Журналист «Полымя» принял участие в рейде смотровой комиссии райисполкома

У склад назіральнай камісіі райвыканкама ўваходзяць прадстаўнікі камунгаса, раёна электрычных сетак, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, газавай і сацыяльных служб. Члены камісіі наведалі пажылых грамадзян райцэнтра, якія жывуць на вуліцах Зорнай, Падлеснай, Маладзёжнай.

Вуліцы сустракалі дагледжанымі пабудовамі і падворкамі, якія мелі добры,  прывабны выгляд, а вочы радавалі асеннія прыгажуні — хрызантэмы. Карэліччане ахвотна ўступалі ў размову, адказвалі на пытанні членаў камісіі, скаргаў на работу раённых служб не было.

На пытанне «Як падрыхтаваліся да зімы?» гучалі станоўчыя адказы. Многія гаспадары дамоў карыстаюцца газавым ацяпленнем, некаторыя набываюць паліва. «Учора прывезлі брыкет, узялі норму, на зіму хопіць», — даводзілі адны з карэліччан.

«Аўтаномны пажарны апавяшчальнік у доме ўстанавілі?» — цікавіўся ў кожнага з наведвальнікаў прадстаўнік пажарнай службы. Пераважная большасць з адказнасцю адносіцца да гэтага пытання. Адзін з пенсіянераў  спрабаваў на гэты конт нават пажартаваць: «АПА няма, бо няма курыльшчыкаў». Бясспрэчна, яго ўстаноўка неабходна: аўтаномны пажарны апавяшчальнік засцерагае ад бяды не толькі аматараў цыгарэт, бо вогненае здарэнне можа адбыцца і па другой прычыне.

Адзінота ў старасці — незайздросная рэч. Прыемна сустракацца і гутарыць з людзьмі, якія на пенсіі жывуць удваіх: ёсць аб кім паклапаціцца і ўдваіх раздзяліць старасць. Некаторых карэліччан наведваюць і дапамагаюць дзеці. Член камісіі, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ЦСАН Карэліцкага раёна Вольга Жук запрашала пенсіянераў наведваць гурткі Цэнтра, дзе яны змогуць з карысцю праводзіць вольны час.

Падчас правядзення работы назіральнай камісіі было зададзена пытанне: «Калі будуць мяняцца лічыльнікі электраэнергіі?». Інжынер аддзела збыту Карэліцкага раёна электрычных сетак Максім Пыпараў адказаў заяўніцы, што ў 2023 годзе будуць устанаўлівацца прыборы ўліку на апорах лініі электраперадач.

Сваімі меркаваннямі падзялілася і член назіральнай камісіі, аператар ЭВМ Карэліцкага РГСВУ «Лідагаз» Марына Лазарэвіч: «На дадзены момант праводзіцца сезоннае тэхнічнае абслугоўванне газавыкарыстоўваемага абсталявання. Людзі гатовыя да зімы, ва ўсіх домаўладаннях маюцца акты праверкі дымавых і вентыляцыйных каналаў. Спажыўцы ўдзячны за праведзенае тэхнічнае абслугоўванне».

Аб рабоце назіральнай камісіі ў райцэнтры свой пункт погляду выказаў яе старшыня, інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела Карэліцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Зайко. Аляксандр Андрэевіч адзначыў, што ў цэнтры ўвагі падчас правядзення абследаванняў знаходзіцца пячное ацяпленне і   электраправодка. За дзень у прыватным сектары абследуюць да 20 домаўладанняў грамадзян, у шматпавярховіках — удвая больш. Такія абследаванні патрэбны, каб нагадаць людзям пенсійнага ўзросту аб захаванні правілаў бяспекі жыцця. У склад назіральнай камісіі райвыканкама ўваходзяць прадстаўнікі розных служб, якія пры сустрэчах могуць адказаць на хвалюючыя пытанні, а некаторыя з іх узяць на ўлік для далейшага вырашэння.

Галіна СМАЛЯНКА