Евгений Чичкан: «Мы идем к еще большей демократизации нашей управленческой системы»

Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама старшыня РА РГА «Белая Русь» Яўген Чычкан азнаёміў працоўныя калектывы аграгарадка Жухавічы з Законапраектам аб Усебеларускім народным сходзе.

З самай раніцы Яўген Мікалаевіч наведаў мехмайстэрні, а затым пагутарыў з працаўнікамі СВК “Жухавічы”, аддзела культуры і дасуга “Жухавіцкі дом культуры” і Жухавіцкага філіяла Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў.

— Кожны грамадзянін нашай краіны павінен азнаёміцца з Законапраектам аб Усебеларускім народным сходзе, — лічыць Яўген Мікалаевіч. — Ён знаходзіцца ў адкрытым доступе, на сайце “Прававы форум Беларусі”. Магчыма, у вас пасля яго прачытання ўзнікнуць пытанні ці прапановы — калі ласка, звяртайцеся ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, які дасць тлумачэнні, дапаможа сфармуляваць і данесці вашу думку.

Па словах Яўгена Мікалаевіча, у нашай краіне ствараецца новы, магутны орган улады:

— Мы ідзём да працэсу яшчэ большай дэмакратызацыі нашай кіраўніцкай сістэмы. На сённяшні дзень іншых органаў, якія маюць такія ж паўнамоцтвы, у нас у краіне няма, — канстатаваў ён.

Яшчэ адно пытанне, якое абмеркавалі ў Жухавічах, — праект Закона аб унясенні зменаў у Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь.

— Праект накіраваны ў тым ліку на ўзмацненне патрабаванняў да стварэння палітычых партый, — патлумачыў Яўген Мікалаевіч. — На сённяшні дзень для таго, каб стварыць партыю, неабходна сабраць не менш за тысячу членаў. У праекце прапануецца павялічыць гэтую колькасць да пяці тысяч і важна, каб члены гэтай партыі былі прадстаўнікамі кожнай вобласці нашай краіны. Кожная партыя павінна ясна прапісаць у сваім уставе тое, чым яе ўдзельнікі плануюць займацца. Будуць уводзіцца дадатковыя ўмовы, што партыя можа быць расфарміравана, калі яна займаецца экстрэмістскай ці тэрарыстычнай дзейнасцю.

Прысутныя маглі задаць Яўгену Чычкану хвалюючыя пытанні. Так, напрыклад, было зададзена пытанне аб вывазе буйнагабарытнага смецця. У сваю чаргу намеснік старшыні райвыканкама патлумачыў, што для таго, каб вывезці смецце на палігон, неабходна заключыць дагавор з РУП ЖКГ.

Яшчэ адно пытанне тычылася кафэ “Барвінак”, якое раней працавала ў аграгарадку, а некалькі гадоў таму яго закрылі. Яўген Мікалаевіч звярнуўся да жыхароў Жухавіч:

— Давайце будзем чэснымі. Мы туды мала хадзілі. Калі адзін раз за дзень хтосьці зойдзе выпіць кубачак кавы — гэта ж зусім мала. Зразумела, гэта кепска, калі няма куды схадзіць у такім вялікім аграгарадку, але ці хадзілі мы туды кожны дзень? Упэўнены, што былі дні, калі ў кафэ ўвогуле ніхто не заходзіў. А прадпрыемства несла страты.

На ўсе пытанні, зададзеныя на сустрэчы, былі дадзены адказы, а Яўген Мікалаевіч паабяцаў высветліць падрабязнасці і звязацца з тымі, хто задаваў пытанні, для тлумачэнняў.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара