В СПК «Маяк-Заполье» сев озимых культур проведен на 80% площадей

У СВК “Маяк-Заполле” сяўба азімых культур ідзе поўным ходам. Па стане на 23 верасня, працаўнікамі прадпрыемства засеяна 1195 га з запланаваных 1500, што складае 80% плошчаў, выдзеленых пад азімыя. Гэта лепшыя тэмпы сяўбы на Карэліччыне. За дзень у гаспадарцы засяваюць 50 га. Маякоўцы добра ведаюць: ад азімых атрымліваецца самая высокая ўраджайнасць.

Аптымальныя тэрміны сяўбы азімых збожжавых культур — з 5 па 25 верасня. Вельмі важна правесці работы ў гэты перыяд. Аднак сёлета на пяць дзён пазней пачалася ўборка, жніво зацягнулася і ў выніку азімы рапс сеялі, калі на некаторых палях яшчэ малацілі зерне. Але, па словах спецыялістаў, пасяўная ідзе па плане і аграрыі справяцца ў тэрмін.

Асноўныя складнікі будучага ўраджаю — дакладнае захаванне тэхналогій сяўбы, камфортныя ўмовы надвор’я і, вядома ж, якасны насенны матэрыял. Менавіта якасці збожжа, якое ляжа ў зямлю, у сельгаспрадпрыемстве надаюць асаблівую ўвагу. Перад тым, як зерне пасеюць, яго неабходна падрыхтаваць. Робяць гэта адразу ж пасля таго, як яно ўбрана з палёў. Збожжа ачышчаецца, пратручваецца і толькі затым кладзецца ў глебу. На прадпрыемстве выкарыстоўваецца насенны матэрыял першай рэпрадукцыі, у мінулым годзе высявалі эліту, насенне самых сучасных сартоў і заўжды свежае.

Механізатар Вячаслаў Севасцьяновіч

У гэтым годзе ў СВК “Маяк-Заполле” пасля доўгага перапынку пасеялі язімыя ячмень і свірэпіцу. Да плошчаў азімага кліну дадалося 100 га азімай свірэпіцы і 80 га ячменю. Плошчы азімага рапсу павялічылі з 450 га да 550. Такое рашэнне прынялі ў сувязі з увядзеннем у эксплуатацыю лініі па перапрацоўцы рапсу, магутнасці якой складае 2 тысячы тон у год.

Стараюцца своечасова справіцца з сяўбой азімых культур і ў іншых гаспадарках. Так, у ДП “Племзавод Карэлічы” засеяна 416 га з запланаваных 570 га, што складае 73%. На прадпрыемстве высяваюць азімыя пшаніцу і ячмень. Хуткімі тэмпамі ідзе сяўба і ў СВК “Свіцязянка-2003”, дзе засеялі 890 з запланаваных 1300 га, што складае 68%. У гаспадарцы высяваюць азімыя жыта, пшаніцу, трыцікале і ячмень.

Палявод Віталій Шэўка

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара