Цырын — месца, дзе ведаюць мінулае, любяць сучаснае, думаюць пра будучыню. У гэтым упэўніліся ўдзельнікі выязнога пасяджэння райвыканкама і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў

Беларусь — дзяржава для народа, у якой пра кожнага чалавека — асаблівы клопат. Важную ролю ў гэтым выконвае мясцовае кіраванне і самакіраванне, у прыватнасці сельскі выканаўчы камітэт як самы блізкі да патрэб людзей дзяржаўны інструмент. Чарговае пасяджэнне Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў насіла выязны характар і адбылося ў Цырынскім сельсавеце.

Памяць жыве ў сэрцах

У самым цэнтры Цырына знаходзяцца воінскія могілкі, дзе пахаваны савецкія воіны і партызаны, самым вядомым з якіх з’яўляецца камандзір партызанскага атрада імя Золатава Мікалай Сяргеевіч Заруднеў. У верасні на яго магілу з г. Стаўрапаль Расійскай Федэрацыі прыязджалі яго ўнук Андрэй Рыгоравіч са сваімі сынамі. Перад памяццю загінулых схілілі галовы і ўдзельнікі выязнога выканкама. Былы старшыня Цырынскага сельвыканкама Тамара Зяленская адзначыла:

— Мы павінны ведаць і памятаць сваё мінулае. Пакуль у дзіцячым садку чытаюць вершы аб вайне і спяваюць ваенныя песні, пакуль у навучальных праграмах школ гэтая тэма будзе асветлена абсалютна сумленна і адкрыта, да таго часу мы не страцім памяць аб вайне. Важна сёння гаварыць з моладдзю пра гэта, тады гістарычная памяць будзе захоўвацца.

Вялікай увагі заслугоўвае таксама музей Баявой і Працоўнай Славы, размешчаны ў будынку Цырынскага сельвыканкама і адкрыты ў 1985 годзе, у дзень 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У яго фондах захоўваюцца ўнікальныя дакументы, фатаграфіі і экспанаты, пачынаючы ад дарэвалюцыйнага перыяду і да росквіту мясцовага калгаса-мільянера «Ленінскі шлях». Ініцыятарам стварэння музея стаў былы яго старшыня Іван Міхайлавіч Паўловіч. Ён узначаліў адсталую гаспадарку ў 1958 годзе і за тры гады прывёў яе да росквіту.

Памяць аб мінулым захоўваюць і ў Цырынскай сярэдняй школе. Напрыклад, этнаграфічны музей — сапраўдная хатка беларускага селяніна пачатку XX стагоддзя.

Няхітры посуд, мэбля, прылады працы — усё гэта адносіць аматараў гісторыі на два стагоддзі таму.

У кабінеце гісторыі — пакрытая мохам партызанская зямлянка, гледзячы на якую, можна ўявіць, як партызаны пры святле газавай лямпы чыталі весткі з фронту, пілі гарбату з кацялка і адпачывалі пасля начнога задання на драўлянай ляжанцы. На сцяне, побач з фатаграфіямі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дадзеныя аб спаленых вёсках і забітых мірных жыхарах Карэліцкага раёна.

Нядаўна ва ўстанове адукацыі з’явілася новая экспазіцыя, якая змяшчае 100-гадовую гісторыю Цырынскай школы ў фатаграфіях. Усе гэтыя сведкі гісторыі карыстаюцца папулярнасцю ў мясцовых школьнікаў.

Сапраўдным месцам сілы цырынскай зямлі з’яўляецца храм святога архангела Міхаіла. Ён вядомы цудатворнай іконай Божай маці «Траеручніца», якая абнавілася прама на вачах у людзей. У гады вайны падчас пажару ў храме гэты абраз удалося выратаваць. Праз шмат гадоў святыня была вернутая ў царкву і на вачах у вернікаў абнавілася: ледзь прыкметнае пацямнелае ад часу аблічча святой Дзевы заззяла. Ёсць сведчанні таго, як вельмі хворыя людзі, прыклаўшыся да яе, вылечваліся.

Цяжка не пагадзіцца, што Цырын з’яўляецца прывабным кутком для аматараў паклоннага турызму. Немалаважна, што храм святога архангела Міхаіла ўвайшоў у турыстычны маршрут, які праходзіць па праваслаўных святынях Карэліцкага раёна.

