Аграрии Кореличского района получают профсоюзные награды

Уборка збожжавых падышла да свайго лагічнага завяршэння. Прыемна адзначыць, што сваю лепту ў рэалізацыю аграрнай палітыкі дзяржавы ў чарговы раз унеслі працаўнікі  раёна. Людзі, чыё жыццё  звязана з зямлёй, – гэта шчырыя працаўнікі, што вызначаюцца ўтрапёнай любоўю да працы. Ім, 11 членам Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу,  за актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі 2022 года старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК  Ірына Пянькоўская ўручыла Падзячныя пісьмы Карэліцкага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Працаўнікі палёў не прывыклі да павышанай увагі і больш упэўнена адчуваюць сябе у кабіне машыны ці трактара, чым пад прыцэлам фотакамеры. Выконваць звыклую працу больш прыемна, чым адказваць на пытаннi. Але гутарка завязваецца. Бо як маўчаць, калі размова ідзе пра любімую справу?

Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская ”Аляксандр Каспяровіч расказаў, што ўсё жыццё адпрацаваў у гаспадарцы. Працоўную дзейнасцць пачынаў вадзіцелем ГАЗ-53.

–  Няма тых работ у гаспадарцы, на якіх не быў бы заняты,  –  адначае Аляксандр Анатольевіч.   – Радуе і тое, што, хоць і на пенсіі, маю магчымасць яшчэ папрацаваць. Па душы мне, як і кожнаму механізатару, жніво. Тады, прызнацца,  увесь свет перастае існаваць: хочацца малаціць і малаціць….

Нас вітае жанчына з усмешкай на твары. Гэта Алена Ламан. Склалася так, што ў гаспадарку прыйшла не адразу. Трыццаць гадоў прысвяціла  сферы гандлю, а пасля  стала  кладаўшчыком КУСП «Чарняхоўскі-Агра».  Работа нялёгкая, але для  вясковай жанчыны яна штодзённая, звыклая. Увогуле, Алена Георгіеўна не цураецца працы і чым можа дапамагае гаспадарцы.

Там,  дзе іншы можа апусціць рукі, гэты будзе цягнуць, – так можна сказаць пра трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці КСУП “Царука”  Аляксандра Гуцуляка. Працуючы на пагрузчыку, яму даводзіцца выконваць розную работу. І калегі, і члены яго сям’і ведаюць, што механізатара і яго агрэгат  вадой не разліеш.  А таму міжсезоння  не бывае. Для добрага спецыяліста круглы год знаходзіцца работа.

– Вярнуўшыся з арміі, прыйшоў працаваць у калгас,  – расказвае Аляксандр Мікалаевіч, – і вось ужо дваццаць гадоў адданы справе механізатара. Вялікую асалоду атрымліваю ад таго, што раблю і ад усведамлення таго, што важкасць хлебнага каравая  – гэта плён і маёй працы. Як і кожнага  чалавека, шчаслівым мяне робіць сям’я.

Сапраўды, з вясны да восені ў сельскай гаспадарцы работ восем, а то і больш. Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці СВК “Маяк-Заполле” Мікалай Сялецкі некалькі гадоў запар  у час уборачнай кампаніі працуе на камбайне. Гэта вельмі добрасумленны і адказны чалавек. Цяпер механізатар заняты на ворыве. Ён рыхтуе глебу пад вясеннюю сяўбу. Пакуль не ўдарылі маразы, яшчэ шмат чаго трэба паспець, таму Мікалай Сяргеевіч стараецца выкарыстоўваць кожную хвіліну светавога дня. А выпадзе снег – механізатар дасць адпачыць свайму магутнаму сябру, а сам тым часам будзе рыхтаваць плугі і сеялкі да новага сезона.

Старанна адпрацавалі падчас уборачнай кампаніі бягучага года і атрымалі прафсаюзныя ўзнагароды вадзіцель СВК «Свіцязянка-2003»  Мікалай Адамовіч, тэхнік-тэхнолаг ААТ «Карэлічы-Лён» Генадзій Андрушэвіч,  палявод КСУП «Лукі-Агра» Сяргей Донь, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці СВК “Жухавічы” Юрый Клікоцкі, трактарыст-машыніст КСУП «Лукі-Агра» Сяргей Міхей, вадзіцель сельскагаспадарчай вытворчасці КСУП “Племзавод Карэлічы” Леанід Мураўскі, кладаўшчык КСУП “Малюшычы” Галіна Гоцка.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара