Карэліччане чытаюць раённую газету «Полымя»

30 верасня ў будынку Карэліцкага раённага вузла паштовай сувязі праведзены Дзень падпісчыка. Карэліччане выпісвалі раённую газету «Полымя» і прызнаваліся ёй у сваёй прывязанасці. Раёнка стала сапраўдным сябрам і дарадцам, на яе старонках знаёмяцца з навінамі. Спадзяюцца, што яна будзе радаваць у далейшым.

Таццяна ВАРАБЕЙ,
жыхарка г.п. Карэлічы, ветэран працы:

— «Полымя» выпісваю амаль сорак гадоў. У свой час супрацоўнічала з раённай газетай, калі працавала ў бібліятэцы. Пісала артыкулы пра славутых землякоў і мерапрыемствы, якія праводзіліся ва ўстанове культуры. Зараз на заслужаным адпачынку, але цікаўлюся падзеямі, якія адбываюцца ў раёне. Люблю чытаць артыкулы аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна, людзях Карэліччыны, іншыя навіны. Хацелася б, каб «Полымя» была надалей цікавым выданнем. Каб жаданне выпісваць і чытаць раёнку не пакідала карэліччан.

Наталья ЯСЮЛЯ,
галоўны бухгалтар фінансавага аддзела Карэліцкага райвыканкама:

— У сям’і выпісваем розныя перыядычныя выданні, але «Полымя» ў нас на першым месцы. Я люблю чытаць навіны раёна, віншавальную паштоўку, рэкламныя звесткі. Асаблівую перавагу аддаю матэрыялам на гістарычную тэматыку — без мінулага няма будучага. Пераканана: трэба ведаць сваю гісторыю, і ў газеце гэтаму надаецца шмат увагі. Жадаю «Полымі» новых цікавых выпускаў, і каб далей радавала чытачоў цікавымі матэрыяламі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