Россияне, прибалты, индусы и даже греки. Как проходит туристический сезон в Кореличском районе?

Мірскі замак – велічны помнік гісторыі, волат, які многае памятае і пра многае мог бы расказаць. Яго муры перажылі мноства набегаў і бачылі не адну вайну. Але цяпер, у наш мірны час, ён з радасцю гатовы прыняць гасцей.

Намеснік дырэктара музея “Замкавы комплекс “Мір” Вольга Навіцкая расказвае, што за 8 месяцаў 2022 г. у замку пабывала 209 тысяч турыстаў. Для параўнання: у 2020 годзе ў замак прыехала 120 тысяч, а ў 2021 – 185.

Акрамя беларусаў, замкавы комплекс наведалі госці з Расіі, Эстоніі, Латвіі, Англіі, Грэцыі, Італіі, Польшчы, Германіі, Індыі, Кітая. Па словах Вольгі Васільеўны, гэты спіс можна працягнуць: “Мы не пытаемся ў кожнага турыста, адкуль ён прыехаў. Хтосьці прыязджае ў складзе турыстычных груп з той ці іншай краіны, хтосьці сам расказвае, адкуль ён прыехаў, але так робяць не ўсе”. Для замежных турыстаў распрацаваны аўдыягіды на англійскай, польскай, нямецкай і кітайскай мовах, а таксама даведнікі на літоўскай, нямецкай, кітайскай і французскай мовах. Для тых, хто жадае пераначаваць у старажытным замку, ёсць гасцініца на 16 нумароў, і кожны дзень яна прымае гасцей, нумары не пустуюць.

Многім жыхарам вялікіх гарадоў надакучваюць гарадскія мітуслівасць і тлум. Людзі імкнуцца вырвацца на прыроду, дзе не толькі можна падыхаць чыстым паветрам, але і адпачыць, весела правесці час, ды проста пасядзець вечарам ля кастра і ціхенька памарыць аб нечым патаемным. Такую магчымасць прадастаўляюць аграэкасядзібы, якія ў апошні час набываюць усё большую папулярнасць у турыстаў. Гэтаму садзейнічае і наша неверагодна прыгожая прырода. Нездарма Беларусь двойчы (у 2016 і 2018 гг.) прызнавалася лепшай краінай для аграэкатурызму па версіі расійскага National Geographic Traveler.

У Карэліцкім раёне адкрыта 14 аграсядзіб. Як яны жывуць, хто туды прыязджае, чаму туды вяртаюцца і раяць паехаць сваім сябрам? Аб гэтым мы пагаварылі з некаторымі ўладальнікамі мясцовых сядзіб.

Галіна Лапа з сядзібы “Мірскія крыніцы”, што ў вёсцы Гарачкі, расказала, што ў 2022 г. гасцямі сядзібы былі беларусы і госці з суседняй Расіі. Людзям падабаецца адпачываць на лоне прыроды, а замежным гасцям вельмі даспадобы наша краіна. Галіна Сяргееўна кажа, што прываблівае турыстаў – прырода: “У нас праводзіўся раённы пленэр, былі мясцовыя рабяты, вучні з розных школ, ім усім у нас спадабалася, таму што тут вельмі прыгожыя краявіды, крыніцы літаральна ля плота б’юць”.

Таксама гаспадыня адзначае, што людзі ў нас вельмі спартыўныя, таму на тэрыторыі сядзібы быў пабудаваны спартыўны гарадок: “У асноўным прыязджаюць сем’ямі. Бацькі разам з дзецьмі праводзяць розныя спаборніцтвы. Бывае, што прыязджаюць па дзве, тры сям’і і ладзяць сяброўскія спаборніцтвы. Тут і футбол, і баскетбол, і бадмінтон. Акрамя гэтага, зразумела, можна і адпачыць: у нас ёсць лазня і купель. І, паўтаруся, мясціны вельмі прыгожыя: рэчка Міранка, цудоўны лес, па якім можна на ровары пракаціцца, атрымаць асалоду ад гэтага гаючага паветра, паслухаць птушак”.

Уладальнік аграсядзібы “У Нікадзіма” Нікадзім Нарбутовіч з г.п. Мір расказвае: “У нас адпачываюць у асноўным госці з Беларусі і Расіі. Зімой прыязджалі турысты з Германіі. У асноўным гэта немцы, у якіх тут бацькі засталіся, ці якія нарадзіліся калісьці тут, ці ў Казахстане, і яны едуць туды праз нашу краіну. Раней іх, зразумела, больш было. Зараз з замежнікаў, апроч расіян, нікога не даводзілася прымаць. Для прыезджых у нас створаны ўсе ўмовы: ёсць сауна, басейны, утульныя пакоі.

Адпачываючым падабаецца, аб чым сведчаць водгукі і ў кнізе гасцей, і ў Інтэрнэце. Галоўнае – добра адносіцца да сваіх гасцей.

Калі ты не ўмееш аднолькава добра да ўсіх ставіцца, усіх прыняць, то лепш не бярыся за такую справу”.

Міхаіл Камароўскі, уладальнік сядзібы “Белы бусел” з в. Амневічы: “Госці бываюць у нас амаль кожныя выхадныя. Прыязджаюць сем’ямі і кампаніямі. Летам прыязджалі на некалькі дзён, проста, каб адпачыць. Гасцей мы частуем стравамі беларускай нацыянальнай кухні. У нас ёсць невялікі лазневы комплекс, тры лазні: руская, сауна, у гэтым годзе зрабілі лазню па-чорнаму. Можна вудзіць рыбу. Мы знаёмім гасцей са славутасцямі, якія знаходзяцца непадалёк ад сядзібы: Навагрудак, Свіцязь, Мір, Нясвіж”.

Крыху расказаў пра сваіх гасцей і Віктар Сакель, стваральнік музея “Мірскі пасад” у г.п. Мір: “Людзям падабаецца і сядзіба, і музей, дзе можна ўбачыць старажытныя рэчы, дакрануцца, сфатаграфаваць. А калі казаць пра водгукі, больш запомніўся адзін, ён запісаны ў кнізе гасцей. Прыязджала жанчына з Санкт-Пецярбургу. Аказалася, яе бабуля, якая цяпер жыве ў Прыднястроўі, раней жыла прама ў гэтым доме, дзе цяпер знаходзіцца музей! Пасля візіту яна пакінула такі запіс: “Спасибо, что храните память о нашей семье. Невероятное место, невероятный человек. Надеюсь вернуться сюда с бабушкой, которая тут жила. Будем долго греться воспоминаниями об этом дне”.

У краіне створана многае, што зацікавіць турыстаў і яны раскажуць пра Беларусь сваім знаёмым, а тыя параяць сваім сябрам, збяруцца шумнай кампаніяй і прыедуць знаёміцца з нашай краінай. А наша задача – зрабіць так, каб сустрэча гэтая ніколі не забылася і засталася ў памяці. Каб людзі, якія адпачывалі тут, зноў вярнуліся.

 

Сяргей СТОЛЯР

Фота Ларысы ШУГЛІ і Наталлі САКАЛЯНСКАЙ