставе “Прадэкспа” ў намінацыі “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”.

Кацярына КУКАНАВА 

Фота аўтара