На мемарыяльным комплексе «Зорка» ў райцэнтры адбыўся  мітынг “Дзень, які змяніў гісторыю”, прысвечаны  Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі

На мемарыяльным комплексе «Зорка» ў райцэнтры адбыўся  мітынг “Дзень, які змяніў гісторыю”, прысвечаны  Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі 1917 года.  На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх аб’яднанняў, работнікі ўстаноў і арганізацый раёна.

Адкрыў урачыстасць намеснік старшыні Карэліцкага  райвыканкама  старшыня РА РГА “Белая Русь”  Яўген Чычкан. У сваёй прамове ён адзначыў, што 7 лістапада будзе адзначацца  Дзень Вялікай  Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, якая паклала пачатак сацыяльнай справядлівасці, роўнасці і павагі да чалавека працы, без войнаў і гвалту, эксплуатацыі і прыгнёту. Для нас Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі быў і застаецца дарагой сэрцу ўрачыстасцю, сімвалам імкнення мільёнаў людзей да ўвасаблення мары аб новым свеце, заснаваным на прынцыпах павагі чалавека працы, роўнасці і справядлівасці.

– 105 гадоў таму працоўныя Расійскай імперыі на ўвесь свет заявілі аб сваім праве жыць і працаваць па сваім разуменні – без цароў і гаспадароў. У ноч з 7 на 8 лістапада 1917 года ў Петраградзе адбылося паўстанне. У гэты дзень  улада выпала з рук кіруючых класаў старой Расіі. Вялікі Кастрычнік абудзіў задушаныя векавой адсталасцю і саслоўнымі рамкамі магутныя стваральныя сілы народных мас.  Гэта быў унікальны ўзлёт працоўнага народа, які вырваўся на абшары вольнай творчасці і навуковага пошуку, які стварыў брацкую сям’ю савецкай цывілізацыі. Пад уздзеяннем ідэй Кастрычніцкай рэвалюцыі шырылася барацьба за мір, мацнела інтэрнацыянальная салідарнасць.

Перамога кастрычніка выклікала ў мільёнаў людзей небывалы энтузіязм, патрыятызм і гарачае імкненне будаваць справядлівую, вольную і квітнеючую  дзяржаву.  Краіна Саветаў даказала жыццёвую сілу і перавагі сацыялістычнай сістэмы. Арганізуючы народныя масы, камуністы зрабілі ўсё неабходнае для аднаўлення ў найкарацейшыя тэрміны разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Новая дзяржава заваявала прызнанне і аўтарытэт у народаў свету, стала адным з заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, увайшла ў дзясятку найбольш развітых краін свету, забяспечыўшы раўнапраўе і гарманічнае развіццё прадстаўнікоў больш чым ста нацый і народнасцяў, якія пражывалі на яе тэрыторыі.

У адным страі, разам з брацкімі народамі краіны Саветаў будавалі новае жыццё і працоўныя Савецкай Беларусі. У брацкім Саюзе ўпершыню за шматвекавую гісторыю наша краіна здабыла нацыянальную дзяржаўнасць, аб’яднала гістарычныя беларускія землі. На працягу ўсёй савецкай эпохі 7 лістапада быў “чырвоным днём календара”, гэта значыць дзяржаўным святам, які адзначалі не толькі асаблівым колерам, але і абавязковымі дэманстрацыямі і парадамі працоўных, якія праходзілі ў кожным горадзе краіны.

Гісторыя гэтага свята скончылася з распадам Савецкага Саюза.  Але наш народ ніколі не забудзе аб тым, што Вялікі Кастрычнік даў яму права на самавызначэнне і здабыццё дзяржаўнасці, стаўшы тым фундаментам, на якім мы пабудавалі суверэнную Рэспубліку Беларусь. Захоўваючы гэты дзень сярод іншых памятных дат, мы тым самым аддаём даніну павагі мільёнам людзей, для якіх многія гады гэта было адным з  галоўных дзяржаўных свят.

З  Кастрычніцкай рэвалюцыяй звязаны шматлікія перамогі, здзяйсненні і дасягненні нашага народа, якія і цяпер працягваюць заставацца прадметам асаблівага гонару.

Слова трымала сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Марыя Беленава.

–  Вялікі Кастрычнік для мяне быў і застанецца галоўнай падзеяй дваццатага стагоддзя. Ён стаў эпахальным у гісторыі ўсяго чалавецтва. Ён паказаў шлях да сацыялізму, нацыянальнай і сацыяльнай роўнасці, раскрыў стваральныя сілы працоўнага класа, сялянства і працоўнай інтэлігенцыі. Дзякуючы заваёвам Вялікага Кастрычніка беларускі народ упершыню за шматвекавую гісторыю здабыў нацыянальную дзяржаўнасць. Шмат давялося перажыць нашаму народу, але дзякуючы вялікаму патрыятызму і самаахвярнасці  ўсё было пераадолена.  Наперадзе заўсёды былі тыя, каго называлі камуністамі. Гэтае свята –  даніна павагі тым, хто адстойваў прынцыпы сацыяльнай справядлівасці і народаўладдзя, хто каваў вялікую перамогу,  хто ўздымаў краіну з руін і папялішчаў у пасляваенны перыяд, пакараў Космас, будаваў унікальныя вытворчыя комплексы, забяспечваў дабрабыт працоўнага народа.

Па традыцыі Марыя Уладзіміраўна ўручыла партыйныя білеты  камуністам, якія ўступілі ў партыю.  Гэта першы намеснік старшыні райвыканкама Яўген  Бусько, дырэктар УК “Карэліцкі  раённы краязнаўчы музей” Ларыса Кузьміч, захавальнік фондаў УК “Карэліцкі  раённы краязнаўчы музей” Крысціна Захарчук, старшы навуковы супрацоўнік УК “Карэліцкі  раённы краязнаўчы музей” Аляксей Караян і загадчык Аюцавіцкага сельскага клуба Вераніка Лабанава.

Ад Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь выступіў намеснік галоўнага рэдактара ўстановы “Рэдакцыя газеты “Полымя” Сяргей Столяр:

— 2022 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці. Сёння вельмі важна захаваць гістарычнае мінулае, а свята 7 лістапада — яркае падцверджанне таму.  Беларусы не толькі памятаюць і захоўваюць сваю гісторыю, але і імкнуцца расказаць пра яе падрастаючаму пакаленню. У гістарычным летапісе нашай краіны сотні  легендарных імёнаў.  Наша задача  — дапаўняць гэты спіс сваімі імёнамі, праслаўляць нашу краіну ў свеце. У нашых сілах выправіць былыя памылкі і перасягнуць былыя дасягненні. У нашых сілах ўвасобіць яшчэ больш смелыя мары. У нашых сілах зрабіць нашу будучыню светлай.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і кветкі да мемарыяльнага комплексу “Зорка”.

Кацярына КУКАНАВА

Фота Іны ЛЕЙКІ