Заслуженный учитель Республики Беларусь Анна Константиновна Шклярж празднует юбилей

Прадстаўляць Ганну Канстанцінаўну Шклярж, былую настаўніцу біялогіі дзяржаўнай установы «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы», няма патрэбы: яе імя добра вядома ў педагагічным, вучнёўскім, бацькоўскім асяроддзі не толькі нашага раёна, але вобласці і нават рэспублікі. Такая вядомасць не прыйшла сама па сабе, яна — асноўны паказчык фенаменальнай адданасці Ганны Канстанцінаўны сваёй прафесіі, фантастычнай працавітасці і ўмення зацікавіць вучняў выкладваемым прадметам, узгадаваць талент у іх асобе, прывесці да ўнікальных дасягненняў. Толькі ўдумацца: на працягу амаль 20 гадоў імёны яе выхаванцаў гучалі ў ліку пераможцаў і прызёраў абласных і рэспубліканскіх (як і раённых) алімпіяд па біялогіі!

Таму і праца настаўніцы заслужана адзначалася рознымі ўзнагародамі і званнямі: у 1986 годзе ўзнагароджана ордэнам Працоўнай славы III ступені; у 1990 г. удастоена звання «Старшы настаўнік»; у 1993 г. атрымала значок «Выдатнік адукацыі РБ»; у 2000 г. рашэннем Карэліцкага райвыканкама прысвоена званне «Педагог-майстар»; лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года Беларусі»; і ўрэшце рэшт у 2012 г. Ганне Канстанцінаўне прысвоена званне «Заслужаны настаўнік Беларусі»! Яе партрэт упрыгожваў раённую Дошку пашаны, а імя занесена ў абласную і раённую Кнігі Славы. Пры ўсім гэтым яна ніколі не здрадзіла сваёй чалавечай сутнасці: не дапускае зазнайства, фанабэрыстасці, застаецца носьбітам сціпласці, шчырасці, дабрыні, добразычлівасці, паважлівасці як да дарослых, так і да дзяцей, што зайздросна спалучаецца з не менш важнымі прызначэннямі: быць любячай Жонкай, Маці, Бабуляй, Сябрам з вялікай літары, Берагіняй сямейнага шчасця і проста абаяльнай, пяшчотнай Жанчынай.

У жыцці кожнага чалавека надыходзіць такі момант, калі аднойчы сумам ускалыхнецца душа: «Як хутка праляцелі гады! Як хутка наступіла восень лёсу!» На жаль, не вынайшлі яшчэ вучоныя сродкаў, каб прыпыніць гэтую восень, але ўсё ж існуе просты і даступны любому чалавеку метад абнаўлення сэрца — вобраз успамінаў дарагіх. Зазвініць ён аднойчы выратавальным званочкам — і пакліча, павядзе ў радасць пражытага, непаўторнага, закружыць у віхуры шчаслівых імгненняў, а іх у настаўніцкім жыцці, як у Г. К. Шклярж, не злічыць. І пальецца перазвон памяці песняй, якая не дазваляе паддавацца ўзросту, і напоўніць душу мелодыяй адчування, што нездарма аднойчы з’явіўся на свет, нездарма аддаў сябе дзецям…

Менавіта такой мелодыяй былі аздоблены хвіліны сустрэчы з Ганнай Канстанцінаўнай напярэдадні яе юбілею (23 верасня споўнілася 70 гадоў, хоць гледзячы на гэтую прыгожую жанчыну цяжка паверыць лічбам), каб з яе дапамогай адшукаць сакрэты настаўніцкага і сямейнага шчасця, якое напаўняе радасцю жыццё, дапамагае з годнасцю пераадольваць узнікаючыя цяжкасці.

Вытокі шчасця Г. К. Шклярж бяруць свой пачатак на малой радзіме, у вёсцы Нача Ляхавіцкага раёна, у дарагім сэрцу бацькоўскім доме. Менавіта прыклад бацькоў заклаў у душы разуменне, на чым павінна грунтавацца сапраўднае шчасце: на вернасці ў пачуццях, узаемапавазе, узаемападтрымцы, асабліва ў цяжкасцях, працавітасці, бязмежнай любові да дзяцей і ўнукаў, паважлівасці да людзей, уменні будаваць узаемаадносіны з імі.

Гэтыя неацэнныя каштоўнасці перанесла Ганна Канстанцінаўна ў сваё жыццё. Удзячна яна бацькам і за тое, што паўплывалі яны некалі на выбар будучай прафесіі, бо не раз настойліва раілі:

«Не існуе на свеце больш паважанай і аўтарытэтнай прафесіі, як настаўнік. Ён патрэбен кожнаму чалавеку, падумай, дачушка».

