Из почты читателей «Полымя»: благодарность врачам за спасенную жизнь и любовь к малой родине

У наш імклівы і супярэчлівы час нас акружаюць людзі, дзякуючы якім нашы будні не губляюць сэнсу. Сярод іх урачы, якія самааддана служаць сваёй прафесіі, і тыя, хто шчыра любяць маленькую радзіму.

Сэрца, якое  прадаўжае біцца

У рэдакцыю раённай газеты «Полымя» патэлефанавала жыхарка вёскі Кожава Жухавіцкага сельсавета Галіна Уладзіміраўна Штыцько, якая сказала пра ўрачоў пранікнёныя словы. Дзякуючы іх уменням і своечасовай медыцынскай дапамозе жанчына радуецца кожнаму новаму дню, і яе сэрца прадаўжае біцца.

Аднойчы ёй стала дрэнна.Галіна Уладзіміраўна выклікала «хуткую».  Па выкліку прыехаў фельчар выязной брыгады хуткай дапамогі УАЗ «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца» Яўген Канстанцінавіч Шнырко. Медык аказаў неабходную дапамогу і прапанаваў пацыентцы паехаць на абследаванне ў раённую бальніцу.

Так жанчына аказалася ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Вельмі ўважліва аднёсся да стану хворай урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг гэтага аддзялення Віталій Уладзіміравіч Фальтэнберг.

Хутка было прынята рашэнне накіраваць Галіну Уладзіміраўну ў Астравецкую цэнтральную раённую клінічную бальніцу. Менавіта тут пацыентка была прааперыравана,  і ёй быў устаноўлены кардыёстымулятар. Такая аперацыя ў медыцынскай установе праведзена ўпершыню, і яе зрабілі менавіта пацыентцы з Карэліцкага раёна.

Карэліччанка ўдзячна загадчыку кардыялагічнага аддзялення Сяргею Станіслававічу Івашку і хірургу Барысу Барысавічу Невідовічу, які рабіў ёй аперацыю, работнікам Астравецкай цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы за іх залатыя рукі, а таксама  медработнікам-землякам за іх высокі прафесіяналізм. «Яны зрабілі ўсё для таго, каб выратаваць мне жыццё», — адзначае Галіна Уладзіміраўна і жадае ўсім урачам  верна стаяць на варце аховы здароўя людзей.

Любоў да Радзімы нічым не замяніць

Гэты ліст прыйшоў у рэдакцыю газеты «Полымя» з Мінска ад Мікалая Аляксандравіча Какарэкі: «Больш за 20 гадоў выпісваю газету «Полымя» і атрымліваю інфармацыю пра жыццё Карэліцкага раёна, а гэта значыць і пра маю малую радзіму», — піша аўтар.

Мікалай Аляксандравіч расказвае, што роднае Рап’ёва знаходзіцца па дарозе з Карэліч у Мір. «Я свой дом пабудаваў у 1965 годзе. Яшчэ гадоў пяць таму ў  родную вёску прыязджаў часта, дзе душою адпачываў, а цяпер з-за ўзросту і хвароб радзей, — прызнаецца ўраджэнец карэліцкай зямлі. — Вёска прыгожая  дзякуючы яе жыхарам.»

…Сапраўды, любоў да Радзімы няма чым замяніць. Яе захоўваем у сваім сэрцы на працягу ўсяго жыцця. Гэта самае дарагое, што ў нас ёсць: родны куток, куды вяртаемся ва ўспамінах і наяве.

Галіна СМАЛЯНКА