Ад пустога працадня да калгаса-мільянера: як развіваўся калгас “Ленінскі  шлях”

Чалавек  жыве  на зямлі, каб пакінуць свой  след. Цырынская зямля  багатая на працавітых і адданых сваёй справе людзей. Так склалася гістарычна, што па Рыжскай мірнай дамове 1921 года заходнія  землі Беларусі адышлі да Польшчы. Цяжка жылося насельніцтву Заходняй Беларусі пад панскай Польшчай.

Верасень 1939 года прынёс доўгачаканую свабоду насельніцтву Заходняй Беларусі. Сяляне сталі паўнапраўнымі гаспадарамі зямлі. Ужо ў 1939 годзе жыхары вёсак Цырын і Кайшоўка аб’ядналіся ў калгасы імя Якуба Коласа і  1 Мая. Іх першымі старшынямі былі  абраныя Васіль  Казакевіч  і Іван  Гладкі. Першыя  праўленні калгасаў звычайна  размяшчаліся  ў  прыватных  дамах. Так, праўленне  Цырынскага  калгаса было  ў  доме  Марыі  Буячынскай. Прыкладу  сялян  гэтых  вёсак  рушылі  жыхары  вёсак Аканавічы, Красная, Быкевічы.

Аднак мірная, стваральная  праца мясцовых сялян была  перарвана  нямецка-фашысцкім нашэсцем. Гітлераўцы замучалі ў засценках і  расстралялі  першых  старшынь калгасаў: Івана  Гладкага, Якава  Івашку, Сямёна  Крэса  і  іншых  актывістаў. Але  сяляне  не  сталі  пакорлівымі,  яны  ўключыліся  ў актыўную партызанскую  барацьбу  з  фашыстамі. Тэрыторыя  Цырынскага  сельскага  Савета  стала  партызанскай  зонай.

Скончылася  Вялікая  Айчынная  вайна,  і  былыя  воіны  змянілі  сваю  баявую  зброю на  прылады  мірнай  працы. Пасля  вайны  сталі  аднаўляцца  створаныя  да  вайны  калгасы. Усяго  на  тэрыторыі  цяперашняга Цырынскага  сельскага Савета  было  створана  8  калгасаў. У кожнай  вёсцы  — свой  калгас.

Нялёгка  было  аднаўляць  разбураную  вайной  гаспадарку. МТС  выдзяляла  толькі  чатыры  маламагутныя трактары ХТЗ.  Праўда, механізатары  працавалі  дзень  і  ноч,  бо  ведалі, што  краіна  ў  нястачы. Астатняя  работа  выконвалася  ўручную: мужчыны  аралі  коньмі,  касілі  сена,  малацілі  коннымі  малатарнямі  збожжа.  За  работу  атрымоўвалі грашы,  але  не  трацілі  хлебаробскага  гонару,  убіралі  ўсё,  своечасова  разлічваліся  з  дзяржавай.

У Карэліцкім  раёне (яшчэ  да  ўзбуйнення  з  Мірскім) адным  з  першых  быў  арганізаваны  калгас  у  вёсцы  Цырын. Адбылося  гэта  28  лістапада  1946 года  на  агульным  сходзе  сялян-аднаасобнікаў.  Дакладней  будзе  сказаць,  што  ўзнавілі  калектыўную  гаспадарку,  якая  існавала  тут  яшчэ  ў  1940 годзе.  Дарэчы, і  назву  захавалі.  Пасляваенны  калгас  таксама назвалі  імем  Якуба  Коласа.  А  старшынёй  праўлення  абралі  Аляксандра  Іванавіча  Сладкоўскага.

3 сакавіка 1948 года прыклад  цырынцаў  узялі  на  ўзбраенне  і  сяляне  вёскі  Аканавічы,  якія  вырашылі  таксама  стварыць  калектыўную  гаспадарку. Далі  ёй  назву “Чырвоны сцяг”. Узначаліў  гаспадарку  Антон  Чэчат.  Літаральна  праз  год,  а  дакладней 10  сакавіка  1949 года,  калгас “Чырвоная зорка”  быў  створаны  ў  вёсцы  Красная. Першым  кіраўніком  маладой  калектыўнай  гаспадаркі  быў  выбраны  Мікалай  Сямёнавіч Лежань. 8 ліпеня  1949 года  адбыўся  агульны  сход  жыхароў  вёскі  Быкевічы.  На  ім  было  вырашана  аб’яднацца  ў  калектыўную гаспадарку, якой  далі  назву  “Ленінскі  шлях”. Узначаліў  яе  Сямён  Мікалаевіч  Крывашэя.

У адноўленым  28  лістапада  1946  года  калгасе  імя  Якуба  Коласа  вёскі  Цырын  налічвалася  25  двароў.  Ураджайнасць  зерневых  складала  ў  той  час  9,4 цэнтнера  з  гектара,  ільновалакна – 4,8, столькі  ж  ільнасемя,  бульбы – 97 цэнтнераў  з  гектара. Гаспадарка  мела  ў  сваім  распараджэнні  243  гектары  ворнай зямлі  і  47  гектараў  сенажаці.  У грамадскім  статку налічвалася  8  кароў  і  30  коней.

Так  пачынаўся  калгас.  Ішоў  час.  Жыццё  дыктавала  свае ўмовы.  20  ліпеня  1950  года  адбыўся  аб’яднаны  сход  членаў  дробных  гаспадарак  Цырынскага  сельсавета: “Ленінскі  шлях” (в. Быкевічы), імя Якуба  Коласа (в. Цырын), “Чырвоны  сцяг” (в. Аканавічы), “Чырвоная зорка” (в. Красная),  які  рашыў  аб’яднацца  ў  адзін  буйны  калгас  “Ленінскі  шлях”  з  цэнтрам  у  вёсцы  Цырын.  Старшынёй  аб’яднанага  калгаса  быў  выбраны  Анатоль  Якаўлевіч  Рагатка.

У 1951 годзе  на  гэтай пасадзе  яго замяніў  Павел  Іосіфавіч  Грамыка. На  1  студзеня 1951 года  ў  калгасе  налічвалася  253  двары,  1103 чалавекі,  з  іх — 205  працаздольных  мужчын  і  275  жанчын,  119  састарэлых  і  дарослых  непрацаздольных,  169  падлеткаў.

Зямлі  было  3178  гектараў,  у  тым  ліку  2132 – ворыўнай,  425 – сенажаці,  163 – пашы  і  193  гектары  па  лясах.

З  1953  па 1958 год   калгас  “Ленінскі  шлях” узначальваў  Аляксандр  Міхайлавіч  Барэйка.

Усе яны ўнеслі пэўны  ўклад  у  развіццё  гаспадаркі. Гэта  пры  іх  з’явіліся  першыя  жывёлагадоўчыя   фермы,  склады,  вытворчыя  памяшканні, набыта першая тэхніка: аўтамашыны, трактары, сеялкі і г.д. У  гэтым  плане найбольш  зрабіў  у  гады  сваёй  працы  старшынёй  Аляксандр  Міхайлавіч  Барэйка. Пры  ім у  калгасе  быў  пасаджаны  вялікі  сад.

З  1958  года  гаспадарку  стаў  узначальваць Іван  Міхайлавіч  Паўловіч.

15  лістапада  1958 года  прывезлі  яго  ў  Цырын  “сватаць”  на  пасаду  старшыні  першы  сакратар  Мірскага  райкама  партыі  Павел  Арсенцьевіч  Жалезняковіч  і  старшыня  райвыканкама  Пётр  Кузьміч  Падабаеў.  Сходка  была  бурнай, бо  веру  ў  калгасны  лад  земляробы  страцілі.  Працадзень, па  сутнасці,  быў  пустым. Карміла  селяніна  прысядзібная  гаспадарка.  Ды і  з той  трэба  было здаваць  малако і мяса, яйкі  і  воўну.  Але  Іван  Міхайлавіч  верыў,  што  можна паставіць  на  ногі гаспадарку,  і  ён  набраўся   смеласці  сказаць:

— Праз  тры  гады  працадзень  стане  важкім.  А  не — ганіце  мяне  ў  шыю.

Нялёгка  было  новаму  старшыні.  На  работу  людзі  не ішлі.  Брыгадзіры  хадзілі  па  дварах,  прасілі,  угаворвалі.  Іван  Міхайлавіч,  як  аграном  па  спецыяльнасці,  узяўся  за  наладжванне  культуры  земляробства,  накапленне  арганікі.  Сеялі шмат  лубіну,  які  вельмі  выручыў  на  першым  часе.  Ураджайнасць  збожжавых  тады  складала 4 цэнтнеры  з  гектара,  а  бульбы – 40.  На  фермах  панавала  бяскорміца.  Салома  лічылася  незаменным  кормам  для  грамадскага  статка,  а для  ўласнай  жывёлы  калгаснікаў – скошанае  пасля  ўборкі  ржышча. Але  сумленная  праца  людзей  дала  магчымасць  выстаяць  і  перамагчы.

Пераломным  для  калгаса  стаў  1965  год,  калі  цэны  на  прадукцыю  калгасаў  павысіліся. Ужо  ў  той  год  ад  рэалізацыі  прадукцыі  атрымалі  715 тыс.  рублёў. Ураджайнасць  збожжа  склала  45  цэнтнераў  з  гектара,  а  бульбы – 277.  Надой  малака  ад  каровы  дасягнуў 3,5 тысячы  кілаграмаў.