Усялякія сумненні адпалі, калі ў клас прыйшла выкладчыца біялогіі Карпінская Лідзія Антонаўна, якая прывіла любоў да прадмета, стала для дзяўчынкі ўзорам сапраўднага педагагічнага майстэрства, і яна ўжо не вагалася ў вызначэнні прафесійнага выбару. Вышэйшую адукацыю атрымоўвала завочна ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя М. Горкага, лёс прывёў яе ў Карэліцкі раён (прыехала на месца работы мужа), дзе з 1970 года пачаўся адлік яе бліскучага ўзыходжання на Алімп педагагічнай дасканаласці, сведкам якога з’яўлялася і я, працуючы поплеч не адзін дзясятак гадоў, наталяючы душу яе талентам.

Шлях у прафесію

Перш чым атрымаць прызначэнне ў Карэліцкую СШ выкладчыкам біялогіі (1979 год), Ганна Канстанцінаўна адпрацавала і настаўніцай пачатковых класаў у Ляхавіцкім і Карэліцкім раёнах, і настаўніцай біялогіі Дальнаруцкай васьмігадовай школы, і старшай піянерважатай Карэліцкай СШ. «Мне вельмі пашанцавала з калектывам, у які я папала, таму што аснову яго складалі моцныя, вопытныя педагогі, настаўнікі з вялікай літары, якія з’яўляліся прыкладам для пераймання. Мудрае кіраўніцтва школы ва ўсе гады маёй працы дапамагала выпрацоўваць у характары ўпэўненасць, вызначаць галоўнае ў авалодванні прафесійных навыкаў, — успамінае Ганна Канстанцінаўна. — Наведваючы пасяджэнні метадычнага аб’яднання біёлагаў раёна, заўсёды з захапленнем глядзела на вопытных калег і думала: «Няўжо такой багатай на веды і я стану?» Таму старалася вучыцца ў іх, брала для сябе ўсё найлепшае ад іх, займалася самаадукацыяй, каб не падвесці ні калектыў школы, ні дзяцей, ні бацькоў.

Непарушнымі правіламі для Ганны Канстанцінаўны сталі ўсведамленні: каб стаць добрым настаўнікам, трэба любіць дзяцей і той прадмет, які выкладаеш, а любы поспех — гэта не выпадак, а карпатлівая праца.

Зараз успамінаецца, як у першы раз наведаўшы яе ўрокі тагачасны завуч школы, легендарны М. М. Данільчык, сказаў: «Нам пашанцавала: у калектыў прыйшоў чалавек, які стане сапраўдным настаўнікам». І не памыліўся. Сакрэт таленту настаўніцы ў тым, што яна ніколі не спынялася на дасягнутым. Самаадукацыя, набыццё прафесійных ведаў, каб на любое пытанне вучняў даць адказ, фанатычная ўлюбёнасць у сваю працу, фантастычнае ўменне любіць дзяцей, прыроджаны такт ва ўзаемаадносінах з імі, самаахвярнасць, непамерная адказнасць перад сабою, выхаванцамі, калегамі, бацькамі, перад сваім сумленнем — вось галоўныя складнікі яе працы і характару. Прафесію настаўніка Ганна Канстанцінаўна параўноўвае з прафесіямі ўрача і сейбіта: «Мы ўсе не маем права на памылку. Памылка ўрача — гэта чыёсьці здароўе і працягласць жыцця, памылка сейбіта — гэта хлеб на стале, а, значыць, людское здароўе і жыццё. Памылка педагога — гэта духоўнае здароўе нацыі».

Вучні. Бацькі. Сябры

Дзіцячыя сэрцы Г. К. Шклярж заваёўвала і заваёўвае сваім прыкладам. Мяккая, але цвёрдая ў дасягненні мэты, па-мацярынску пяшчотная, але справядлівая, з году ў год праходзіла складаны маршрут да пакарэння Алімпу ведаў разам з выхаванцамі, каму выпала шчасце вучыцца раней і сёння ў яе (у ліку шчаслівых — мае дзеці і ўнук).

Для настаўніцы не існавала складаных калектываў, цяжкіх дзяцей, старалася атачыць даверам і павагай кожнага, памятаючы: любая сітуацыя ўзнікае невыпадкова, неабходны індывідуальны падыход да асобы вучня, каб выратаваць яго душу.

