На планерке у председателя: мониторинг цен, витамины для школ и детсадов, рекордный урожай льнотресты

Камісія па кантролі за цэнамі на тавары і паслугі, створаная 7 кастрычніка распараджэннем старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева, працягвае працу. Па выніках маніторынгаў цэны на тавары і паслугі, зафіксаваныя па стане на 6 кастрычніка, у раёне не выраслі. Пра гэта паведамілі на аператыўнай працоўнай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

— Пад кантролем камісіі знаходзяцца гандлёвыя аб’екты Карэліцкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства, гандлёвыя аб’екты прыватнай формы ўласнасці, Карэліцкае РУП ЖКГ, Карэліцкае УКП БАН, Карэліцкая ЦРБ, аб’екты Гродзенскага РУП «Фармацыя», — нагадаў Генадзій Шатуеў. — Згодна з Дырэктывай нумар 10 «Аб недапушчальнасці росту цэн», падпісанай Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам па выніках нарады аб цэнавай сітуацыі ў краіне 6 кастрычніка, будуць выпрацаваны меры па ўдасканаленні цэнавага рэгулявання.

Па словах намесніка старшыні райвыканкама Яўгена Чычкана, цэны на прадукты ва ўстановах адукацыі зафіксаваныя па стане на 1 верасня і з таго часу не выраслі.

Кіраўнік раёна пацікавіўся, ці забяспечаны школы і дзіцячыя сады свежай гароднінай і яблыкамі. На сёння для дзяцей нарыхтавана 8,6 т бульбы, 1 т капусты, 640 кг морквы, 700 кг буракоў і 365 кг цыбулі. Школамі нарыхтавана 9 тон яблыкаў.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў падкрэсліў, што з пачаткам ацяпляльнага перыяду пад пільным кантролем мясцовых выканаўчых органаў знаходзіцца бяспека жыццядзейнасці асобных катэгорый грамадзян: адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых, асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, сацыяльна небяспечных сем’яў. Тым, хто меў патрэбу, да наступлення халадоў была аказана дапамога ў рамонце печаў, электраправодкі, устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

У раёне актыўна праводзіцца вакцынацыя ад грыпу і рэвакцынацыя ад COVID-19. На сёння ад грыпу прышчэплена 5,23% насельніцтва, 55% карэліччан рэвакцынаваны ад каранавіруснай інфекцыі. У раёне працуюць выязныя медыцынскія групы, якія праводзяць вакцынацыю на працоўных месцах. Зрабіць прышчэпку можна і ва ўстановах аховы здароўя раёна па прапісцы.

Паводле слоў намесніка старшыні райвыканкама Ігара Лазарэвіча, карэліцкія льнаводы завяршылі нарыхтоўку лёну-даўгунцу. Маецца 16 тысяч тон ільнотрасты, што з’яўляецца лепшым паказчыкам за ўсю гісторыю працы завода. Для параўнання ў мінулым годзе было нарыхтавана 12,3 тыс. тон. Рытмічна выконваецца дзяржаўны заказ. За 9 месяцаў бягучага года на Аршанскі льнозавод адпраўлена 735 тон доўгага льновалакна пры плане 760 тон. Выкананы дзяржзаказ і на кароткае льновалакно ў памеры 765 тон. На экспарт пастаўляецца каля 60 працэнтаў кароткага льновалакна. ААТ «Карэлічы-Лён» працуе рэнтабельна.

Завяршылася бетаніраванне аб’язной дарогі вакол г.п. Мір, здача ў эксплуатацыю якой пройдзе ў чацвёртым квартале бягучага года.

Работнікі Карэліцкага ДРБУ-158 завяршылі асфальтаванне ўчастка дарогі Райца-Цырын-Навасёлкі ў вёсках Аканавічы і Цырын працягласцю 1,87 км. Пасля капітальнага рамонту маста цераз раку Зямчатка каля аграгарадка Малюшычы адкрыты рух транспарту. Наступныя аб’екты дарожнікаў — тэрыторыя МТФ «Кожава» і вуліца Царука ў г.п. Карэлічы.

На гэтым тыдні завяршаецца капітальны рамонт дома па вул. Савецкай, 21 у г.п. Карэлічы. Рамонт суседняга дома па вул. Прытыцкага, 1а плануецца завяршыць у лістападзе бягучага года.

 

Іна ЛЕЙКА