На планерке в райисполкоме: подготовка к областным «Дожинкам», рост заболеваемости COVID-19 и ремонт дорог

Дэлегацыя Карэліцкага раёна прыме ўдзел у абласным фестывалі-кірмашы работнікаў вёскі «Дажынкі-2022» у г.п. Вялікая Бераставіца, які адбудзецца 1 кастрычніка. Пра гэта паведаміў на аператыўнай працоўнай нарадзе першы намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бусько.

У бягучым годзе ў раёне атрымана 111 204 тоны зерневых і зернебабовых культур пры ўраджайнасці 61,6 ц/га. У абласным спаборніцтве па ўборцы ўраджаю нашы аграрыі занялі трэцяе месца па ўраджайнасці і чацвёртае па валавым зборы. На сцэну абласных «Дажынак» па ўзнагароды ўзнімуцца лепшыя работнікі аграпрамысловага комплексу раёна. На традыцыйныя конкурсы карэліччане прадставяць сноп і каравай з новага ўраджаю. Сноп будзе ўпрыгожаны кветкамі лёну і льнянымі стужкамі. Упершыню ў рамках свята адбудзецца фестываль прыгажосці «Вянок маладосці», на якім будзе прадэманстраваны сацыяльна-эканамічны патэнцыял раёна.

У дзіцячых садах, школах, бальніцах, фельчарска-акушэрскіх пунктах раёна ўключылі ацяпленне ў рэжыме прапальвання. У памяшканнях устаноўлена камфортная тэмпература ад 18 да 20 градусаў.

У раёне фіксуецца значны рост пацыентаў з COVID-19. Штодня каранавірусная інфекцыя пацвярджаецца ў 10 чалавек. Цячэнне хваробы ў асноўным носіць лёгкі характар, пацыенты праходзяць курс лячэння дома. Спецыялісты раяць не забывацца пра сродкі абароны органаў дыхання, апрацоўку рук антысептыкамі і сацыяльнае дыстанцыяванне. Ва ўстановах аховы здароўя раёна з’явілася вакцына ад грыпу. Ставіць прышчэпку ад грыпу трэба не раней, чым праз два тыдні пасля прышчэпкі ад COVID-19, каб пазбегнуць ускладненняў.

У раёне працягваецца будаўніцтва аб’язной дарогі вакол г.п. Мір. Ужо пакладзена 1200 т бетону. Плануецца, што восенню дарога будзе здадзена ў эксплуатацыю.

Работнікі ДРБУ-158 заняты асфальтаваннем дарогі Трашчычы-Жухавічы-Цырын працягласцю 1,1 км. Праводзіцца ямачны рамонт дарогі Лясок-Краснае-Вірышча-Камаровічы (2,5-кіламетровы ўчастак дарогі ад в. Пагарэлка да в. Камаровічы). Праходзіць рамонтнае прафіляванне праблемных участкаў дарог. Ужо прагрэйдзіраваны ўчасткі Райца-Цырын-Навасёлкі і Варонча-Літараўшчына. На бягучым тыдні пачнецца прафіляванне пад’езда да в. Беражна з боку Мінскай вобласці.

Іна ЛЕЙКА