В Кореличском районе начали выращивать подсолнечник для производства масла и жмыха

Сланечнік – культура, здаўна вядомая ў жыхароў Паўночнай Амерыкі, дзе яна лічылася свяшчэннай раслінай. У нашы шыроты гэтую кветку прывёз Пётр I, і доўгі час яна выкарыстоўвалася як упрыгожанне для паркаў і садоў. Але ў наш час алей ёсць на кухні кожнай гаспадыні, а жмых, які атрымліваецца пасля перапрацоўкі, – крыніца пратэіну для дойных кароў. Акрамя таго, вырошчванне сланечніка ў прамысловых маштабах — гэта рэальнае імпартазамяшчэнне. Штогод Беларусь завозіць тысячы тон сланечнікавага жмыху і алею. Гэта абыходзіцца ў сотні мільёнаў долараў. Чаму б самім усё гэта не рабіць?

СКАЗАНА
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:
— Нам трэба апрацоўваць сланечнік. Чаму мы гэты алей завозім, закупляем? Чаму мы не можам выціснуць свой алей, а гэты жмых — на корм?
Таксама ад Аляксандра Лукашэнкі прагучала прапанова ўрэзаць дзеля сланечніка пасевы кукурузы. Пры належным падыходзе і захаванні тэхналогій на плошчах, што застануцца, аб’ём ураджаю скараціцца не павінен.
— Паспрабаваць трэба, а потым зробім выснову, — сказаў Прэзідэнт. — Я хачу сам “памацаць” гэта. Для чаго? Калі мы ўбачым, што гэта трэба, гэтаму быць, мы хутчэй гэта рэалізуем. Вось у чым падыходы.
У час наведвання селекцыйна-насенняводчага комплексу Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па земляробстве, 16 жніўня 2022 года.

Галоўны аграном ДП “Малюшычы” Сяргей Шыш

У гэтым годзе сланечнік паспрабавалі вырасціць у ДП “Малюшычы”. Галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Шыш расказвае аб асаблівасцях вырошчвання і ўборкі гэтай культуры:

— Раней мы сеялі сланечнік разам з кукурузай, а сёлета вырашылі паспрабаваць вырасціць асобна, таму што сланечнік – выдатная крыніца бялкоў і, у адрозненне ад рапсу, культура даволі непатрабавальная. Вядома, неабходна папярэдняя падрыхтоўка. Восенню мы зааралі зябліва на глыбіню 23-25 см, вясной унеслі калійныя і азотныя ўгнаенні. За сезон зрабілі ўсяго адну хімічную апрацоўку — праполку гербіцыдамі, рапс жа за сезон патрабуе 3-4 апрацоўкі. Ад ураджаю гэтага года залежыць, ці будзем ім займацца ў бліжэйшую перспектыву. Уборку пачнем у кастрычніку. Дарэчы, для гэтага падыходзяць звычайныя камбайны “Гомсельмаш”, проста навешваюцца спецыяльныя жаткі.

Аб тым, як займаюцца вырошчваннем сонечнай культуры ў раёне, расказвае начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Ілья Самуйлік:

— У Карэліцкім раёне сланечнік пасеяны пакуль толькі ў ДП “Малюшычы”, дзе ён вырошчваецца на зерне. У гэтай гаспадарцы пад яго адведзена 90 га. Кулісныя пасевы (два рада кукурузы і два рада сланечніку) ёсць у СВК “Жухавічы” (280 га) і “Свіцязянка-2003” (150 га). Пажыўная сумесь закладваецца ў сянажна-сіласныя траншэі на корм жывёле. Сланечнік — вельмі перспектыўная культура. У гэтым годзе мы зрабілі пробныя пасевы, паглядзім, што атрымаецца на нашых землях. У наступным годзе, магчыма, іншыя прадпрыемствы зацікавяцца, тым больш, што ў Карэліцкім раёне ёсць магчымасць перапрацаваць сланечнік на алей. Лініі па перапрацоўцы алейных культур працуюць у СВК “Жухавічы”, “Маяк-Заполле”, “Свіцязянка-2003” і на ААТ “Карэлічы-Лён”.

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара