Вучаніца 11 класа ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай”  Яна Філончык стала ўладальніцай дыплома трэцяй ступені  абласнога  конкурсу  даследчых работ “Крыштальная Альфа-2022”

Вучаніца 11 класа ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай”  Яна Філончык стала ўладальніцай дыплома трэцяй ступені  абласнога  конкурсу  даследчых работ навучэнцаў  “Крыштальная Альфа-2022”.

Яна Філончык і яе навуковы кіраўнік Алена Смольская

З 1 па 4 лістапада  на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі  праходзіў  абласны конкурс даследчых работ “Крыштальная Альфа-2022”. У аргкамітэт было прадстаўлена 431 даследаванне па 19 вучэбных прадметах і ўпершыню ў гісторыі конкурсу –  па напрамках сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Па выніках рэцэнзавання да абароны было дапушчана 255 работ. Дыпломамі ўзнагароджаны  120  аўтараў.

Даказаць свой пункт гледжання, прадстаўлены ў даследаванні, удзельнікі маглі і ў ходзе дыскусіі, адказваючы на пытанні журы. Па выніках працы  вызначаны пераможцы ў кожнай  секцыі. Карэліцкі раён у конкурсе прадстаўляла вучаніца 11 класа  ДУА “Сярэдняя  школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай“ Яна Філончык з работай “Культура татарскай дыяспары мястэчка Мір”,  якая стала ўладальніцай  дыплома трэцяй  ступені.  Аб унікальнасці  прадстаўленага  матэрыялу  расказалі канкурсантка і яе навуковы кіраўнік настаўнік беларускай мовы і літаратуры  Алена Смольская.

Яна Філончык   гаворыць:

–          Раней я ўвогуле нічога не ведала пра жыццё татараў на тэрыторыі г.п. Мір. Цікавасць узнікла з часам. Я з’яўляюся экскурсаводам школьнага музея, і агучвала метавіта той матэрыял, які змяшчае звесткі пра татараў. Мне стала цікава, і  захацелася больш даведацца пра быт і  культурныя традыцыі народа,  які жыў побач з беларусамі на працягу доўгіх гадоў. А папрацаваўшы над матэрыяламі па заяўленай тэме, яшчэ раз упэўнілася, што татары нечым  адрозніваюцца ад карэннага насельніцтва, а ў нечым назіраецца падабенства.

Алена Смольская дадае:

–          Работу над працай пачалі ў 2019 годзе. За гэты час вывучылі мноства літаратурных крыніц, апытвалі людзей татарскай нацыянальнасці, якія зараз пражываюць на тэрыторыі гарадскога пасёлка (іх на  сёння тут 8 чалавек), прысутнічалі падчас  прыгатавання нацыянальных страў, распытвалі пра нацыянальныя абрады, апрацоўвалі матэрыялы, узятыя з інтэрнэт-рэсурсаў. На самой справе культура татараў Міра даследавана мала.  Толькі ў некалькіх крыніцах можна знайсці небагаты матэрыял, таму абраная тэма актуальная. І толькі дзякуючы магчымасці распытаць жывых інфарматараў  дасягнулі пэўнага плёну ў працы. Адна з задач даследавання – паказаць узаемаўплыў татарскай і беларускай культур. Так, напрыклад,  у ходзе працы нам удалося пераканацца, што  татары –   выдатныя агароднікі, і ў гэтай справе яны маглі паспрыяць беларусам. Мы праводзілі гастранамічныя паралелі паміж нацыянальнымі кухнямі  і высветлілі, што адметныя стравы татараў не мелі сваіх адпаведнікаў у беларускай кухні. А вось у святах і абрадах знайшлі падабенства. Так, напрыклад,  яны на вяселлях спявалі беларускія песні, таму што, на жаль,  татарская мова ў нас забытая.  А яшчэ на вяселлях, як і беларусы, абсыпалі маладых зернем, штучна стваралі розныя перашкоды для іх. І ў абрадзе пахавання таксама ёсць штосьці агульнае. Нават па адной з версій   назва нашага пасёлка паходзіць ад прозвішча аднаго з татарскіх кіраўнікоў Эміра. Мірум у перакладзе з лацінскай мовы азначае цуд. І гэта сапраўдны цуд. Тут мірна  ўжываліся людзі розных нацыянальнасцей,  і мы  таксама можам даць урок усяму свету,  як  трэба весці культурны дыялог паміж нацыямі.

Вучні нашай школы заўсёды прымаюць удзел у   конкурсах  рознага ўзроўню.  Гэта не першая перамога  ў навукова-даследчых канферэнцыях.  Але асабіста для мяне, як кіраўніка, удзел і перамога ў “Крыштальнай Альфе” –  гэта яшчэ адно  прафесійнае дасягненне.

 Кацярына КУКАНАВА                                            

Фота Іны Лейкі