18 сентября — День работников леса. Лесничий Мирского лесничества Андрей Масько рассказывает о специфике своей профессии

Амаль 40% нашай краіны пакрыта лясамі. Лясная прамысловасць – важнейшы напрамак дзейнасці, які забяспечвае экалагічную бяспеку рэспублікі. Мы любім бываць у лесе, адпачываць там, атрымліваць асалоду ад гаючага ляснога паветра. І вельмі важна берагчы гэтае багацце, памнажаць яго і клапаціцца аб ім.

18 верасня супрацоўнікі лясной гаспадаркі адзначаюць прафесійнае свята, з нагоды якога мы пагутарылі з ляснічым Мірскага лясніцтва Андрэем Масько.

— Андрэй Аляксандравіч, што прывабіла Вас у прафесіі? Чаму вырашылі звязаць жыццё з лесам?

— Можна сказаць, што натыкнуўся на спецыяльнасць выпадкова. Сам я з вёскі, у лесе бываў часта, вельмі падабалася знаходзіцца там, таму вырашыў паспрабаваць.

— Якія задачы стаяць перад працаўнікамі лясной гаспадаркі?

— У першую чаргу, гэта ахова лесу ад пажараў і парушэнняў. У нашы абавязкі ўваходзіць лесанарыхтоўка і аднаўленне лесу: мы садзім дрэвы, даглядаем маладняк. У пачатку жніўня гэтага году да нас прыязджала дэлегацыя з Расіі, мы знаёмілі іх з вядзеннем лясной гаспадаркі. Паказалі ўвесь цыкл ад нарыхтоўкі, пастаноўкі на ўлік (у нас ужо год дзейнічае электронная сістэма ўліку драўніны),  да аднаўлення лесу: падрыхтоўкі лесасекі і самой пасадкі. У гэтым годзе мы набылі спецыяльную машыну для пасадкі лесу, работу якой прадэманстравалі сваім калегам.

— Назавіце фактары, якія адмоўна ўплываюць на лес.

— Перыядычна дрэвы сохнуць. Прычына гэтаму – караед – маленькі жучок, які вельмі хутка размнажаецца і моцна шкодзіць дрэвам. Найбольш пакутуюць ад гэтага сасна і елка. Для таго, каб пазбавіцца ад караеда, мы праводзім санітарныя высечкі, суцэльныя або выбарачныя. А для маніторынгу колькасці жука вывешваем ферамонавыя пасткі – спецыяльныя прылады, што распаўсюджваюць ферамоны, на якія злятаюцца шкоднікі.

— Як прайшоў летні сезон? Ці былі якія-небудзь надзвычайныя сітуацыі?

— Літаральна на тым тыдні здарыўся адзін невялікі пажар. Прычынай стала спякота. У цэлым па раёне была ўведзена забарона на наведванне лясоў, і лета абышлося без надзвычайных сітуацый.

— Якія парады можаце даць наведвальнікам лесу?

— Калі ёсць забарона на наведванне лесу, то яе не трэба ігнараваць. Бо гэта не чыёсьці жаданне, не капрыз лясгасу, а робіцца для таго, каб абараніць лес ад магчымых надзвычайных сітуацый. Таксама хочацца нагадаць пра пажарную бяспеку ў лесе. Не кідайце недакуркі, не пакідайце без нагляду кастры. Пасля адпачынку нельга пакідаць смецце, яно нікуды не знікае, а забруджвае лес. Трэба беражліва ставіцца да лесу. Я думаю, гэта не складана.

— Што б Вы хацелі пажадаць калегам з нагоды прафесійнага свята?

— Самае галоўнае – берагчы сябе, не грэбаваць правіламі тэхнікі бяспекі. Здароўя і дабрабыту ў сям’і, бо калі ўсё добра дома, то і на працу ідзеш з большым задавальненнем.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара

4
2
1