І ўсё ж удзельнікі алімпіяд па біялогіі — асаблівыя людзі ў яе жыцці, яе гонар, яе радасць. За гады падрыхтоўкі да алімпійскіх паспытанняў (раённых, абласных, рэспубліканскіх) яны становяцца такімі ж дарагімі, любімымі, як свае дзеці. «Самае вялікае жаданне ў любога настаўніка — каб заўсёды былі вучні, якія б захапляліся пэўным прадметам, у маім выпадку — біялогіяй, — свеціцца радасцю Ганна Канстанцінаўна. — Каб іх не палохалі цяжкасці пры падрыхтоўцы да алімпіяды, бо гэта нялёгкая праца, якой трэба аддаваць шмат сіл, часу, адмаўляючыся ад многіх звыклых захапленняў. Затое якое шчасце прыносіць перамога навучэнцаў! Разумееш, што ўсе намаганні аказаліся не дарэмнымі, што гэта вынік сумеснай працы». Колькі радасці было, калі вучаніца 11 класа Дар’я Шугля  ў 2012 годзе не толькі стала мацнейшай у рэспубліцы па біялогіі, але і атрымала прыз Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, які ўручаецца адзін раз у год і толькі аднаму вучню! А перамога Рамана Пярэські на рэспубліцы, а потым атрыманне ім на Міжнароднай алімпіядзе Дыплома III ступені і бронзавага медаля! Эмоцыі зашкальвалі! Трое вучняў прынеслі ў скарбонку поспехаў настаўніцы 100-бальны вынік на тэсціраванні па біялогіі — ізноў радасць!

Сваіх зорачак Ганна Канстанцінаўна носіць у сэрцы, памятае кожнага і да сённяшняга часу падтрымлівае з імі сувязь. Шчасце настаўніка, па яе прызнанні, у аддачы з боку былых вучняў.

А іх словы ў адрас любімага выхавальніка гавораць самі за сябе. «Яна носьбіт вялікага і добрага сэрца, — гаворыць пераможца абласных алімпіяд, зараз студэнтка 4-га курса Гродзенскага медінстытута Вераніка Шумчык, — стала для мяне блізкім і дарагім чалавекам. Ганна Канстанцінаўна, няхай усмешка заўсёды ззяе на Вашым твары!»

«Незвычайны чалавек, — дзеліцца Маша Сурко, стаматолаг, — з душой падыходзіць да ўсяго, чым займаецца, да яе можна звярнуцца па любым пытанні — дапаможа, параіць, разважыць. Ніколі не павышала голасу на вучняў, выхоўвала дабрынёй і чалавечнасцю. Для мяне засталася любімай і роднай».

Дар’я Шугля, урач акушэр-гінеколаг, даслала Ганне Канстанцінаўне такія словы: «З Ганнай Канстанцінаўнай разам мы ўжо 14 гадоў. Калісьці менавіта з ёй пачалася работа над здзяйсненнем маёй мары. Крок за крокам гэты чалавек быў побач, цярпліва вучыў, шчыра падтрымоўваў, разумеў і прымаў. Тая прыступка, на  якой знаходжуся зараз я, нейвамерная без яе. І на пытанне: «Кім для вас з’яўляецца Ганна Канстанцінаўна?» — шчыра магу адказаць: «Сям’ёй». Многія падтрымаюць маё меркаванне, што на яе ўроках была асаблівая атмасфера. Усе спяшаліся да яе, каб пагаварыць па душах. Так-так! Толькі ўявіце, што многія дзеці абсалютна розныя, не задумваючыся, выкарыстоўвалі размову з Ганнай Канстанцінаўнай як замену размовы з псіхолагам. І ні ў каго не ўзнікала думкі, каб саромецца, што яго не зразумеюць ці не прымуць. Дзеці адчувалі гэтую адкрытасць, гэтую роўнасць, адсутнасць асуджэння, адчувалі падтрымку. А ў адказ стараліся вучыць біялогію. У рамках сваіх сіл. Вось такі сімбіёз атрымоўваўся». Залатыя словы!

«Унікальны чалавек у сваёй сціпласці, — прызналася мама Дар’і, Наталля Георгіеўна. — З ёй проста, даступна, зразумела. Такіх людзей — адзінкі. Ганна Канстанцінаўна не толькі таленавіты педагог, яна Настаўнік жыцця. Умее супакоіць, паўплываць, дзе трэба, на характар, накіраваць на правільны шлях». Такой жа думкі прытрымоўваецца Алена Піменаўна Валюк, сяброўка Ганны Канстанцінаўны (сябруюць з 1976 года!), і дадае: «Яе дабрыні, яе чалавечнасці, вернасці я вучуся вось ужо 46 гадоў. Шчырая, ніколі не падвядзе ні ў чым, не здрадзіць, не пакрывіць душою. Побач з ёю надзейна, спакойна. Мы жывём з даверам ва ўзаемаадносінах. Яна — чалавек з вялікай літары. Для мяне як сястра, бліжэй і даражэй за яе ў мяне нікога няма на свеце».

Усё напісанае мною — не проста словы, не захвальванне асобы Ганны Канстанцінаўны, яна не любіць гэтага, а шчырае жаданне намаляваць вобраз сапраўднага настаўніка, які пакінуў педагогам арыенцір для дасягнення прафесійных поспехаў, для развіцця схільнасцей і здольнасцей дзяцей.

Каб з яе выхадам на пенсію не знікла каштоўная традыцыя ўзгадоўвання алімпіяднікаў-пераможцаў, каб памяталі, што школу выратуе добры настаўнік, які не саромеецца сваёй прафесіі, любіць яе, ганарыцца ёю, як гэта рабіла і робіць Ганна Канстанцінаўна.

А напрыканцы — аб самай галоўнай яе вяршыні шчасця, што на самой справе мае значэнне для Ганны Канстанцінаўны — аб людзях, якіх яна бясконца любіць, з якімі яна шчаслівая. Гэта сям’я — муж, дзеці, унучкі. «Я шчаслівая, што лёс дапамог зрабіць адзіна правільны выбар спадарожніка жыцця, — прызнаецца жанчына, — маёй надзейнай апоры, майго дарадцы, майго галоўнага памочніка ва ўсіх жыццёвых сітуацыях, майго моцнага надзейнага тылу. Мала хто вытрымаў бы рытм майго школьнага жыцця: падрыхтоўка алімпіяднікаў патрабавала круглагадовай працы, можна сказаць, без адпачынку, без водпуску. Ніколі не папракнуў, наадварот, радаваўся поспехам дзяцей не менш, чым я. Цяжкасці гадоў, калі хварэла мама, дзяліў пароўну са мной. Мы выхавалі цудоўных дзяцей, у нас цудоўныя ўнукі». І гэта сапраўды так. Іх сэрцы б’юцца ва ўнісон, у іх аднолькавыя погляды на жыццё, аднолькавыя хобі — пешаходныя прагулкі, лазня, агарод. У яго яшчэ — рыбалка. А самае вялікае шчасце — калі збіраецца сям’я разам. Яны ганарацца дачкой Вольгай, настаўніцай пачатковых класаў у адной са школ Гродна, якой бацькі імкнуцца даверыць сваіх дзяцей; сынам Віталіем, які служыць узорам для сына Мацвея і дачкі Дар’і, будучага харэографа. Рэдкі выпадак, калі дарослая дзяўчына прызнаецца тату, віншуючы яго з днём нараджэння: «Ты самы блізкі на зямлі чалавек. Самы родны і самы любімы. Я кожны дзень дзякую Богу за тое, што ў мяне такі тата, які заўсёды зразумее, падтрымае і прабачыць любое глупства. Кожная размова з табой як споведзь: выказаўся, — і як камень з душы…» Мечаслаў Іванавіч і Ганна Канстанцінаўна ганарацца, што старэйшы ўнук Максім вырас сапраўдным мужчынам, што другі ўнук Мацвей — не здрадзіў мары стаць афіцэрам, вучыцца на ваенным факультэце Гродзенскага ўніверсітэта, з’яўляецца членам роты ганаровага каравула факультэта; вялікую радасць прыносіць ім двухгадовая Васіліска, якая ўжо лічыць да 10 і расказвае казкі. А таксама непаўторныя імгненні, калі па тэлевізары бачаць, як іх Дар’юшка ўручае букет Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку ў час наведвання ім Гродзеншчыны… Мечаслаў Іванавіч і Ганна Канстанцінаўна ўмеюць сагрэць сэрцы дзяцей і ўнукаў і дарыць, як яны, прыемныя нечаканыя сюрпрызы. Вось нядаўні з іх: сабраліся і паехалі ў чэрвені ў Гродна, каб разам з сем’ямі дзяцей пабыць на выступленні роты ганаровага каравула з удзелам унука Мацвея. Колькі было радасці! А прыгожай сям’і зайздросцілі прысутныя…

Менавіта сямейнае суладдзе не дазваляе старэць Ганне Канстанцінаўне. Нярэдка задаюць пытанне яе мужу: «Што ты робіш, каб яна так добра выглядала?» Адказ чытаецца ў яго вачах: «Я яе проста люблю». Тое ж можна сказаць і ў адрас Ганны Канстанцінаўны. Гэтай любоўю ўскормлены іх дзеці і ўнукі…

Аднойчы прачытала неверагодна мудрыя радкі верша, якія можна адрасаваць сям’і Шклярж:

…Закрой глаза. Представь уют,

То место, где всегда поймут,

Где нету зла и нет печали,

Где по тебе всегда скучают.

Ты скажешь, нет такого места.

Нет, есть: родительское

сердце…

А гэта і ёсць сапраўднае шчасце, якое поўніць жыццё. Дык няхай яго агеньчык ніколі не гасне ў вашым доме, мілая Ганна Канстанцінаўна. З юбілеем Вас! Няхай радасць штодзень наведвае Вас!

Галіна КАЛТУНОВА

Фота Іны ЛЕЙКІ