Чем сегодня живет коллектив ОАО «Кореличская сельхозтехника»?

Штогод у апошнюю нядзелю кастрычніка ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца Дзень аўтамабіліста і дарожніка. У гэты дзень краіна ўшаноўвае тых, хто штодзённай стараннай працай забяспечвае патрэбы прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, пасажыраперавозкі.

 Напярэдадні  свята   пабывалі  на прадпрыемстве ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка», што аказвае паслугі аўтамабільнага транспарту і механізаванага атрада, каб пагутарыць з людзьмі, якія прысвяцілі працы ў транспартнай галіне дзясяткі гадоў.

Дырэктар ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка» Аляксандр Барыла расказаў пра паказчыкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці арганізацыі:

–          Аб’ём вытворчасці прадукцыі, работ і паслуг за 9 месяцаў 2022 года склаў 2379,6 тыс. руб., у тым ліку: па рамонтна-мантажным участку – 478,9 тыс. руб., па аўтатранспарце – 1483,3 тыс.руб., па мехатрадзе – 323,5 тыс. руб., па раслінаводстве – 72,1 тыс. руб.; валавы даход па гандлёвай дзейнасці – 21,8 тыс. руб. Выручка за 9 месяцаў бягучага года склала 3428 тыс. руб., чысты прыбытак – 71  тыс. руб.

Аб’ём грузаабароту склаў 3772,6 тысячы тона-кіламетраў.

На палі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Карэліцкага раёна вывезена 74 тысячы тон арганічных угнаенняў, унесена ў глебу 34,2 тысячы тон. Правапнавана 0,9 тысячы гектараў кіслых глебаў, унесена 5,7 тысячы тон вапнавых матэрыялаў.

Аляксандр Мікалаевіч гаворыць, што галоўнымі прыярытэтамі ў рабоце арганізацыі была і застаецца   высокая якасць аказваемых паслуг.

– Мы ўсе разумеем, што ад нашай суладнай і добрасумленнай працы, адданасці прафесіі і пачуцця адказнасці за даручаную справу ў значнай ступені залежыць нармальнае функцыянаванне складанага народнагаспадарчага механізму. Робім усё, што ад нас залежыць для росквіту раёна, а таксама дабрабыту  самой арганізацыі.  Практычна кожны з работнікаў заслугоўвае ўдзячнасці за сваю нялёгкую працу на карысць нашага грамадства, выяўляючы пры гэтым асабістае стаўленне і любоў да сваёй справы, — адзначае кіраўнік.

Іван Коўгар –  адзін з ліку аўтарытэтных работнікаў, якім ганарацца ў калектыве. Ён прысвяціў працы ў  ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка»  больш за 40 гадоў, кажа, што калі б павярнуць час назад, то, не задумваючыся, прайшоў бы свой шлях зноўку.  Ён водзіць малакавоз, працоўны дзень  можа пачынацца ў чатыры гадзіны раніцы, але і да такога распарадку прызвычаіўся. Іван Іосіфавіч успамінае:

–          Скончыў Варачанскую сярэднюю школу, марыў стаць ваенным, але  не наканавана было гэтаму ажыццявіцца, пайшоў вучыцца на шафёра ў ДТСААФ,  далей, як і ў большасці  аднагодкаў, былі гады службы ў арміі, а затым вяртанне ў родны край, уладкаванне на працу.

Сваю справу Іван Іосіфавіч  асвоіў дасканала. І ўсё таму, што  лічыць тэхніку сваім  вялікім жыццёвым захапленнем. Ён ведае, дзе і што трэба своечасова падкруціць, умацаваць, забяспечыць змазку, каб аўтамабіль не падвёў падчас рэйса і служыў  як мага даўжэй. Гэты чалавек адчувае сябе сапраўды шчаслівым: ён займаецца любімай справай, у яго ёсць сям’я, якая для яго з’яўляецца падтрымкай і надзейным тылам, а сапраўдным гонарам сталі сыны Віталій і Іван, якія ў сваім жыцці ўвасобілі мару  бацькі, яны абодва сталі вайскоўцамі.

Жыццё гэтага маладога чалавека таксама цесна звязана з дарогай. За рулём  Мікалай Логін правёў ужо сямнаццаць гадоў. Вучыўся ў Навагрудскім ПТВ, атрымаў спецыяльнасць “вадзіцель-трактарыст-слесар”. І не ў пустую. З атрыманымі навыкамі кіроўцы і вадзіцельскім пасведчаннем адправіўся на службу ў армію. Вярнуўшыся, уладкаваўся  ў Карэліцкі аўтапарк, працаваў на МАЗе, а ў 2016 годзе прыйшоў у сельгастэхніку і сеў за руль  малакавоза. Вось так, узяўшыся аднойчы за руль, ён рэдка цяпер выпускае яго з рук.

– Яшчэ ў юнацтве захапіўся тэхнікай, – успамінае Мікалай Мікалаевіч той час. – Кіраваць машынай альбо трактарам падабалася. Да таго ж і бацька Мікалай Несцеравіч Логін усё  жыццё адпрацаваў механізатарам у калгасе, але я заўсёды аддаваў перавагу машыне, гэта і вызначыла будучую прафесію.

Слесара Рамана Міхалёва  калегі і жартам, і ўсур’ёз называюць «доктарам». А як жа інакш? За час працы  ён навучыўся  распазнаваць “сімптомы” хвароб тэхнікі. Калі «кроў  не ідзе па артэрыях», значыць электраправодку замкнула. Калі заклініла старцер або генератар – будуць свае праблемы, калі колы пустыя, таксама ведае,  што трэба рабіць.  Гэтым ён і займаецца ўжо сем гадоў. Характар у яго строгі і скрупулёзны: знайсці няспраўнасць і ажывіць тэхніку – справа гонару. А ўвогуле,  Раман Сяргеевіч не цураецца і іншай работы, калі трэба, то сядае і за баранку.

– Яму можна даручыць любую справу, і быць упэўненым, што яна будзе бездакорна  выканана, – адзначае дырэктар ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка» Аляксандр Барыла. Зараз Раман па просьбе кіраўніцтва КСУП “Племзавод Карэлічы” ўдзельнічае ва ўборцы цукровых буракоў. Малады чалавек не толькі добры работнік, але яшчэ  клапатлівы бацька трох сыноў і любячы муж. За місію  быць  прыкладам для падрастаючых дзетак  старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская  да Дня бацькі  ўручыла  яму грашовы сертыфікат.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара