Семинар по итогам работы животноводческой отрасли Кореличского района за 9 месяцев состоялся в СПК «Жуховичи»

СВК “Жухавічы” стаў пляцоўкай для правядзення раённага семінара па выніках працы жывёлагадоўчай галіны за 9 месяцаў бягучага года.

Семінар пачаўся на МТФ “Юравічы”, на якой працуе ўсяго 10 чалавек, аднак вынік іх працы ўражвае. Невялікая ферма на 145 галоў, якую мадэрнізавалі чатыры гады таму, дае самы высокі сярэднясутачны надой у гаспадарцы — 28,4 літра малака на карову, усё малако экстра-класа.

Семінар адкрыў старшыня СВК “Жухавічы” Дзмітрый Янкоўскі, які расказаў аб дзейнасці прадпрыемства і перадаў слова галоўнаму заатэхніку Аляксандру Кокала.

— За 9 месяцаў мінулага года на ферме «Юравічы» надаілі 999,8 т малака. А за 9 месяцаў бягучага года — 1 116,3 т (+116,5 т, або 111,7%), ад кожнай каровы атрымана 7 731 кг (+452 кг), — адзначыў Аляксандр Аляксандравіч і расказаў аб тэхналогіі гадавання і кармлення кароў на ферме.

— Якім камбікормам корміце? — спыталі ў заатэхніка прысутныя.

— Мы выкарыстоўваем тры віды камбікорму, аднак самае галоўнае, каб ён даходзіў да кароў, — адказаў Аляксандр Аляксандравіч, — з гэтай мэтай у нас усталявана відэаназіранне як унутры, так і звонку.

МТФ “Юравічы” — жывы прыклад таго, як граматная мадэрнізацыя станоўча ўплывае на вытворчасць малака. Каля аднаго мільёна рублёў было выдзелена на будаўніча-мантажныя работы, 320-350 тысяч — на абсталяванне. Рэканструкцыю праводзілі паступова, амаль год.

Па словах заатэхніка, галоўны сакрэт поспеху — зацікаўленасць кіраўніцтва і працаўнікоў фермы. На гэтай ферме працуюць людзі, якія добрасумленна выконваюць сваю працу. Асобна Аляксандр Кокала выдзеліў загадчыка фермы Юрыя Глушкевіча:

— Ён і кіраўнік фермы, і трактарыст, і слесар. Усё, што створана на гэтай ферме, зроблена яго намаганнямі. Тут заўжды парадак, кветкі растуць, асфальт чысты. Людзям працаваць у такіх умовах прыемна. А калі мы зойдзем у памяшканне, вы ўбачыце чысціню і парадак, пачуеце музыку. Жывёлы адчуваюць, што пра іх клапоцяцца, адсюль і вынікі.

Малады ветэрынарны ўрач МТФ “Юравічы” Яўгеній Гладкі расказаў аб вітамінізацыі і лячэнні пагалоўя.

Зайшлі ў памяшканне фермы. Паўсюль — санітарная чысціня і парадак, каровы адпачываюць на чыстай саломе, у даільнай зале грае музыка.

— Музыка на ферме — таксама ідэя Юрыя Станіслававіча, — кажа Аляксандр Аляксандравіч.

Зайшлі і ў памяшканне, дзе знаходзяцца нованароджаныя цяляты, якія, падсілкаваўшыся, таксама адпачываюць. Па добрым фізічным стане жывёлы відаць, што на аб’екце строга выконваецца тэхналагічная дысцыпліна.

— Тое, што мы сёння пачулі — каштоўнейшая інфармацыя, — адзначыў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў. — Спецыялістам расказалі, як правільна карміць і лячыць. Вытворчыя эксперыменты, якія тут наладжваюць, паказваюць станоўчы вынік.

Удзельнікі семінара сабраліся ў зале пасяджэнняў СВК “Жухавічы”, дзе падвялі вынікі працы за 9 месяцаў бягучага года. Першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Манько ў сваім выступленні адзначыў, што за гэты перыяд вытворчасць малака ў раёне склала больш за 64 тыс. тон, ці 101,4% да 2021 года. Заданне выканана на 98,4%. Ад адной каровы атрымалі 4930 кг малака, што на 647 кг больш, чым у мінулым годзе. Толькі чатыры прадпрыемствы забяспечылі рост вытворчасці малака да ўзроўню 2021 года. Гэта СВК “Свіцязянка 2003” (114,6%), СВК “Жухавічы” (106%), ДП “Племзавод Карэлічы” (103%) і СВК “Маяк-Заполле” (100,4%). Сортам “экстра” рэалізавана 55,47% малака (+7,4% да ўзроўню мінулага года). Аднак нельга не заўважыць, што ў раёне вельмі высокая колькасць вернутага малака. За студзень-верасень у раён вярнулі 178 тон (+114,5 тоны у параўнанні з мінулым годам).

 

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара