Напярэдадні Дня народнага адзінства ў Карэліцкім раёне адбылося велападарожжа “Маршрутамі Першай сусветнай вайны”

Напярэдадні Дня народнага адзінства ў Карэліцкім раёне прайшло незвычайнае мерапрыемства. Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан разам з супрацоўнікамі сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама і прадстаўнікамі спартыўнай школы накіраваліся ў велападарожжа “Маршрутамі Першай сусветнай вайны”. Кропкай адпраўлення стаў мемарыяльны комплекс «Зорка» ў райцэнтры.

Першым прыпынкам стала поле за вёскай Беразавец, дзе групу веласіпедыстаў з Карэліч ужо чакалі ўдзельнікі турыстычнага атрада “Турысты” з Лукскай сярэдняй школы. Месца для прыпынку было выбрана невыпадкова. Менавіта тут у гады Першай сусветнай вайны праходзіла лінія фронту. Аб гэтым расказаў удзельнікам велапрабегу кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” Уладзімір Матусевіч. Ён пазнаёміў прысутных з падзеямі, якія адбываліся ў гэтым месцы, прадэманстраваў архіўныя фотаздымкі тых часоў і некаторыя экспанаты з музея Першай сусветнай вайны.

Наступным пунктам стала разбураная Троіцкая царква ў вёсцы Беразавец. Больш за сто год таму яе выкарыстоўвалі рускія салдаты. На вяршыні царквы стаяў салдат, які карэкціраваў сваю артылерыю. Немцы заўважылі гэта — і царква была разбурана.

Пасля веласіпедысты накіраваліся ў вёску Крынкі, дзе знаходзіцца помнік землякам, загінулым у часы Другой сусветнай. Удзельнікі велапрабегу ўсклалі каля помніка кветкі і накіраваліся да наступнай кропкі маршруту – даўгачасовай агнявой кропкі каля вёскі Любанічы.

Застаецца толькі пажадаць, каб такія велапаходы сталі сапраўднай традыцыяй, якая будзе знаёміць жыхароў раёна з гісторыяй іх маленькай радзімы.

Меркаванні

Яўген Чычкан, намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня Карэліцкай РА РГА «Белая Русь»: “Мы вырашылі сумесна з вучнямі Лукскай СШ праехаць па адным з веламаршрутаў (а іх у нас існуе 12). Гэты маршрут па мясцінах Першай сусветнай вайны мы прысвяцілі Дню народнага адзінства. Гэта частка нашай гісторыі, і для сучаснікаў вельмі важна памятаць пра гэта. А яшчэ гэта занятак спортам, які нікому не пашкодзіць”.

Аляксандр Галушка, загадчык аддзела спорту і турызму райвыканкама: “Мы выбралі маршрут Першай сусветнай вайны і паставілі мэту — захаваць памяць пра падзеі, якія маюць месца ў гісторыі нашага раёна, пабываць на гэтых месцах, дзе праходзілі ваенныя дзеянні. Уражанні вельмі добрыя, і надвор’е нас радуе сёння. Спадзяюся, што гэта не апошняе такое мерапрыемства, і яны стануць традыцыяй».

Дзіяна Дзівісенка, вучаніца 9 класа Лукскай СШ: “Дзень народнага адзінства – вельмі значная дата, якую мы павінны ведаць. Наш велапрабег прысвечаны менавіта гэтай даце, але я думаю, што мы павінны памятаць сваю гісторыю”.

Сяргей Башко, вучань 8 класа Лукскай СШ: “Вельмі цікавае падарожжа. Невялікае, але змястоўнае, я даведаўся шмат новага. Хацелася б сказаць дзякуй настаўнікам, якія арганізуюць для нас такія паездкі”.

Уладзімір Матусевіч, настаўнік Лукскай СШ, кіраўнік клуба “Віцязь”: “Такія паездкі для школьнікаў вельмі неабходныя. Дзеці і фізічна добра папрацуюць, праедуцца, і, канешне,  сустрэнуцца са сваёй малой радзімай, з цікавымі месцамі, якія ёсць на тэрыторыі нашага раёна. Неабходна знаёміць маладое пакаленне з такімі мясцінамі, выхоўваць павагу да іх. Навучыць дзяцей шанаваць гісторыю, бо гэта вельмі важна”.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара