У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры адбылося пасяджэнне камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях

У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры адбылося пасяджэнне камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях, на якім абмеркавалі пажарна-тэхнічны стан культавых аб’ектаў і падрыхтоўку да асенне-зімовага перыяду.

Адкрываючы сустрэчу, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Нэлі Маісеенка назвала гэтую нараду пазачарговай і адзначыла важнасць пытання па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду, правядзення прафілактычных мерапрыемстваў, захавання пільнасці з боку грамадзян.

З тлумачэннямі па дадзеным пытанні слова трымаў інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Антон Лецка, які расказаў прысутным аб выкананні правілаў супрацьпажарнай бяспекі ў культавых збудаваннях.

Намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан заклікаў святароў раёна падчас правядзення службы ў сваіх пропаведзях напамінаць прыхаджанам аб захаванні гэтых правілаў і берагчы сябе. «Слова святароў важкае, і яно можа адыграць важную ролю і засцерагчы ад бяды», — перакананы прадстаўнік мясцовай улады.

Яўген Мікалаевіч нагадаў пра ініцыятыву па навядзенні парадку на могілках. Асабліва гэта датычыць забытых магілак, да якіх даўно не прыкладаліся рукі. «Вас паслухаюць грамадзяне, — адзначыў Яўген Чычкан. — Прыклады такой сумеснай работы маюцца ў раёне».

Галоўны спецыяліст сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі  Карэліцкага райвыканкама Вольга Гаўрош выказала ўдзячнасць святарам раёна за садзейнічанне і аказанне дапамогі ў правядзенні раённых мерапрыемстваў.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА