Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін правёў маніторынг цэн у цэнтральнай раённай аптэцы № 65 г.п. Карэлічы

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін правёў маніторынг цэн, наяўнасці і асартыменту прэпаратаў у цэнтральнай раённай аптэцы № 65 г.п. Карэлічы.

— Маніторынг цэн тавараў аптэчнай сеткі нараўне з аналізам цэн на харчовыя і прамысловыя тавары першай неабходнасці — гэта пастаянная, сістэмная работа, якая праводзіцца ўжо больш за год, — адзначае парламентарый. — У аптэку або краму мы прыходзім са спісам тавараў і цэн і аналізуем іх у параўнанні з папярэднім месяцам. Неабгрунтаванага росту цэн у апошні час не зафіксавана. Часам цана на адзін і той жа лекавы прэпарат у розных аптэках ці нават у адной можа адрознівацца. І ў такіх выпадках вельмі важна тлумачыць людзям, чаму гэта адбываецца. Кошт залежыць ад часу пастаўкі і фарміруецца, напрыклад, на імпартныя тавары, у залежнасці ад курсу валют у дзень мытнага афармлення. Бываюць такія сітуацыі, што ў адной аптэцы яшчэ рэалізуюць лекавыя сродкі па старой цане, а дзесьці ўжо па новай.

— Так, такое бывае, — пацвярджае намеснік загадчыка ЦРА № 65 Святлана Мялешка. — Але таксама перыядычна праводзіцца пераацэнка лекаў у бок патаннення. У гандлёвай аптэчнай сетцы існуе 50 найменняў лекавых сродкаў з мінімальнай гандлёвай нацэнкай. Гэта значыць, што зрабіць на іх скідку ўжо немагчыма, бо іх цана і так мінімальная. Дзейнічае пастаянная сістэма скідак у памеры да 5% на айчынныя лекі і да 2% на імпартныя.

Па словах дэпутата, у гандлёвых харчовых кропках часам узнікаюць такія сітуацыі, калі вага або кошт тавару не адпавядае ўказанаму на этыкетцы. Гандлёвыя сеткі тлумачаць гэта тым, што не паспелі памяняць этыкеткі. Гэта адзінкавыя выпадкі, але часам яны ўсё ж такі здараюцца. Таму людзі павінны быць уважлівымі і звяртаць на гэта ўвагу.

Акрамя дэпутацкага корпуса, працу па маніторынгу цэн праводзіць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Атрыманая інфармацыя паступае ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, дзе акумулюецца, абагульняецца і накіроўваецца адпаведным дзяржаўным органам і службам, якія вядуць работу з аптэчнымі і гандлёвымі сеткамі.

 Іна ЛЕЙКА