Клопат і камфорт для вяскоўцаў

10 чэрвеня на рэспубліканскім семінары-нарадзе «Актуалізацыя форм і метадаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні» Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў: » Нагадаю ўраду і мясцовым органам улады: найважнейшая задача пяцігодкі — ураўнаваць сацыяльныя стандарты для гарадской і сельскай мясцовасці. Гэта датычыцца не толькі паслуг сувязі, але і якасці і ахопу транспартным паведамленнем, медыцынскім абслугоўваннем. У сталіцы яны на парадак вышэй, чым у любым раённым цэнтры або аграгарадку. Менавіта на сяле фарміруецца наша харчовая і, калі хочаце, дэмаграфічная бяспека. Там аснова развіцця краіны».

У тым, што вяскоўцы атрымліваюць кваліфікаваную і, галоўнае, даступную медыцынскую дапамогу, можна было пераканацца ў Цырынскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Тут працуюць два ўрачы: агульнай практыкі і стаматолаг, а таксама чатыры сярэднія медработнікі. Укамплектаванасць штатам поўная. На базе амбулаторыі функцыянуюць сем кабінетаў: урача агульнай практыкі, стаматалагічны, акушэрскі, прыёму здаровых і хворых дзяцей, прышчэпачны і працэдурны. Ёсць лабараторыя, дзённы стацыянар на чатыры ложкі. У бягучым годзе за спонсарскія сродкі набыта электронна-вылічальная тэхніка і абноўлена мэбля. У распараджэнні ўрача ёсць аўтамабіль, таму ён можа наведваць пацыентаў нават у самых аддаленых вёсках сельсавета.

У Цырынскай сярэдняй школе ёсць неабходныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей. Сёння яе наведваюць 50 школьнікаў і 10 дашкольнікаў. За апошнія два гады на набыццё абсталявання затрачана амаль 3 тысячы рублёў, на правядзенне рамонту — амаль 6 тысяч рублёў. Усе навучэнцы атрымліваюць гарачае харчаванне. 19 хлопчыкаў і дзяўчынак з іншых населеных пунктаў прыязджаюць на заняткі на школьным аўтобусе. На базе школы функцыянуюць профільныя класы аграрнай накіраванасці, выпускнікі якіх у будучым выбіраюць сельскагаспадарчыя спецыяльнасці.

 

 

 

 

Удзельнікі выязнога выканкама пабывалі і ў магазіне Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства «Родны кут». Чатыры гады таму ў гандлёвай кропцы быў праведзены капітальны рамонт з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. У выніку са сціплай сельскай крамы «Родны кут» ператварыўся ў камфортны міні-маркет з шырокім асартыментам прадукцыі і самаабслугоўваннем. На працягу апошніх трох гадоў дынаміка тавараабароту станоўчая. Сярэднямесячны тавараабарот складае 81 тысячу рублёў. Аналагічная крама працуе ў вёсцы Кайшоўка. Па тэрыторыі сельсавета курсіруюць аўтамагазіны.

Сельгасвытворчасць і дзелавая ініцыятыва

Паўтара года таму ДП «Цырын-Агра» ўвайшло ў склад больш эканамічна развітага ДП «Лукі-Агра». Дзякуючы новай палітыцы кіраўніцтва і ўліванню фінансавых сродкаў справы на цырынскім вытворчым участку пайшлі ў гару. Яскравы прыклад – малочнатаварная ферма “Альшаны”. Тут змяшчаецца 349 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 310 дойных. Надой на карову з пачатку года склаў 3272 кг, гэта на 300 кг больш, чым у мінулым годзе. Валавы надой склаў 1013 т (плюс 146 т да ўзроўню мінулага года). На сённяшні дзень сярэднясутачны надой на карову складае 15,2 кг. За 8 месяцаў бягучага года рэалізавана 916 т малака (120% да ўзроўню 2021 г.). Таварнасць роўная 90,4%. Для дасягнення больш высокіх надояў і паляпшэння якасці малака праводзіцца лячэнне і абнаўленне пагалоўя, падбіраецца рацыён кармлення. Палітыка кіраўніцтва ДП «Лукі-Агра» зразумелая і празрыстая: як працуеш, так і зарабляеш. Ад якасці і колькасці вырабленай прадукцыі напрамую залежыць заробак. Дарэчы, сярэдняя заработная плата ў аб’яднанай гаспадарцы складае 1109 рублёў.

