Эканаміст СВК “Свіцязянка-2003” Марына Кандратовіч расказвае, чаму трэба вучыцца ўсё жыццё, што лічбы — гэта не сумна і галоўнае для чалавека — верыць у свае сілы

31-гадовая эканаміст па аплаце працы Марына Кандратовіч працуе ў адным з лепшых сельгаспрадпрыемстваў не толькі раёна і вобласці, але і рэспублікі — СВК “Свіцязянка-2003”. Яна чарговая гераіня праекта абласнога Савета дэпутатаў “Равеснікі маладой Беларусі”. У інтэрв’ю журналісту “Полымя” Марына расказвае, чаму трэба вучыцца ўсё жыццё, што лічбы — гэта не сумна і галоўнае для чалавека — верыць у свае сілы.

— Якім быў Ваш шлях у прафесію? Чаму сталі эканамістам?

— Скончыла ў 2010 годзе Навагрудскі гандлёвы каледж па спецыяльнасці “Банкаўская справа”, затым, у 2016 г. — Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, завочна. Але ў Баранавіцкім раёне не змагла знайсці працу па спецыяльнасці. А крыху раней мая матуля пераехала ў Карэліцкі раён,  у “Свіцязянцы-2003” была вакансія. Першапачаткова я павінна была працаваць бухгалтарам па будаўніцтве, але тагачасны галоўны эканаміст вырашыла сысці на пенсію, і мяне запрасілі на яе месца. Вось так з мая 2013 года я працую на гэтай пасадзе.

 

— Кім Вы марылі стаць у дзяцінстве?

— Я заўжды хацела стаць правадніцай. Мяне захапляла рамантыка дарогі, падабаліся гарады, краіны, вандроўкі. Таму пасля дзявятага класа я вырашыла паступаць. Але трэба было ехаць вучыцца ў Брэст, а мама вырашыла, што гэта вельмі далёка. Яна прынесла мне даведнік: “Выбірай, што бліжэй”. Бліжэй быў Навагрудак. Але я не шкадую, што лёс склаўся менавіта так. У каледжы ў нас была самая моцная група. Нас любілі выкладчыкі, мы былі вельмі моцныя ў вучобе. І цяпер, нягледзячы на тое, што скончылі каледж у 2010 годзе, збіраемся групай. Тыя, хто вучыўся на нашым патоку ў другіх групах, кажуць, што нам па-добраму зайздросцяць, просяць, каб мы іх з сабой узялі. Зразумела, што нас раскідала каго куды, але мы стараемся бачыцца. У групе ў нас быў 31 чалавек, калі збіраліся апошні раз, то прыехала 18. Гэта добра.

 

— Якія задачы стаяць перад эканамістам?

— Спрагназаваць жыццядзейнасць гаспадаркі. Так, я эканаміст па зарплаце, у мяне няма такіх планаў, але галоўны эканаміст Наталля Аляксандраўна мялешка мяне вучыць. Каб я, калі яна пойдзе ў водпуск ці паедзе ў камандзіроўку, змагла яе замяніць. Я назіраю за ёй і кожны раз здзіўляюся: прагнозы робяцца ў студзені, а ў канцы года лічбы сходзяцца. Неабходна сачыць за ростам цэн, змяненнем кан’юнктуры рынку. Пачынаеш тэлефанаваць, кансультавацца. Напрыклад, у мінулым годзе мы запусцілі ўстаноўку па перапрацоўцы рапсу. У раёне мы і СВК “Жухавічы” былі першымі, у каго былі такія ўстаноўкі, зразумела, што ў Карэлічах ніхто з такім не працаваў яшчэ, таму мы тэлефанавалі па ўсёй Беларусі.

 

— Эканаміст — не сумная прафесія?

— Я б сказала, што гэтая прафесія непрадказальная. Так, мы працуем з лічбамі, справаздачы робім па дадзеных нам лічбах, але астатняя праца — прагноз. Эканамісты — адкрытыя людзі. Яны раскажуць, навучаць. У 2013 годзе, калі я прыйшла працаваць, мяне вучыў увесь раён, калі Наталля Аляксандраўна пайшла ў водпуск, бо я не ведала ўсяго. Мяне вучылі, я рабіла запісы, якія захавала да сённяшняга дня, і калі галоўны эканаміст ідзе ў водпуск і я замяняю яе, то зазіраю ў іх.

— Атрымліваецца, што вучыцца трэба ўсё жыццё?

— Атрымліваецца так. Вучаць, дапамагаюць, падказваюць, што трэба. Інакш нельга. Вакол многае мяняецца, і мы таксама павінны змяняцца, адаптавацца.

 

— Чым займаецеся, акрамя працы?

— У нас прыватны дом. Я вельмі люблю праводзіць час з жывёлай, вырошчваць расліны. Муж падтрымлівае ўсе мае пачынанні, таму дома ў нас жывуць трусы, перапёлкі. Калісьці мне захацелася завесці цацарак. Ніхто, і я ў тым ліку, не ведаў, навошта яны мне патрэбны. Але выгадавалі. Два гады таму мы захацелі свой дом, каб быў большы ўчастак. У гаспадарцы купілі дом, атрымалі дазвол на яго рэканструкцыю, заняліся будоўляй, каб было сваё, бліжэй да прыроды (дом набылі не ў Райцы). На прысядзібным участку вырошчваем сваю гародніну, каб меней трэба было купляць. Да таго ж, я упэўнена ў тым, што ўласная гародніна больш чыстая, чым тая, якую можна купіць.

 

—  Як атрымліваецца знаходзіць сілы, каб усё гэта сумяшчаць?

— Сілы ёсць, калі цябе падтрымліваюць. Калі ёсць нехта з такім жа, як у цябе, энтузіязмам. Дома мяне падтрымлівае муж, на працы — галоўны эканаміст, мой непасрэдны начальнік. Яна мне як мама. Яна ведае, як я пачынала. Гэта і дае сілы і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Я вельмі хачу не проста пражыць жыццё. Хочацца штосьці пакінуць свайму дзіцяці, дапамагчы яму, як мне у свой час дапамагала матуля.

 

— Калі б я папрасіў Вас напісаць творчую характарыстыку на саму сябе, якія б свае якасці Вы паставілі на першае месца?

— Імкненне развівацца, даказаць самой сабе, што я магу зрабіць лепш, што магу дасягнуць большага. Мэтанакіраванасць і жаданне жыць лепш. Стараюся зрабіць усё сама, не прасіць дапамогі ў іншых, хаця гэта не сорамна, бо заўжды ёсць людзі, якія цябе падтрымаюць.

 

— Калі б у Вас была магчымасць напісаць ліст дзесяцігадовай самой сабе, што б Вы ім параілі?

— Верыць у свае сілы. У кожнага бываюць узлёты і падзенні, але нельга пасля няўдачы ставіць на сабе крыж, неабходна імкнуцца дасягаць сваёй мэты. Не баяцца зменаў у сваім жыцці. Не звяртаць увагі на меркаванні іншых аб табе.

 

— Вы з Брэсцкай вобласці, але ўжо столькі год працуеце ў Гродзенскай. Не цягне на малую радзіму?

— Жыць можна паўсюль, усё залежыць ад чалавека. Калі дзесьці пусціў карані, то табе ўсюды будзе добра. У мяне быў выбар, заставацца тут ці ехаць працаваць у ААТ “Крошын”. Там працаваў мой муж, і мне там прапанавалі работу, але Уладзімір Арсенцьевіч Галавач, кіраўнік СВК “Свіцязянка-2003”, прапанаваў застацца тут. Я і мужа сюды пераманіла, працуе цяпер тут, яму падабаецца. Сям’я павінна быць разам.

 

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара