У Карэлічах з 1 верасня закрылі будаўнічы ліцэй. Што чакае працоўны і вучнёўскі калектывы?

З першага верасня бягучага года  закрылася УА «Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй». Будаўнічы ліцэй у Карэлічах рыхтаваў маляроў, муляроў-мантажнікаў, цесляроў, машыністаў кранаў і зваршчыкаў.

Адной з прычын закрыцця ўстановы адукацыі называюць сур’ёзны недахоп навучэнцаў. За каментарыямі звярнуліся да былога дырэктара ліцэя Генадзія Арцюха.

– Аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі тычыцца не толькі нашага раёна, але і ў цэлым рэспублікі, – зазначае Генадзій Мікалаевіч. – У гэтага працэсу ёсць сур’ёзныя перадумовы. Эканамічны эфект – не галоўная прычына, хоць і яе неабходна ўлічваць. Памяншаецца колькасць вучняў ва ўстановах адукацыі – памяншаецца колькасць жадаючых навучацца ў ліцэях. Напрыклад, у мінулым годзе набралі толькі  24 першакурснікі.

Падкрэслю, што пры закрыцці ўстановы адукацыі разглядаліся варыянты  працаўладкавання не толькі педагогаў, але і тэхперсаналу. Усім педагогам была прапанавана работа па профілі ва ўстановах адукацыі раёна, некаторыя працягваюць прафесійную дзейнасць у Навагрудскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі.  Абслугоўваючы персанал  таксама працаўладкаваны ва ўстановы адукацыі і культуры раёна.

Усе навучэнцы  пераведзены і працягваюць адукацыю па абраным імі профілі ў Навагрудскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі з прадастаўленнем пакояў у інтэрнатах. Спецыяльнасць “Электрагазазваршчык. Вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С”. Машыніст крана”, якая была запатрабавана сярод паступаючых, засталася. Таму ўсе жадаючыя мелі магчымасць падаць   дакументы і набыць вышэй названую спецыяльнасць.

Што датычыцца будынкаў установы адукацыі, то зараз разглядаюцца варыянты ўключэння іх у гаспадарчы абарот.

Газета “Полымя” будзе цікавіцца далейшым лёсам будынкаў і інфармаваць свайго чытача.

Кацярына КУКАНАВА