Кацярына Варанко, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 2 г.п. Карэлічы: «Удзел у патрыятычным форуме «Гэта НАША гісторыя», прысвечаным Дню народнага адзінства, стаў для мяне адной з самых яркіх падзей верасня»

Кацярына Варанко, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 2 г.п. Карэлічы:

— Удзел у патрыятычным форуме «Гэта НАША гісторыя», прысвечаным Дню народнага адзінства, стаў для мяне адной з самых яркіх падзей верасня.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні падкрэсліў, што беларусы жывуць на сваёй зямлі, і гэтую зямлю нікому не аддадуць. Ён адзначыў, што палітыка заўсёды вызначала тэрытарыяльны лад краін, таму нашу зямлю часта таптаў бот заваёўніка, нас дзялілі і спрабавалі сцерці з твару зямлі. Але ў беларусаў вельмі моцныя карані, кліч роднай зямлі і голас продкаў. Мы, як птушка Фенікс, адраджаліся з попелу і зноў заваёўвалі сваё права звацца нацыяй. І з гэтым сёння нельга не лічыцца. Мы ёсць і мы будзем, таму што мы разам! Гэтая энергетыка адзінства напаўняла сабой вялікую залу «Мінск-арэны», дзе сабраліся тысячы аднадумцаў з усёй краіны.

Мерапрыемства ўразіла сваёй маштабнасцю. Усе творчыя нумары і пастаноўкі дапамаглі кожнаму прысутнаму здзейсніць экскурс у гісторыю нашай краіны, ад старажытнасці да сучаснасці. Гэта быў не проста патрыятычны форум, а сапраўднае свята для беларускага народа. Атмасфера, якая панавала ў «Мінск-Арэне», запомніцца надоўга сваёй энергетыкай і драйвам. А тыя станоўчыя эмоцыі, якія я атрымала ад мерапрыемства, дадуць сілы і натхненне на новыя ідэі і справы.