24 снежня  1975 года  да  калгаса  “Ленінскі  шлях”  далучыўся калгас  “Зара”  з  цэнтрам  у  вёсцы  Кайшоўка. У  састаў  калгаса  ўвайшла  тэрыторыя  былых  дробных  сельгасарцеляў: “1 Мая” (в. Кайшоўка), “Светлы  шлях” (в. Валокі, Мокрава), “Світанак” (в. Застадолле), імя  Малянкова (в. Дорагава), імя  Дзмітрова (в. Бабонеўка, Альшаны),  якія  аб’ядналіся  28  сакавіка  1951 года  ў  калгас “1 Мая”  з  цэнтрам  у  в. Кайшоўка,  які 14 лютага 1957  года  быў  перайменаваны ў  калгас  “Світанак”,  а  з 30  снежня  1962 года  —  у  калгас  “Зара”.

Старшынёй  праўлення  ўзбуйненнай  гаспадаркі  быў  абраны  Іван  Міхайлавіч  Паўловіч.  Пры  ім  12  студзеня  1988  года  калгас  “Ленінскі  шлях”  зноў  узбуйніўся  за  кошт  далучэння  тэрыторыі  саўгаса  “Варонча”.  На гэтай пасадзе  ён  працаваў  да  18  жніўня  1993  года,  да  выхаду  на  пенсію.

У  гады  кіраўніцтва  Івана  Міхайлавіа  Паўловіча калгас “Ленінскі  шлях”  стаў  адной  з  перадавых гаспадарак  не  толькі  раёна, але  і  рэспублікі.  Былі  пабудаваны  жывёлагадоўчыя  фермы па  новай тэхналогіі,  што  вельмі  аблегчыла  працу  жывёлаводаў, значна  ўзраслі  паказчыкі  працы. Была  набыта  ў дастатковай  колькасці  новая  тэхніка. Пабудавалі  новую  мехмайстэрню, кансервавы  цэх, птушнік, пластмасавы цэх. Значна  змянілася  аблічча  і  самой  вёскі  Цырын. Тут  з’явіліся  двух- і  трохпавярховыя  дамы. Была  пабудавана  цэлая  вуліца  катэджаў, разлічаных  на  дзве  сям’і.  Узведзены прасторны  дзіцячы  садок,  фізкультурнааздараўлечы комплекс, плавальны  басейн, амбулаторыя.

Калгас за   гэты  час  шмат  разоў  выходзіў  пераможцам   сацыялістычнага  спаборніцтва ў  межах  СССР  і неаднаразова  ўзнагароджваўся  памятнымі  чырвонымі  сцягамі, шматлікімі  граматамі. За  высокія  дасягненні ў развіцці сельскай  гаспадаркі калгас  двойчы  ўзнагароджваўся высокімі  дзяржаўнымі ўзнагародамі: Юбілейным ганаровым знакам у 1972 годзе і Памятным  знакам  у 1980  годзе.

Пасля  Івана  Міхайлавіча Паўловіча гаспадарку ўзначаліў  Анатоль Ільіч  Ханько,  які  да  гэтага  часу  працаваў намеснікам  старшыні.  Па  стану  здароўя  ён  28  верасня  1994  года  пайшоў  на  пенсію.

22 студзеня 1994 года  ад  калгаса  “Ленінскі  шлях”  аддзялілася  “Варонча”  і  стала  самастойным  калгасам,  які  ўзначаліў  Іван  Міхайлавіч  Паўловіч. А  калгас  “Ленінскі  шлях” з  28  верасня  1994  года  ўзначаліў  былы  першы  сакратар Карэліцкага  райвыканкама  Анатоль  Васільевіч  Слонаў. З  кастрычніка  1995 года  на  пасадзе  старшыні  калгаса  працуе  Аляксандр  Антонавіч  Калодка,  якога  ў  сакавіку  1998  года  замяняе  Раман  Тадэвушавіч  Сладзінскі,  а  са  студзеня  2004  года старшынёй калгаса  быў  выбраны  Аляксандр  Мікалаевіч  Янкоўскі,  які  прабыў  на  гэтай  пасадзе  да  кастрычніка  2007  года.  Апошнія  чатырнаццаць  гадоў  гаспадаркай  кіравалі  Мікалай  Мікалаевіч  Кулініч,  Аляксандр  Мікалаевіч  Кулініч, Юрый  Іванавіч  Каптаноўскі,  Аляксандр  Мікалаевіч  Янкоўскі.

У красавіку  2021 года  ДП “Цырын-Агра”  было  аб’яднана  з  ДП  “Лукі-Агра”.  Так  завяршылася  гісторыя  калгаса  “Ленінскі  шлях”.

Аб тым,  як развіваўся  калгас “Ленінскі  шлях”,  аб  людзях, якія  старанна  працавалі  ў  гэтым  калгасе,  сведчаць  фотаздымкі  і  матэрыялы  музея  баявой  і  працоўнай  славы, створанага  па  ініцыятыве  Івана  Міхайлавіча  Паўловіча.

Людміла ШАЙБАК,

кіраўнік музея баявой і працоўнай славы ДУА «Цырынская сярэдняя школа»