Карэліччане разважаюць пра паняцце «народнае адзінства»

Мікіта ЛЯЎКОВІЧ, студэнт 2 курса факультэта гісторыі камунікацый і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы:

— У маім бачанні сутнасці Дня народнага адзінства ляжаць падзеі верасня 1939 года. Менавіта 17 верасня адбываецца доўгачаканы акт гістарычнай справядлівасці, аб’яднання беларускага народа ў рамках сваёй нацыянальнай дзяржавы. Дадзеная падзея дала нешта большае, чым проста ўз’яднанне земляў і насельніцтва. Яна падштурхнула цэлую нацыю да здзяйснення подзвігаў на карысць агульнай справы, развіцця і росквіту беларускай дзяржавы. Мэта сённяшняга пакалення заключаецца ў тым, каб не толькі не згубіць, але і прымножыць дасягненні нашых продкаў і рухаць Беларусь да светлай будучыні. А Указ № 206 аб стварэнні дзяржаўнага свята Дня народнага адзінства, падпісаны Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам ад 7 чэрвеня 2021 года, павінен надаць дадзенаму дню асаблівы сэнс у сэрцах беларусаў.

Ксенія ШАВЕЙКА, вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы:

— Калі глядзець далёка ў гісторыю, то 17 верасня 1939 года — гэта дата аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, падзеленых супраць волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавору. Для мяне народнае адзінства — не толькі гэты дзень, а нешта значна большае. Яно заключаецца ў нашай самабытнасці, культуры, мове і традыцыях. У апошнія гады я прымала ўдзел у алімпіядах па беларускай мове і літаратуры. Мне трэба было прачытаць мноства кніг беларускіх аўтараў. Дзякуючы гэтаму, я іншымі вачыма паглядзела на нашу мову, такую шчырую, мілагучную. Я зразумела нашу непаўторнасць, моцны беларускі характар. Мне здаецца, менавіта нацыянальная самасвядомасць можа стаць аб’яднаўчай сілай Беларусі і вызначыць наша месца на планеце Зямля.

Ганна ШКЛЯРЖ, Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь:

— 17 верасня — Дзень народнага адзінства, дзяржаўнае свята Рэспублікі Беларусь. Для мяне — гэта свята вялікай гісторыі, свята гонару за нашу Радзіму. Гэта чарговая падстава ганарыцца беларускім народам, яго працавітасцю, дабрынёй, самабытнасцю, непаўторнасцю. Гэта падстава парадавацца за працаўнікоў палёў, якія сабралі багаты ўраджай, за чысціню і дагледжанасць нашых сёлаў і гарадоў. Гэта падстава ўспомніць аб каштоўнасці міру і братэрства паміж народамі. Аб’яднаўшыся, мы становімся больш трывалымі, мацнейшымі, паспяховымі. Тольмі сумесныя намаганні прыносяць жаданы вынік, дазваляюць рухацца наперад, дораць радасць. Будзем жыць у сяброўстве, узаемападтрымцы і ўзаемапавазе, радавацца і цаніць кожны мірны дзень гэтага жыцця.

Галіна КАЛТУНОВА, выдатнік асветы Рэспублікі Беларусь:

— Для мяне асабіста гэтае паняцце — перш за ўсё вяртанне ў далёкае дзяцінства. Мы, дзеці, народжаныя ў цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады, на сваім лёсе паспыталі гаючую выратавальную сілу народнага адзінства (хоць у той час такой фармуліроўкі не існавала). Не раз чула ад дарослых, што, каб не ўстаў народ былога Савецкага Саюза сцяной на абарону Радзімы, не выйгралі б Вялікую Айчынную вайну. Мы раслі ўскормленыя разуменнем таго, што і ў радасці, і ў горы людзі павінны быць разам. Памятаю, як кідаліся вяскоўцы на дапамогу сем’ям салдацкіх удоваў, дзе падрасталі дзеці (у тым ліку і маёй): талакой будавалі дамы, сеялі і ўбіралі ўраджай, капалі торф, касілі, жалі, малацілі — усё разам. Бывала, першы кавалачак свежаніны, дамашняй каўбаскі, малако і смятанку неслі як пачастунак, у дамы салдацкіх удоваў. Дзякуючы гэтаму, мы выжылі, сталі людзьмі і носім удзячнасць у сэрцы да сённяшняга часу.

Вось чаму паняцце «народнага адзінства» для мяне азначае моцны падмурак, на якім трымаецца самы дарагі сэрцу Дом — Радзіма. Калі ў гэты падмурак закладзены любоў да яе, адданасць, вернасць яе традыцыям і ідэалам, адказнасць за яе лёс, то ніякім вятрам, бурам не ўдасца знішчыць спакой і суладдзе, парадак і дабрабыт, шчасце, якія поўняць сцены любімага Дома. Нашы сіла, росквіт, незалежнасць і свабода менавіта ў яднанні. Мірнае сонца над родным краем ніколі не закрыюць злобныя хмары варожых наступстваў, калі ў сэрцах нашых будуць жыць, як клятва, словы:

Не аддам, не прадам, не змяняю

Ні на якую ў свеце зямлю.

Бо цябе, родны, любы мой краю,

Я ўсім сэрцам удзячным люблю.

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА і з архіва газеты «Полымя»