Свой профессиональный праздник отмечают работники Кореличского дорожного ремонтно-строительного управления №158

Наша жыццё ўяўляе сабой чараду бесперапыннага руху. Раніцай мы едзем на работу, увечары – вяртаемся дадому,  па выхадных – адпачываем дома або адпраўляемся ў госці, на прыроду. Але гэты рух быў бы немагчымым   або нязручным  без людзей  асобай прафесіі – работнікаў дарожнай гаспадаркі або, як іх звычайна называюць у паўсядзённым жыцці,  дарожнікаў. Іх сапраўды можна аднесці да  асаблівай касты, бо ім даводзіцца працаваць  днём і ноччу,  у дождж і ў холад, у мароз і ў спякоту.  Людзям  гэтай прафесіі неабходна фізічная сіла, цягавітасць, моцнае здароўе і стрэсаўстойлівасць.  Нягледзячы на багацце  спецыялізаваных машын, праца дарожніка застаецца вельмі цяжкай фізічна, гэтыя людзі, безумоўна, заслугоўваюць таго,  каб ім былі ўдзячны.

Напярэдадні прафесійнага свята начальнік Карэліцкага ДРБУ-158 Мікалай Кадлубай падзяліўся,  якімі клопатамі напоўнены працоўныя будні работнікаў дарожна-будаўнічай сферы Карэліччыны.

–          За дзевяць месяцаў бягучага  года было асвоена 3,1 млн рублёў, у тым ліку на дарожную галіну 2,5 млн  рублёў. Сюды ўваходзіць бягучы  і капітальны рамонт аўтамабільных дарог.  Бягучы рамонт праведзены на 10 км  мясцовых дарог: Турэц-Маласельцы-Мір (3,586 км), Райца-Цырын-Навасёлкі (2,55 км), Карэлічы-Валеўка-Наваельня (1,1 км), Ярэмічы-Пагарэлка-Новае Сяло (1,83 км),  Карэлічы-Руціца-Амневічы (0,94 км). Таксама  адрамантаваны і ўведзены ў эксплуатацыю мост праз раку Рута на 0,85 а/д Н-7521 пад’езд да вёскі Людвікі ад а/д Р-11 Парачаны-Навагрудак-Нясвіж. На 605 тыс. рублёў выканана работ па прамых дамоўленасцях. Акрамя гэтага, прадпрыемства працуе  на добраўпарадкаванні аб’ектаў сельгаспрызначэння: будаўніцтва  МТФ “Кожава” на 610 галоў паблізу вёскі Кожава, уладкаванне асфальтабетоннага пакрыцця да МТФ “Райца”.  Таксама займаецца добраўпарадкаваннем вуліц і дваровых тэрыторый:  мадэрнізацыя вул. Першамайскай у г.п. Мір, бягучы рамонт вул. Царука ў г.п. Карэлічы.

Карэліцкія  дарожнікі працуюць і на аб’ектах суседняга Навагрудскага  раёна. Зараз яны займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі   ААТ “Навагрудскі завод газавай апаратуры”. Наша арганізацыя  ў цесным кантакце супрацоўнічае з РУП ЖКГ як Карэліцкага, так і Навагрудскага раёнаў. ДРБУ-158 мае сваю падсобную вытворчасць: асфальтабетонны завод каля вёскі Беразавец і драбільна-сартавальную ўстаноўку для прыгатавання ўзбагачанай пяшчана-гравійнай сумесі каля вёскі Баяры для выканання дарожных работ.

Дружны калектыў  дарожнай брыгады па асфальтаўкладцы пад кіраўніцтвам майстра Аляксандра Кадлубая, які ўжо дваццаць чатыры гады працуе ў гэтай галіне, старанна займаецца сваёй справай. Яны забяспечваюць надзейную працу “крывяноснай сістэмы» раёна і яго надзейную сувязь з магістралямі. Робяць усё, каб перамяшчэнне па транспартных артэрыях раёна было максімальна зручным і бяспечным. Дарожнікі пастаянна ў напружанай працы, і гэтая праца, па іх уласным прызнанні, дастаўляе ім задавальненне. Бо ў гэтых дарогах – часцінка іх душы.  У службовыя абавязкі дарожнага майстра прадпрыемства  ўваходзіць непасрэдны кантроль за якасцю будаўніцтва або рамонту дарог. Работы па ўтрыманні і рамонце дарог не спыняюцца круглы год. Як адзначыў Аляксандр Вікенцьевіч, у прафесію прыйшоў усвядомлена і, дзякуючы згуртаванаму і дружнаму калектыву, застаўся верным сваёй справе доўгія гады.

Праца машыніста асфальтаўкладчыка можа здацца аднастайнай, але гэтаму спецыялісту трэба вырашаць мноства складаных задач. Георгій Бусько – машыніст асфальтаўкладчыка,   вось ужо 35 гадоў адпрацаваў у арганізацыі, мае ўзнагароду “Ганаровы дарожнік ІІ ступені”. Гэта сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Каб забяспечыць роўнасць пакрыцця, патрэбен вялікі вопыт. Вопыт, веданне тэорыі дарожнага будаўніцтва плюс высокая адказнасць за сваю справу – неабходныя ўмовы паспяховай працы дарожнікаў ад простага рабочага да інжынерна-тэхнічнага работніка, каб стаць выдатнікам  прафесіі, як Георгій Міхайлавіч.

Выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі вядучы   інжынер Наталля Малахоўская. Уся прафесійная дзейнасць жанчыны звязана з працай у Карэліцкім ДРБУ-158. Прыехала яна ў  раён з Гомельшчыны пасля заканчэння Гомельскага дарожна-будаўнічага каледжа. Тут сустрэла суджанага, выйшла замуж і засталася, аддала сорак тры гады працы ў арганізацыі. За гады работы давялося працаваць майстрам-начальнікам дарожна-рамонтнага пункта, эканамістам. На гэтым прадпрыемстве працуе  вадзіцелем   яе муж Аляксандр Малахоўскі. Тут пасля заканчэння БНТУ пачынаў працоўную дзейнасць  сын Андрэй, які пасля адпрацоўкі ўладкаваўся  ў сталіцы, але і там сваё жыццё звязаў з дарогамі.

Інжынерам вытворчага планавага аддзела працуе Яўген Папок, які прыступіў да выканання сваіх прафесійных абавязкаў у жніўні 2021 года пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “аўтамабільныя дарогі”. Як адзначае  юнак,  работа дарожніка не лёгкая, але цікавая,  і, дзякуючы падтрымцы вопытных калег, усе цяжкасці застаюцца пераадоленымі. Работа яму падабаецца і таму не плануе шукаць нечага лепшага,  ён бачыць сваё прызначэнне ў будаўніцтве ўсім патрэбных якасных дарог.

Кожнае прафесійнае свята мае сваіх герояў, не выключэнне і Дзень аўтамабіліста і дарожніка. Лепшыя работнікі  Карэліцкага ДРБУ-158 атрымалі  ўзнагароды за добрасумленную працу,  адказныя адносіны да выканання сваіх прафесійных абавязкаў.

Граматай Міністэрства транспарту і камунікацый узнагароджаны машыніст самаходнага катка Алег Буцкевіч.

Граматы КУП “Гроднааблдарбуд” за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і адказнасць атрымалі  варшчык бітуму Мікалай Кузміч і  маляр Леанід Жук.

Падзячным пісьмом Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны машыніст бульдозера Сяргей Чубрык.

Граматы ДРБУ-158 КУП “Гроднааблдарбуд” за добрасумленную працу і значны асабісты ўклад у развіццё дарожнай сеткі Карэліцкага раёна атрымалі тэхнік-лабарант Ірына Віцягорская, дарожныя рабочыя Мікалай Гоцка і  Аляксандр Жук, дыспетчар Наталля Лейка, інжынер вытворчага планавага аддзела Яўген Папок.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара