Камбайнеры Андрэй Штэйн і Руслан Крапіўніцкі з КСУП “Лукі-Агра” складаюць  адзін з перадавых экіпажаў не толькі раёна, але і вобласці

Старшы камбайнер Андрэй Штэйн і камбайнер Руслан Крапіўніцкі з КСУП “Лукі-Агра” складаюць  адзін з перадавых экіпажаў не толькі гаспадаркі, але і вобласці. Неаднаразова  прымалі віншаванні як першыя тысячнікі. У гэтым сезоне   агульны   намалот зерневых, зернебабовых, рапсу і кукурузы склаў 4882 тоны. У тандэме  мужчыны працавалі амаль два сезоны.  Шчыруе экіпаж  на  камбайне “Лексіён-580”.

– Машына ў нас добрая, але намалот залежыць, у тым ліку, ад такіх фактараў, як ураджайнасць культуры, тэхнічны стан камбайна і нават ад настрою, з якім раніцай садзішся за штурвал. Таму працоўны дзень абавязкова пачынаем з усмешкі, – распавядаюць аграрыі.

Яны не дзеляцца на старэйшага камбайнера і памочніка. Гэта згуртаваная каманда. Разам жалі,  рамантавалі тэхніку, калі была неабходнасць, разам прымалі віншаванні з рэкорднымі намалотамі.

Бацька Андрэя Штэйна быў трактарыстам,   а  ён са старэйшым братам Уладзімірам  прадоўжылі яго справу. Прыйшоў працаваць  у калгас адразу пасля арміі ў 1997 годзе і  вось ужо 25 гадоў  за штурвалам стэпавага карабля. У час  летняй уборачнай кампаніі ён на камбайне, а ў міжсезонне   даводзіцца выконваць розную работу.

– Калі ёсць жаданне працаваць, калі стараешся і хочаш зарабіць, вынік будзе, – перакананы  Андрэй Мікалаевіч.

А  напружаны рытм жыцця, асабліва ў час уборкі,   не лічыць цяжкім або асаблівым. Чалавек адказны і старанны, ён упэўнены, што любы поспех дасягаецца імкненнем і працавітасцю. А каб зямля аддзячыла высокімі ўраджаямі, трэба прыкласці шмат намаганняў.

Такая высокая адданасць сваёй справе не застаецца незаўважанай. Андрэй Штэйн адзін з трынаццаці прадстаўнікоў Гродзеншчыны ўдастоены дзяржаўнай узнагароды за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё АПК, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў. Напярэдадні прафесійнага свята ён атрымаў ордэн Пашаны.

Для Руслана Крапіўніцкага намалот сёлетняга года першы ў паслужным спісе. Да працы на прадпрыемстве прыступіў у 2020 годзе. Асноўная работа – слесар. У перыяд уборачнай працаваў на камбайне.  Першы год быў вадзіцелем на пажарнай машыне. У мінулым годзе –  памочнікам камбайнера  толькі тады, калі ўбіралі кукурузу, а ўжо сёлета на працягу ўсёй уборкі поплеч з Андрэем Мікалаевічам.

–  Сам я родам  з вёскі Асташын, што знаходзіцца на тэрыторыі КСУП “Лукі-Агра”.  Для мяне  справа гонару працаваць там, дзе нарадзіўся і жыву. Я упэўнены, што калі ёсць сумленная праца, вопытны настаўнік,  тады і поспех прыйдзе,  – сцвярджае аграрый.

Кацярына КУКАНАВА                                          

Фота аўтара