На тэрыторыі Цырынскага сельсавета функцыянуе не толькі дзяржаўнае прадпрыемства, але і развіваецца прыватны бізнес. ТАА «Навукова-вытворчае прадпрыемства «Ніка» з 1991 года займаецца вырошчваннем насеннай элітнай бульбы. Прадпрыемства мае ў пастаянным карыстанні 275 га ворнай зямлі, у тым ліку на 80 га штогод вырошчвае і размнажае насенную элітную бульбу беларускай і замежнай селекцыі. Пастаўшчыкамі зыходнага матэрыялу для размнажэння элітнай бульбы з’яўляюцца Norex-Norika Exportgesellschaft mbH (Германія) і Bavaria-Saat Vertriebs GmbH (Германія). Штогод эксперыментальным базам, сельскагаспадарчым прадпрыемствам, фермерскім гаспадаркам і насельніцтву рэалізуецца 1,5-2 тысячы тон насення элітнай бульбы. Акрамя таго, прадукцыя штогод адпраўляецца за межы рэспублікі ў Расійскую Федэрацыю і Рэспубліку Казахстан. Паводле слоў дырэктара прадпрыемства Сяргея Паўловіча, у севазвароце прадпрыемства таксама ёсць пшаніца, азімы рапс і гарох. Штогод на прадпрыемстве ўкладваюць сродкі ў інвестыцыі: набываюць сельскагаспадарчую тэхніку, мадэрнізуюць бульбасховішчы.

Рука на пульсе

Цырынскі сельвыканкам трымае руку на пульсе жыцця вяскоўцаў. Па словах старшыні сельсавета Аксаны Гомзы, сёлета ў сельвыканкам паступіла 14 зваротаў, у мінулым — 17. Больш за ўсё людзей хвалюе сфера жыллёва-камунальнай гаспадаркі, рамонту дарог, добраўпарадкавання, навядзення парадку на могілках.

Найважнейшы клопат мясцовай улады — бяспека вяскоўцаў. За апошнія тры гады на тэрыторыі сельсавета адбылося сем пажараў, адзін чалавек загінуў. Для прафілактыкі надзвычайных здарэнняў працуе назіральная камісія, на кантролі якой — спраўнасць печаў, электраправодкі, аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. У бягучым годзе праверана 374 домаўладання, што больш, чым за мінулыя гады.

На дапамогу пажылым вяскоўцам прыходзяць сацыяльныя работнікі, бо прынесці прадукты, лекі, прыгатаваць ежу — часам пажылым гэта ўжо не пад сілу. Такую дапамогу атрымліваюць 18 чалавек. Акрамя таго, да пачатку ацяпляльнага перыяду адзінокім пажылым грамадзянам праводзіцца рамонт печаў, электраправодкі, устанаўліваюцца святло-гукавыя прылады, прывозіцца паліва, замяняюцца аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.

Праводзіцца праца з пустымі і старымі будынкамі, якія псуюць эстэтычны выгляд вёсак. Так, з 2006 года знесена 38 такіх дамоў на суму 30 тысяч рублёў.

Многае зроблена па добраўпарадкаванні могілак. На тэрыторыі сельсавета ёсць восем могілак. На ўсё зроблены праваўстанаўліваючыя дакументы, праведзена спілоўванне дрэў, сумесна з жыхарамі вёсак Мокрава і Застадолле пафарбаваны агароджы. Аднак неабходна падтрыманне належнага санітарнага стану старых пахаванняў на могілках у агр. Цырын: выдаленне кустоў, спілоўванне аварыйных дрэў. Неабходна абсталяванне пляцовак для збору рытуальных адходаў і смецця на закрытых могілках у вёсках Цырын і Бабонеўка, а таксама дадатковай пляцоўкі на могілках у Цырыне, правядзенне работ па афарбоўцы жалезабетоннай агароджы на могілках в. Дорагава.

Адно з нявырашаных пытанняў — заключэнне дагавораў з жылкамунгасам на цэнтралізаваны збор адходаў, які не даведзены да 75% і складае толькі 66,8%.

Для ўхілення ўсіх праблемных пытанняў на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта вызначаны спосабы і тэрміны іх вырашэння.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара