Любовь к спиртному, сидение на маминой шее и годы тюрьмы за плечами. Как в Кореличском районе работает комиссия по трудоустройству

Пытанні, якія датычацца рэалізацыі норм Дэкрэта № 3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», па-ранейшаму актуальныя для насельніцтва. На тэрыторыі  Карэліцкага раёна працягвае сваю работу пастаянна дзеючая камісія па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.

Давялося прысутнічаць на пасяджэнні, якое праводзілася ў Мірскім сельскім Савеце пад кіраўніцтвам старшыні камісіі — старшыні Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Шкадава. Па этычных прычынах не называю прозвішчы наведвальнікаў і населеныя пункты.

«Трэба стукацца — і дзверы адчыняць»

Юнаку мінула за дваццаць. Спакойны і ціхі, голас прыглушаны. Здавалася б, у маладым узросце трэба быць больш увішным, але ён такі, які ёсць. Хвалюе іншае: два гады не працуе. Члены камісіі цікавяцца:

— Вы хочаце працаваць?

— Так.

— Куды звярталіся?

— У мясцовую гаспадарку, музей «Замкавы комплекс «Мір», агракамбінат «Колас»…

Хаця вынік пакуль не радуе. Як адзначылі ўдзельнікі пасяджэння, у агракамбінат «Колас» Стаўбцоўскага раёна  патрэбны рабочыя ў цэх   (падвоз работнікаў арганізаваны па маршруце), жывёлавод у ДП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская»…

«Калі ёсць жаданне працаваць, трэба стукацца  — і дзверы адчыняць. Старайцеся быць  напорыстым», — пажадаў старшыня камісіі Аляксандр Шкадаў юнаку. Заяўнік паабяцаў уладкавацца на працу.

Мама — апора і падтрымка

Другі наведвальнік здзівіў  яшчэ больш: пятнаццаць гадоў не працуе. «У чым жа справа?» — цікавяцца ў яго. Аказваецца, мужчына адбываў пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. На пытанне, за які кошт жыве, коратка прамовіў: «Жыву з мамай».

Як паказвае жыццё, маці любяць дзяцей у любым узросце і такімі, якія яны  ёсць. Яны заўсёды дапамогуць і падтрымаюць. Вось бы так клапаціліся і некаторыя дзеці, чым бы апраўдалі іх надзеі.

«Хачу аформіцца па догляду за маці, — даводзіў другі з  наведвальнікаў. — Ёй 88 гадоў, абслугоўвае сябе часткова…»  Заяўніку растлумачылі, якія дакументы трэба прадаставіць для гэтага. Члены камісіі параілі мужчыне ўладкавацца на працу. Тады будуць і заробак, і маці пад наглядам.

Зрабіць свой выбар

Сяброўства з «зялёным зміем» у кожнага сваё. Як  і жаданне разарваць з гэтай шкоднай звычкай. Ад чаго яно найбольш залежыць:  вялікага жадання, моцнага характару, жыццёвага выбару, але ў адных гэта атрымліваецца, другія падоўгу знаходзяцца ў пошуку правільнага жыццёвага шляху. Вось і пры наведванні Мірскага сельсавета прыйшлося сутыкнуцца з аналагічным прыкладам.

У сям’і жывуць два браты. Па вялікім рахунку, родныя душы, і стаўленне да жыцця павінна быць аднолькавае. Напачатку так і было: абодва любілі прыкласціся да чаркі. Вось толькі адзін вырашыў выправіцца — кінуў піць і ўладкаваўся на працу. А вось другому так і не ўдаецца пераняць гэты добры пачын ад брата. З 2019 года не працуе. Работу спрабуе шукаць, а воз, як гаворыцца, і цяпер там…

«Калі ёсць такая залежнасць, трэба з ёю змагацца. Нельга піць на рабочым месцы, трэба захоўваць тэхніку бяспекі», — адзначыў Аляксандр Шкадаў і пажадаў, каб аматары выпіць браліся за розум і выбіралі найперш работу.

Усялякая праца карысная

Два наведвальнікі пасяджэння не маюць асноўнага занятку, хоць з павагай адносяцца да працы. Трымаюць асабістую падсобную гаспадарку: свіней, курэй, качак, трусоў, даглядаюць сад. Ім раяць  прадаставіць дакументы ў камісію, якія пацвярджаюць наяўнасць асабістай гаспадаркі, і яны будуць прызнаны занятымі ў эканоміцы на працягу года.

У Мірскі сельскі Савет завітаў 67-гадовы пенсіянер.»Хачу ўладкавацца на працу вартаўніком», — выказаў сваё пажаданне заяўнік. Мужчына апавядаў пра тое, што разам з ім жыве ўнучка і хацелася б матэрыяльна яе падтрымаць. Жаданне ветэрана працы зразумелае, але адказ даць адразу не ўдалося, бо заяўнік жыве ў аддаленай вёсцы, і прадаставіць  працу няпроста. Члены камісіі параілі яму звярнуцца ў Мірскую СШ, дзе патрэбны рабочы.

«Ці ёсць работа на даму для брата-інваліда?»— пацікавіўся адзін з наведвальнікаў. Члены камісіі параілі звярнуцца ў прыватнае прадпрыемства «Мілацвет», у якім  займаюцца вырабам вянкоў і карзін.

Старшыня камісіі Аляксандр Шкадаў падчас правядзення пасяджэння камісіі ў Мірскім сельскім Савеце адзначыў, што  члены камісіі імкнуцца дапамагаць тым, хто хоча працаваць.

КАМПЕТЭНТНА

Наталля ГОЦКА,

намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама — начальнік аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва:

— З пачатку 2022 года праведзена 46 пасяджэнняў пастаянна дзеючай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, куды звярнулася  больш за 130 чалавек.

У спісы незанятых у эканоміцы жыхароў Карэліцкага раёна, якія ў 4 квартале 2022 года аплачваюць паслугі па эканамічна абгрунтаваных тарыфах, уключаны: 33 чалавекі — за гарачае водазабеспячэнне, 45 — за цеплазабеспячэнне,  35 — за газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў.

Пры наяўнасці ў грамадзян пытанняў па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 г. № 3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» (тлумачэнні, прадастаўленне дакументаў, якія пацвярджаюць занятасць, цяжкая жыццёвая сітуацыя і інш.) неабходна звярнуцца ў пастаянна дзеючую камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва па месцы рэгістрацыі па адрасе: г.п. Карэлічы, пл. 17 Верасня, 9, цокальны паверх, каб. 2, тэлефон для даведак 8(01596)2-08-32, электронны адрас: korelichi.r-s@mintrud.by.

Для атрымання садзейнічання ў працаўладкаванні, навучанні па запатрабаваных на рынку працы прафесіях запрашаем вас у аддзел дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама (пл. 17 Верасня, 9, 231430, г.п. Карэлічы, Гродзенская вобласць (тэл.: 2-08-32,  2-07-15, 2-01-81, рэжым работы — панядзелак-пятніца з 8.00 да 17.00, абедзенны перапынак — з 13.00 да 14.00).

Галіна СМАЛЯНКА