Загадчык участковай ветэрынарнай лячэбніцы Алена Марушка ведае сакрэты прафесіяналізму

Ёсць людзі як сонечныя промні, каля іх можна сагрэцца нават у самае сцюдзёнае надвор’е. Святла іх душы хапае на ўсіх, кожнаму імкнуцца падарыць часцінку цяпла. Каля іх адчуваеш сябе камфортна, яны быццам тыя анёлы, якія аберагаюць цябе і ўсяляюць веру ў лепшае.

Алена Яўгеньеўна Марушка з г.п. Карэлічы — загадчык участковай ветэрынарнай лячэбніцы. Яна моцна любіць сваю справу і прафесійна выконвае свае абавязкі. Мы вырашылі пагутарыць з нашай сучасніцай, каб даведацца, як ёй гэта ўдаецца і якімі думкамі жыве ў наш няпросты час.

— Алена Яўгеньеўна, што Вам хочацца сказаць напачатку нашай гутаркі? Што ляжыць на сэрцы і каму накіраваны першыя словы?

— У першую чаргу, хочацца выказаць вялікую падзяку ўсяму нашаму калектыву, кіраўніцтву за высокую адзнаку маёй працы. І гэты поспех — поспех усіх і кожнага асобна. Зладжанасць, узаемапаразуменне, стараннасць, адданасць сваёй справе, прафесіяналізм, разумнае кіраўніцтва — асноўныя цаглінкі агульнага поспеху. Усё гэта ў нас ёсць, і я ўдзячна лёсу за тое, што працую менавіта ў гэтым калектыве.

— Кожны выбірае сабе справу па душы. Чаму Вы аддалі перавагу менавіта ветэрынарыі?

— Усё пачыналася ў дзяцінстве, і жыццё само вызначыла маё прызванне. Наша пакаленне бацькі выхоўвалі на законах любові да бліжняга, разумення чужога болю, адчаю, неабходнасці прыходзіць на дапамогу ў любую хвіліначку ўсякай жывой істоце. Менавіта таму мой старэйшы брат Яўген пайшоў у медыцыну, я — у ветэрынарыю.

— Скажыце, у Вас быў у жыцці настаўнік, якому бязмежна ўдзячны?

— Дапамагаў аб’ядноўваць мне на працы тэорыю і практыку яшчэ ў калгасе імя Леніна Навагрудскага раёна мой першы кіраўнік Пахолак Віктар Аляксандравіч, якога заўжды ўспамінаю добрымі словамі. Было гэта ў далёкія 1990-2000 гады, але яны засталіся ў памяці назаўсёды, бо менавіта тады адбылося маё станаўленне як асобы.

— На Вашу думку, у чым сакрэты прафесіяналізму?

— Я лічу, што нам на справе неабходна быць і псіхолагам, і выдатным спецыялістам, і сябрам. Мы ж узаемадзейнічаем і з гаспадаром, і з пітомцам — жывёлінай. Не наладзіўшы кантакт з гаспадаром, цяжэй дасягнуць поспеху ў лячэнні хворай жывёлы.

— За гады працы ў Вас склаліся свае высновы аб акружаючым свеце. Калі ласка, падзяліцеся тым, што блізка Вашай душы.

— З маёй практыкі я раблю выснову, што горш за ўсё прыходзіцца людзям старэйшага пакалення. У наш час хуткасцей, інтэрнэту дзеці далёка ад бацькоў, а ўнукі і праўнукі яшчэ далей. Вось і саграваюць кошачкі ды сабачкі сэрцы старых. І тут таксама неабходна ўмець выслухаць, дапамагчы і ўсяліць надзею на лепшае. Гаспадары могуць часамі апавядаць пра сваіх пітомцаў, але ўсё ж пачынаюць раз-пораз аповед і пра сваіх дзяцей і ўнукаў. І вельмі было б добра, каб апошнія як мага часцей званілі і наведваліся ў родную хату.

— Што асабліва хвалюе і трывожыць сэрца?

— Асаблівую тугу выклікаюць бяздомныя сабакі і каты. Паўтаруся: бяздомныя і бездапаможныя. А як ім канкрэтна дапамагчы — гэта вялікі пытальны знак…

— У Вас ёсць пажаданні чытачам раённай газеты «Полымя»?

— Што нас падтрымлівае і ў працы, і ў жыцці, дык гэта аптымізм і вера ў лепшае. А калі табе вельмі цяжка, падумай аб тым, каму яшчэ цяжэй. І знайдзі магчымасць хоць крыху дапамагчы, аблегчыць гэты цяжар.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